Гістарычныя навіны

Выстава рэканструкцыі гістарычнага і народнага касцюма адкрылася ў віцебскім Літаратурным музеі

05.12.2008

У віцебскім Літаратурным музеі адкрылася выстава рэканструкцыі гістарычнага і народнага касцюма “Эпоха. Мода. Стыль".

Касцюмы, зробленыя з сучасных матэрыялаў, паказаны на экспазіцыі ў двух варыянтах: у поўны рост чалавека і на ляльках. Тут можна ўбачыць жаночы касцюм Полацкага княства XI-XII стагоддзяў, а таксама шляхецкае адзенне розных эпох – барока, Рэнесанса, эпохі готыкі. Ёсць і народныя касцюмы.

Лялькі паказаны ў разнастайных жанравых сцэнах. Ёсць сярод іншых і лялечная кампазіцыя з галоўнымі героямі твора Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Андрэй Беларэцкі і яго каханая Надзея Яноўская апранутыя, натуральна, па модзе свайго часу - у касцюмы беларускай шляхты канца XIX стагоддзя.

Цікава, што на выставе "Эпоха. Мода. Стыль" можна не толькі паглядзець на гістарычныя касцюмы, але і сфатаграфавацца ў іх. Два ўборы, мужчынскі і жаночы, якія калісьці насілі шляхцічы, прапаноўваюць наведвальнікам. Перапрануцца ў іх можна за спецыяльнай шырмай тут жа, у музеі.

Крыніца: "Народныя навіны Віцебска"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.