Гістарычныя навіны

Аляксандр Крываручка распавядае пра грашовыя стасункі ў ВКЛ

28.11.2008

Ці была інфляцыя ў ВКЛ? Ці існавалі сярэднявечныя абменьнікі?

На гэтыя пытаньні адказвае Аляксандр Крываручка, адзін з аўтараў кнігі "Калекцыйная спадчына Вялікага Княства".

"НН": Ці былі ў ВКЛ абменьнікі?

АК: У Эўропе сярэдніх вякоў ня было такога, што, калі падарожнік едзе ў іншую краіну, дык яму трэба запасьціся валютай. Усе эўрапейскія манэты, і ў тым ліку вэкээлаўскія, былі срэбраныя са стандартнай вагай, і таму з нашым паўгрошам можна было разьлічвацца, скажам, у Італіі. Хаця ў вялікіх гарадах Вялікага Княства ільга было без праблемаў памяняць грошы іншай краіны. Гэты справа была аддадзеная на водкуп габрэям, і яны мянялі грошы, беручы сабе 4-5 працэнтаў.

Мала таго, нашыя манэты былі папулярныя ў Эўропе. Гэта адбывалася па некалькіх прычынах: чыста эстэтычна манэты ВКЛ былі прыгожыя, а па-другое - мелі высокую пробу срэбра. Пра папулярнасьць нашых грошай сьведчыць, што ў той жа Эўропе іх падрабляліся вельмі актыўна. А чатырохграшовік Жыгімонта Аўгуста нават меў у Нямеччыне сваю мянушку, якую зь нямецкай можна перакласьці, як "барадач".

чатырохграшовік Жыгімонта Аўгуста
Срэбраная паўкопка з выявай Жыгімонта Аўгуста (1565 г.)

"НН": Ці была ў ВКЛ інфляцыя?

АК: Так. Сярэдзіна XVII стагодзьдзя, час вайны з Расеяй, быў парой самай жахлівай інфляцыі за ўсю гісторыю ВКЛ. Эталён - талер, стаў каштаваць не 600 солідаў, а 1500. Зьяўляюцца манэты наміналам 30 грошай, якія адпавядалі колішнім 12 грошам. "Цану мэталю не параўнаеш з Дабром для Айчыны", - было напісана на іх. Гэтак тагачасныя ўлады намагаліся падсаладзіць суайчыньнікам горыч інфляцыі. Інфляцыя прывяла да паніжэньня якасьці саміх манэтаў.

Тады грошы пачалі чаканіць і жук і жаба, ледзьве не ў кожнай вёсцы... Здаецца, іх рабіў кожны, хто мог расплавіць медзь і меў агульныя ўяўленьне пра зьнешнасьць кароля і выгляд "Пагоні".

Але ж чаканілі таксама тыя, хто ня вельмі каб тое ўяўляў: на тагачасных манэтах такія маляўнічыя партрэты Яна Казіміра і такія вершнікі мудрагелістыя, што дагэтуль гісторыкі за галаву хапаюцца. На мове археолягаў манэты сярэдзіны XVII стагодзьдзя называюць "царыцай палёў", бо няма такога поля ў сучаснай Беларусі, дзе б не знайшлося некалькі асобнікаў.

"НН": Як вядома, на беларускіх сярэднявечных манэтах часьцяком зьвесткі пра год выданьня пададзеныя няслушна, або не пададзеныя ўвогуле. Як жа нумізматы высьвятляюць дакладны год выпуску манэты?

АК: Па форме "Пагоні" напрыклад, паводле паставы вершніка. Ці па форме кароны ў арла, па колькасьці пер’яў. Розныя спосабы. Нумізматы залазяць у такія гушчары, што аж жах! Але часам даходзіць да сьмешнага.

Аднойчы абгледеўшы адну з манэт XVI стагодзьдзя, я прыйшоў да жартаўлівай высновы, што вершнік не на кані, а на кабыле.

І зноў жа жартам паведаміў пра тое "адкрыцьцё" нумізматычнай грамадзе. Тлумачыў я гэта проста - у тыя часы ў ВКЛ сапраўды былі розныя лобі: адны хацелі, каб у войску былі кабылы, а іншыя - каб коні, і гэтае супрацьстаяньне, так тлумачыў я, адбілася на тагачасных манэтах. Я хацеў адно пажартаваць, зусім не жадаючы, каб аматары старасьвеччыны з лупамі палезьлі і пачалі старанна аглядаць абрыс "Пагоні"... Але гэта ўсё ж адбылося! Я пачаў атрымліваць шматлікія тэлефанаваньні кшталту: "Так, Аляксандар вы маеце рацыю! Вось і на манэтах 1652 годы мы паглядзелі - таксама кабыла, а не конь".

"НН": Колькі старажытных манэтаў трапляе на цяперашні рынак ад чорных капальнікаў?

АК: Пэўна, адсоткаў 100. Рэч у тым, што калі шукае дзяржава, археалягічныя экспэдыцыі і г.д., зразумелая рэч - знаходкі ў продаж не паступаюць. Дапусьціць, што ў нейкай бабулі дагэтуль захоўваюцца скарб сярэднявечных манэт таксама не выпадае.

Усе хатнія скарбы збольшага знойдзеныя. Таму бальшыня новых-старых манэтаў, што трапляюць на рынак - гэта плён працы чорных капальнікаў.

"НН": Дык такім чынам усіх нумізматаў можна прыраўнаць да скупшчыкаў скрадзенага?

АК: У нашай краіне гэтае пытаньне юрыдычна неадрэгуляванае. Хаця існуе клюб нумізматаў, сябрам якога дазваляецца на год некалькі продажаў дублікатаў са свайго збору. І ці зьяўляецца гэта дублікат часта таксама невядома. Але як вядома, сам у няволі, калі даў душы волі. Зьбіраць хочацца і таму калекцыянэры часта не пытаюцца ў прадаўцоў, ці гэтая манэта атрыманая законным шляхам ці праз чорнага капальніка. Ды й як на мяне, нічога страшнага ў гэтых зьбіраньнях няма – даволі бяскрыўдная такая ўлюбёнка.

Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.