Гістарычныя навіны

Конны помнік Міндоўгу ўсталююць у Наваградку

10.12.2008

У наступным годзе ў гістарычным цэнтры Наваградку плянуюць паставіць конны помнік заснавальніку і першаму вялікаму князю Вялікага княства Літоўскага Міндоўгу (1195? - 1263), паведаміў галоўны спэцыяліст аддзелу культуры Наваградзкага райвыканкаму Вячаслаў Лаўрашчук.

Міндоўг - князь ВКЛУ 2009 годзе будзе адзначацца 1000-годзьдзе першага ўзгадваньня Літвы ў летапісах і 965-годзьдзе Наваградку - першай сталіцы ВКЛ. Над праектам коннай статуі працуе менскі скульптар Генадзь Буралкін. Ён прапануе адліць з бронзы Міндоўга зь мячом на кані і ўстанавіць гэтую кампазіцыю на каменным пастамэнце.

“Разам з тым дакладнае месца ўзьвядзеньня помніка пакуль ня вызначана, як і дата яго адкрыцьця”, - сказаў сп. Лаўрашчук. Паводле яго слоў, ураджэнец Наваградку Павал Касьцюкевіч стварыў у Маскве Нацыянальны інвэстыцыйны фонд Беларусі (“Наваградак”) для збору сродкаў і аказаньня фінансавай дапамогі ў рэалізацыі гэтага ды іншых праектаў, накіраваных на аднаўленьне гісторыка-культурнай спадчыны гораду й ушанаваньне памяці дзеячаў айчыннай гісторыі, навукі і культуры, чыё жыцьцё зьвязана з Наваградкам.

“Кіраўніцтва горада падтрымлівае праект ўзьвядзеньня помніка”, - зазначыў Вячаслаў Лаўрашчук.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.