Гістарычныя навіны

Нямецкі кулямёт часоў Другой сусветнай вайны зноўдзены ў Слонімскім раёне

26.12.2008

У вёсцы Сянькоўшчына Слонімскага раёна падчас пракладкі водаправода быў знойдзены авіяцыйны кулямёт з нямецкага ваеннага самалёта.

Гэтую знаходку перадалі ў Слонімскі раённы краязнаўчы музей.

Нямецкі кулямётСупрацоўнік музея Наталля Руднева расказала нашаму карэспандэнту, што ў гады Другой сусветнай вайны недалёка ад гэтай вёскі нямецкі самалёт зрабіў аварыйную пасадку. Жыхар вёскі Крынчык Павел Вікенцьевіч бачыў, як самалёт рабіў пасадку. Потым ён асмеліўся і падышоў бліжэй да самалёта. У ім нікога не аказалася, нават боепрыпасаў. Хлопец выцягнуў кулямёт і закапаў яго ў зямлю.

З таго часу прайшло 67 гадоў. Няма ў жывых і Паўла Крынчыка. Але жыве яго сын Іван Крынчык, які і распавёў супрацоўнікам музея ўсю гісторыю пра гэты кулямёт.

Супрацоўніца музея Наталля Руднева расказала яшчэ пра тое, што нядаўна Слонімскі ваенкамат перадаў у музей цікавыя нямецкія экспанаты перыяду Другой сусветнай вайны. Экспанаты былі знойдзеныя падчас раскопак захаванняў нямецкіх салдат на Ружанскіх могілках у Слоніме. Гэта пятліцы, пярсцёнкі, сярэбраны га­дзіннік, акуляры, запальнічка і іншыя асабістыя рэчы салдат групы СС, якія праводзілі карныя аперацыі ў горадзе над Шчарай.

Па словах Наталлі Рудневай, музей папоўніўся і яшчэ адным ваенным экспанатам - люкам ад танка “Клім Варашылаў”, які падараваў жыхар вёскі Чамяры. Справа ў тым, што на пачатку вайны каля Слоніма былі падбіты тры савецкія танкі, адзін танк - каля вёскі Чамяры. Люк ад гэтага танка цяпер захоўваецца ў музеі.

Крыніца: "Газета Слонімская"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.