Гістарычныя навіны

Нацбанк выпускае памятныя манеты «Давыд Гарадзенскі»

18.12.2008

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2008 г. выпускае ў абарачэнне памятныя манеты серыі "Умацаванне і абарона дзяржавы" - "Давыд Гарадзенскі":

  • срэбную - наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 г, дыяметрам 38,61 мм;
  • медна-нікелевую - наміналам 1 рубель, масай 15,50 г, дыяметрам 33,00 мм.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў - выступаючы кант па акружнасці. На бакавой паверхні манет надпіс: УМАЦАВАННЕ І АБАРОНА ДЗЯРЖАВЫ.

На пярэднім баку манет размешчаны: уверсе - рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і па крузе надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры - выява рэканструкцыі гарадской крэпасці старажытнага Новагародка (цяпер Навагрудак); пад ёй надпіс: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай) і год чаканкі; справа на срэбнай манеце - проба сплаву.

Манеты ў гонар Давыда Гарадзенскага

На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтральнай частцы - рэльефная выява Давыда Гарадзенскага; злева - адлюстраванне звіслай пячаткі, што выкарыстоўвалася для афіцыйных грамат, з выявай на ёй князя Даўманта Нальшанскага, які правіў пад хрысціянскім імем Цімафей і, па адной з версій, быў бацькам Давыда Гарадзенскага; па крузе надпісы: ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ і гады яго службы: 1314-1326.

Манеты адчаканены на ЗАТ "Літоўскі манетны двор": срэбная - якасцю "пруф", медна-нікелевая - "пруф-лайк".

Тыраж срэбнай і медна-нікелевай манет - па 5000 штук. Памятныя манеты, выпушчаныя ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь, абавязковым да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.

Крыніца: "Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.