Гістарычныя навіны

Клецкая пракуратура распарадзілася праверыць абставіны разбурэння старажытнага свірна ў Янавічах

24.11.2008

Клецкая раённая пракуратура распарадзілася праверыць абставіны разбурэння свірна ў вёсцы Янавічы Клецкага раёна. З заявамі ў Клецкую раённую і Мінскую абласную пракуратуру звярнуўся старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён лічыць неабходным распачаць крымінальную справу па факце разбурэння свірна ў вёсцы Янавічы. Свіран быў помнікам архітэктуры пач. XIX ст. Астаповіч патрабуе прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Паводле інфармацыі А.Астаповіча, у пачатку 2008 г. па ініцыятыве кіраўніцтва СПК "Туча" ў вёсцы Янавічы разбурылі драўляны зрубавы двух'ярусны свіран, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ён быў пакрыты драніцай, на галоўным фасадзе меў слупавую галерэю на двух ярусах і па сваёй канструкцыі набліжаўся да традыцыйных беларускіх лямусаў. Разбурэнне свірна, паводле слоў А.Астаповіча, падпадае пад артыкул 344 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае разбурэнне, знішчэнне або пашкоджанне помнікаў гісторыі і культуры).

У лісце ў адказ Клецкая раённая пракуратура паведамляе, што заява Астаповіча накіравана ў Клецкі РАУС для правядзення праверкі ў адпаведнасці з артыкулам 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Як паведаміў А.Астаповіч, на 7 снежня запланавана яго сустрэча з мясцовымі краязнаўцамі і чыноўнікамі Клецка. На ёй старшыня таварыства мае намер абмеркаваць факты парушэння ў Клецкім раёне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.