Гістарычныя навіны

Карта Вялiкага Княства Лiтоўскага ХVII перададзена Нацыянальнаму музею гiсторыi i культуры Беларусi

16.12.2008

Карту Вялiкага Княства Лiтоўскага ХVII стагоддзя падарыў Нацыянальнаму музею гiсторыi i культуры Беларусi ААТ "Белзнешэканамбанк". Гэты гiстарычны дакумент быў набыты банкам у прыватнага беларускага калекцыянера, а ў мiнулую пятнiцу ўрачыста перададзены музею i прэзентаваны прэсе пад спевы гурта "Стары Ольса" i "абмыванне" шампанскiм.

Iнiцыятарам i фундатарам карты з’яўляецца адзiн з найбагацейшых магнатаў Вялiкага Княства Лiтоўскага - Мiкалай Крыштоф Радзiвiл Сiротка. Па яго задуме i на яго грошы ў канцы ХVI - пачатку ХVII стагоддзя ў Нясвiжы распачалася праца па зборы матэрыялаў, а потым, у амстэрдамскай друкарнi, была надрукавана i сама карта Вялiкага Княства Лiтоўскага, якую, дарэчы, маляваў i афармляў вядомы гравёр Томаш Макоўскi. Дакладную дату выдання карты вызначыць нельга, бо вядома, што амстэрдамская друкарня вырабляла "радзiвiлаўскiя карты" з 1613 па 1630 год, а потым варштат быў раскiданы. I хоць шматлiкiя копii гэтай карты былi зроблены i пасля (копiя была i ў нашым музеi), але самымi каштоўнымi лiчацца менавiта экзэмпляры, вырабленыя з 1613 па 1630 год. Падораная Нацыянальнаму музею гiсторыi i культуры Беларусi карта якраз i з’яўляецца экзэмплярам першага друкарскага накладу.

"Радзiвiлаўская карта" доўгi час была асноўнай крынiцай ведаў пра наш край для жыхароў Заходняй Еўропы. Яна складаецца з дзвюх частак - непасрэдна карты ВКЛ i карты ракi Днепр. Усяго на карце пазначана 1039 населеных пунктаў, у тым лiку 544 на тэрыторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага i 342 на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Акрамя таго, на карце прысутнiчаюць апiсаннi пазначанай мясцовасцi на лацiнскай мове.

Колькi слоў пра мецэнацтва сказаў на прэзентацыi дырэктар Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi Сяргей Вечар:

- Яшчэ з антычнасцi заўсёды было вельмi правiльным, лагiчным, карысным i модным укладваць у сферу культуры, дапамагаць дзеячам мастацтва. I ў нашы часы, калi музейная справа развiваецца, з’яўляюцца новыя музеi, новыя калекцыi, а наш музей вядзе працу па пераўтварэннi ў Нацыянальны гiстарычны музей з новай экспазiцыяй, для нас асаблiва карысныя такiя дарункi, як гэты. Бо, на жаль, шматлiкiя войны i складаная гiсторыя пакiнулi невялiкую колькасць экспанатаў на нашай зямлi. I кожны з iх - гэта выключная каштоўнасць. Гэтая карта не будзе ў нас марнець у запаснiках, яна зойме сваё месца ў новай экспазiцыi, а пабачыць наведвальнiкi яе змогуць ужо ў канцы студзеня, калi мы будзем рабiць выставу новых паступленняў за апошнiя два гады. Але я хачу сказаць, што за ўсю гiсторыю незалежнай Беларусi пакуль не было прыкладаў, каб бiзнэс-структура перадала ў дар музейнай установе якi-небудзь значны экспанат. Спадзяюся, што гэта першы, але далёка не апошнi прыклад.

У адказ першы намеснiк старшынi праўлення ААТ "Белзнешэканамбанк" Валянцiн Заяш прызнаўся:

- Сапраўды, у нейкай ступенi гэта першы вопыт нашага банка ў такога кшталту дзейнасцi, хоць хачу сказаць, што ў развiццi культуры мы ўжо маем невялiкi вопыт: мы дапамагалi Саюзу мастакоў, Нацыянальнай бiблiятэцы, выдаткоўвалi сродкi на рэканструкцыю палаца ў Нясвiжы i яшчэ шэрагу архiтэктурных ансамбляў, што маюць гiстарычнае значэнне. Што ж датычыцца гэтай карты, то мы з задавальненнем робiм гэты падарунак, i па меры магчымасцi надалей будзем садзейнiчаць таму, каб гiстарычныя каштоўнасцi вярталiся на радзiму.

Крыніца: "Звязда"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.