Гістарычныя навіны

«Калекцыйнай спадчыны Вялікага Княства» сёння будзе прэзентавана ў Мінску

25.11.2008

Спадчына Вялікага Княства ЛітоўскагаКалекцыйная спадчына Вялікага Княства” – менавіта такую назву носіць энцыклапедычнае выданне, што будзе прэзентавана сёння ў сталічнай галерэі “Падземка”.

Багата ілюстраваная, больш чым на 150 старонках глянцавай паперы кніга нарадзілася з ініцыятывы супольнасці карыстальнікаў беларускага нумізматычнага парталу "Ізрой".

Па словах укладальнікаў, мэта выдання - паказаць сучаснікам спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Напярэдадні прэзентацыі мы папрасілі аднаго з аўтараў кнігі, Дзмітрыя Гулецкага, падзяліцца сакрэтамі адносна яе зместу.

“Асноўная тэматыка выдання гэта гравюры, мапы, манеты і пячаткі. Найбольш падрабязны раздзел гэта артыкулы пра мапы і гравюры – тут змяшчаюцца сучасныя даследванні адносна гісторыі картаграфавання на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, а таксама шматлікія фотаздымкі мапаў і гравюраў, што да гэтага часу фактычна нідзе у каляровым выглядзе нават не друкаваліся”

Другі раздзел кнігі прысвечаны манетам, што абарачаліся на землях Беларусі ад часоў валадарання вялікага князя Ягайлы да апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Тут змешчаны таксама пашыраны каталёг з прыблізнымі коштамі на беларускім рынку.

Трэці раздзел кнігі прадстаўляе прыватныя пячаткі ВКЛ. Выданне прапануе шматлікія фота пячатак літоўскай шляхты, заможных месцічаў і габрэйскіх гандляроў, што да гэтага часу захоўваюцца ў прыватных калекцыях і публікуюцца ў Беларусі ўпершыню.

Гэта датычыць таксама і некаторых ілюстрацыяў у “Калекцыйнай спадчыне Вялікага Княства”, распавядае Дзмітрый Гулецкі:

“Калі мы збіралі матэрыял для кнігі, то сутыкнуліся з праблемай адсутнасці даступных якасных ілюстрацый. І тут нам дапамог адзін з вядомых польскіх калекцыянераў Томаш Неводнічанскі, што у сваё калекцыі мае творы, адсутныя нават у самых багатых сусветных музеях, і ён ласкава падзяліўся з намі копіямі рэдкіх гэтых ілюстрацый”

Прэзентацыя "Калекцыйнай спадчыны Вялікага Княства", што надрукавана ў сталічным выдавецтве “Логвінаў” распачнецца сёння а 19 гадзіне, у часе якой можна будзе не толькі паразмаўляць з аўтарамі, але і набыць асобнік выдання ва уласную калекцыю.

Барыс Гарэцкі
Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.