Гістарычныя навіны

Старажытнае капішча знойдзена пад Шкловам

06.12.2008

Краязнаўца Міхаіл Кучарэнка, які знайшоў капішча, кажа, што самае каштоўнае - гэта алтарны камень і тры боствы. Акрамя гэтага, месца выкарыстоўвалася як абсерваторыя, адкуль можна вызначаць дні сонцастаяння і раўнадзенства, праводзіць іншыя астранамічныя назіранні.

Міхаіл Кучарэнка: "Па маіх здагадках, карысталіся ім да стагоддзя XIII-га. Апошнія паганцы тут свае абрады праводзілі. Яму шмат тысяч гадоў. У мяне ў руцэ ляжыць косць ваўка, які загінуў 30 тысяч год таму, яна апрацаваная рукой чалавека".

Раней навукоўцы сцвярджалі, што жыццё зарадзілася 10 тысяч год таму, калі ледавік адышоў ад Оршы. Такія погляды трэба пераглядаць, на думку Кучарэнкі. Трэба таксама пераглядаць звесткі пра тагачасную шчыльнасць насельніцтва. Бо калі на невялікай частцы зямлі 3 абсерваторыі і 3 свяцілішчы, значыць жыццё тут кіпела.

Старажытнае капішча

Гісторык Алесь Агееў, выкладчык МДУ імя Куляшова, распавёў Еўрарадыё, што раней на некалькі паселішчаў было адно капішча, як цяпер адна царква на некалькі вёсак. Таму можна казаць пра тое, што такіх капішчаў шмат, проста пакуль іх як след не шукалі.

Алесь Агееў: “Іх па ідэі павінна быць шмат. Мы проста не звярталі на іх увагі. Вось цяпер за год 3 адкрыцці. Таму можна будзе тут развіваць турызм, напрыклад”.

Географ, выкладчык МДУ імя Куляшова, Ігар Шаруха таксама лічыць, што гэтае месца падобнае да капішча і старажытную абсерваторыю. Але пра дакладны ўзрост пакуль рана гаварыць, патрэбныя яшчэ даследаванні. Тым не менш знаходка - важны помнік рэгіянальнага значэння, лічыць Шаруха:

Ігар Шаруха: “Гэта помнік, зразумела, але не ўсебеларускага і не еўрапейскага ўзроўню. А такога міжрэгіянальнага. Для усходняй Беларусі, магчыма".

Эксперты лічаць, што тэрыторыю трэба больш даследаваць. Але вызначэнне ўзросту такіх рытуальных месцаў мае пэўныя складанасці: на іх не жылі людзі, і таму застаецца мала матэрыялу для даследавання іх прысутнасці.

Крыніца: "ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.