Гістарычныя навіны

Музей гісторыі горада адкрыўся ў Брэсце

18.12.2008

У Брэсце пасля рамонту адкрыўся музей гісторыі горада, першая экскурсія ў якім праведзена 16 снежня, паведаміла БелаПАН намеснік дырэктара музея Валянціна Страчук.

Рамонтныя работы тут былі распачатыя 1 жніўня 2008 года на сродкі, выдзеленыя Брэсцкім гарвыканкамам.

У пастаяннай экспазіцыі музея прадстаўлена каля 800 экспанатаў, якія распавядаюць аб гісторыі горада, пачынаючы з яго заснавання ў 1019 годзе і да 1939 года. Гэта дакументы, зброя, макеты, карты і планы горада, паштоўкі і фатаграфіі з яго відамі, прадметы побыту. Сярод іх ёсць нямала рарытэтных экспанатаў. Напрыклад, падлогавы гадзіннік, выраблены ў Брэст-Літоўску ў 1767 годзе нямецкім майстрам, клад манет салідаў, датуемы другой паловай ХVII стагоддзя, як мяркуецца адчаканеных Брэсцкім манетным дваром (1665-1666 гг.).

"У нашым музеі ёсць экспанаты, падараваныя жыхарамі Брэста, - сказала В.Страчук. - Нядаўна сям`я Чмак бязвыплатна перадала нам фартэпіяна канца ХIХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Учора яго ўжо змаглі ўбачыць наведвальнікі музея".

Музей гісторыі Брэста быў адкрыты 25 ліпеня 1998 года, у дні святкавання дня горада. Яго выставачная плошча - каля 200 кв. м. Спачатку ён быў філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, а з 1 студзеня 2007 года - структурнае падраздзяленне аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама. Штогод тут праводзіцца 250-300 экскурсій. Апрача гэтага, супрацоўнікі музея штогод арганізуюць выязныя выставы. За час працы музея з яго экспанатамі азнаёміліся прыкладна 100 тыс. чалавек. Сярод іх не толькі жыхары Беларусі, але і больш як 20 краін свету, у тым ліку Германіі, Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Швецыі, Чылі, ЗША, Канады, Францыі і Японіі

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.