Гістарычныя навіны

У Слуцкім паўстанні за Беларусь змагаліся да 15 тысяч чалавек

27.11.2008

27 лістапада адзначаецца Дзень Герояў альбо пачатак Слуцкага збройнага чыну. У 1920 годзе на Случчыне пачаліся баявыя дзеянні супраць Чырвонай Арміі сфармаванай пераважна з мясцовых жыхароў брыгады войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Тысячы добраахвотнікаў адгукнуліся на заклік Рады Случчыны абараніць сваю зямлю і сваю ўладу ад чужынцаў.

Вось што кажа пра палітычную скіраванасць слуцкіх падзеяў гісторык Ніна Стужынская:

"Гэта прыклад той палітычнай акцыі, якая была добра падрыхтаваная, якая мела выразныя палітычныя мэты, а менавіта - незалежнасць, дзяржаўнасць Беларусі".

Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада і працягваліся да канца снежня. Пад ціскам пераважаючых сілаў Чырвонай Арміі слуцкія палкі адышлі на захад і былі інтэрнаваныя польскімі войскамі. У 1921 годзе Беларусь будзе падзеленая паміж Польшчай і савецкай Расіяй.

Паводле словаў Стужынскай, агулам у Слуцкім збройным чыне ўдзельнічалі каля 15 тысяч чалавек, 4 тысячы з іх былі прафесійнымі вайскоўцамі. Гэтыя лічбы гісторык знайшла ў пратаколах допытаў арганізатараў паўстання, якія пасля патрапілі ў савецкія турмы.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.