Гістарычныя навіны

Экспазіцыя, прысвечаная Вялікаму княству Літоўскаму, зьявіцца ў Маладзечне

03.12.2008

Новая гістарычная экспазіцыя будзе створаная ў 2009 годзе ў абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне. Яна распавядзе пра гістарычныя падзеі на Міншчыне часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама ў складзе Расійскай імперыі.

Самымі буйнымі калекцыямі новай экспазіцыі стануць нумізматычная і археалагічная. У археалагічнай калекцыі - больш за 12 тыс. знаходак. Самыя ўнікальныя прадметы - срэбная шыйная грыўна балцкага тыпу IX-X стагоддзяў і залатое скроневае колца дрыгавічоў XII-XIII стагоддзяў. Тут будуць паказаныя таксама вырабы са шкла, скуры, косці ХІ-ХІІ стагоддзяў, кафлі XVI-XVII стагоддзяў.

У нумізматычнай калекцыі сабрана больш за 11,5 тыс. манет. Сярод іх 14 скарбаў. Самы буйны з іх быў знойдзены ў вёсцы Мароські Маладзечанскага раёна ў 1971 годзе: ён складаецца з 5 тыс. 683 манет.

Наведвальнікі музея таксама змогуць убачыць залататканы слуцкі пояс XVIII стагоддзя, які паступіў у фонды ў 1968 годзе з Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы, старадрукаваныя кнігі друкарняў Кёльна, Нясвіжа, Вільні, Варшавы, Сандаміра, Унева, Масквы, рукапісныя дакументы XVII стагоддзя на старабеларускай мове, напісаныя лацінкай, а таксама мноства іншых экспанатаў.

"ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.