Гістарычныя навіны

Музей нацыянальных культур хутка адкрыецца ў Іўі

03.12.2008

Ініцыятыва ўзвядзення музея, у якім мог бы быць сабраны матэрыял аб кожнай нацыянальнасці Іўеўшчыны, узнікла даўно.

“Гадоў пяць таму, - гаворыць начальнік аддзела культуры Іўеўскага райвыканкама Георгій Гагарын. - Гэту прапанову мясцовая ўлада падтрымала. І рэалізаваць задуманае ўдаецца дзякуючы дзяржаўнай праграме “Захаванне і развіццё культуры ў Рэспубліцы Беларусь” на 2006-2010 гады”.

Музей нацыянальных культур стане першым музеем такой скіраванасці не толькі ў Іўі (пра гісторыю гэтага краю раней маглі расказаць толькі краязнаўчыя музеі мястэчак раёна, а таксама гурткі ў сельскіх школах), але і ў рэспубліцы. Каб не будаваць новы будынак для музея, вырашана адрэстаўрыраваць стары. “Гэты дом у 1929 годзе будавалі іўеўскія яўрэі для гасцініцы, пасля вайны тут была школа, - гаворыць Георгій Гагарын. - Знешне будынак добра захаваўся, а вось унутры патрэбны капітальны рамонт”. Каб усё ў ім давесці да парадку, спатрэбіцца час і немалыя сродкі. Паводле слоў спецыяліста, на рэстаўрацыю і набыццё патрэбнай для музея тэхнікі будзе выдаткавана каля 2 мільярдаў рублёў.

Акрамя клопату пра ўтульнасць, стваральнікі музея зараз думаюць, як бы глыбей прадставіць чатыры найбольш масавыя нацыянальнасці Іўеўшчыны. Паводле апошняга перапісу насельніцтва 1999 года, у раёне колькасць беларусаў ад усяго насельніцтва складае 66,5 працэнта, палякаў - 28,5 працэнта, рускіх - 2,9 працэнта, татар - 1,5 працэнта. Значнае месца ў экспазіцыі будзе адведзена і яўрэйскай культуры. Зараз у Іўі яўрэяў няма, але памяць аб расстраляных ва ўрочышчы Станевічы ў часы Вялікай Айчыннай сёння шануюць члены лідскай яўрэйскай суполкі і мясцовыя жыхары, якія даглядаюць яўрэйскія могілкі непадалёку ад Іўя. Фотаздымкі, нацыянальную вопратку ў Іўе перадалі родзічы яўрэяў, якія некалі жылі ў гэтай мясцовасці.

Крыніца: "Народная газета"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.