Гістарычныя навіны

Выстава прысвечаная Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу праходзіць у Мінску

12.12.2008

10 снежня ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічЯе арганізатарамі выступілі Беларускі саюз мастакоў і Міністэрства культуры. У экспазіцыі прадстаўлены творы жывапісу, графікі і скульптуры тых беларускіх мастакоў, для каго блізкая і значная асоба юбіляра, - Аляксея Марачкіна, Віктара Маркаўца, Уладзіміра Сулкоўскага, Міколы Купавы, Яўгена Куліка.

Начальнік упраўлення мастацтва Мінкульта Міхаіл Саковіч паведаміў, што выстава не завяршае серыю мерапрыемстваў, прысвечаных 200-годдзю "вялікага беларуса", бо запланавана правядзенне конкурсу на ўзвядзенне ў Мінску помніка Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.

Намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца назваў юбіляра "нацыянальным геніем" і зазначыў, што беларускія творцы павінны быць ўдзячныя Дуніну-Марцінкевічу, таму што без яго гісторыя беларусаў магла б скласціся інакш. Паводле слоў куратара выставы М.Купавы, мастакам яшчэ належыць спасцігаць рознабакова адораную асобу В. Дуніна-Марцінкевіча.

Затым адбылася прэзентацыя альбома "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч" выдавецтва "Беларусь", складальнікам і аўтарам тэксту якога з'яўляецца мастак Фёдар Ястраб. Ён заклікаў "памятаць пра свае карані і цягнуцца да ўсяго беларускага, бо мы можам быць цікавымі для свету толькі сваімі нацыянальнымі адметнасцямі".

У адкрыцці выставы бралі ўдзел музыканты, у тым ліку заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў і трыо "Вытокі", якія выканалі творы сучаснікаў юбіляра - Станіслава Манюшкі, Міхала-Клеафаса Агінскага і Міхаіла Ельскага.

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.