Бібліятэка гістарычных артыкулаў
У Лужках знойдзены дом Станіслава Булак-Булаховіча
Улада, аднак, не рэагуе на неабходнасьць ушанаваньня барацьбіта за БНР, як, зрэшты, і іншых землякоў.
У біяграфічныя зьвесткі пра генэрала Беларускай Народнай Рэспублікі апошнім часам дадаўся радок пра ягоную дзесяцігадовую службу адміністратарам маёнтку Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце (цяпер вёска Лужкі Шаркоўшчынскага раёну). Роўна 85 гадоў таму быў прыняты на службу, роўна 75 гадоў, як сышоў. У 1914-м, калі пачалася Першая Ўсясьветная вайна, разам з малодшым братам Язэпам (таксама аграномам) добраахвотна ўступіў у расійскую армію.
Як сьвядомы антыкамуніст, С.Булак-Булаховіч ваяваў у розных войсках. Ён узначальваў корпус генэрала Юдзеніча ў 1918 годзе. Яго Беларускі аддзел удзельнічаў у баях супраць Палескай групы Чырвонай арміі. У студзені 1920-га, калі ў Рызе пачалася ганебная польска-расейская змова, генэрал Булак-Булаховіч з аддзелам на паўтары тысячы шабляў перайшоў у склад войска Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Увагу цікаўных да далейшага трагічнага лёсу генэрала Булаховіча, адрасую, напрыклад, да кнігі "Сыны і пасынкі Беларусі" (Менск, 1996). Мы ж накіруемся ў Лужкі.
У былым мястэчку, пераназваным нядаўна ў аграгарадок, цяпер 900 жыхароў. Яшчэ звыш паўтысячы тутэйшых жывуць у Гарадцы. Гэта паселішча здаўна было ў межах аднаго маёнтка графа Плятэра.
У аграгарадку Лужкі на вуліцы Млыновая, 8 месьціцца доўгі драўляны будынак, пераўтвораны за савецкім часам у жылы барак для калгасьнікаў.
Вядомы віцебскі краязнаўца Эдмунд Гірын адшукаў дакладныя гістарычныя дакумэнты, што будынак на вуліцы Млыновая, 8 зьвязаны з лёсам Элізара Перальмана, які шмат зрабіў для адраджэньня іўрыту, як дзяржаўнай мовы Ізраіля. Таксама Лужкі – радзіма вядомага хірурга Усевалада Шырына. У Лужках некалі настаўнічаў выдатны беларускі жывапісец, графік, фальклярыст і пісьменьнік Язэп Драздовіч.
Увогуле, Эдмунд Гірын склаў пісьмовыя гісторыі на больш як 20 уцалелых у Лужках гістарычных славутасьцяў. Краязнаўца даводзіць, што Лужкі трэба зрабіць мястэчкам-музэем. Апроч навуковага абгрунтаваньня, спадар Гірын распрацаваў схему турыстычных маршрутаў, так званы "Гістарычны 15-кутнік". Гэта значыць, што за адну вандроўку падарожнікі змогуць наведаць 15 унікальных мясьцінаў і даведацца тут пра незаслужана забытыя падзеі ды імёны. Адно зь іх – Станіслаў Булак-Балаховіч (Станіслаў-Мар’ян Балаховіч).
Цікава што старшыня Лужкоўскага сельсавета Васіль Мядзелец не зьдзівіўся і нам. Падтрымліваў гутарку, нават калі я запытала, ці магчыма вярнуць павагу тутэйшых нашчадкаў да прозьвішчаў слынных землякоў. Але толькі пачатак адказу сельсаветчыка быў пэўны, а ў разьвіцьці – цьмяны. Вось што кажа Васіль Мядзелец:
– Падтрымліваю прапановы і хачу адзначыць, што за апошні час уладай шмат зроблена па зьберажэньню гістарычнай спадчыны і добраўпарадкаваньні Лужкоў у параўнаньні з мінулым часамі. Але ўсё цяпер упіраецца ў сродкі. А сродкі патрэбны значныя. Таму пытаньне складанае, патрабуе дакладных распрацовак і вырашэньня на больш вышэйшым узроўні.
Калі ўражаньні ад наведваньня Лужкоў трэба было аформіць пісьмова, жыцьцё падкінула яшчэ адну праблему. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікаў улады выратаваць ад разбурэньня Лужкоўскі вадзяны млын XIX-XX стагоддзяў, які зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю рэспубліканскага значэньня.
У інтэрвію СМІ, Астаповіч адзначыў, што руйнуюцца драўляныя канструкцыі плаціны і моста праз плаціну. Зь боку ракі Мнюта прасеў падмурак, што выклікала расколіны ў сьценах, распаўзаньне бэлек і крокваў. Па ягоных словах, помнік не мае аналягаў у краіне па памерах і захаванасьці вытворчых мэханізмаў.
У лісьце ў Шаркоўшчынскі райвыканкам старшыня таварыства зважае, што бескантрольны доступ да Лужкоўскага вадзянога млыну можа прывесьці да непрадказальных наступстваў.
Аўтар ліста нагадвае, што артыкулы 27, 28, 38, 44 закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 9 студзеня 2006 года прадугледжваюць комплекс мераў, накіраваных на захаваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
У лісьце ў Міністэрства культуры Антон Астаповіч прапаноўвае накіраваць загад Шаркоўшчынскаму райвыканкаму аб невыкананьні пункта 2.4 артыкула 10 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, што, адпаведна, прывяло да парушэньня артыкулаў 27, 28, 38, 44 гэтага закона.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
- А. Латышонак - Штурм Рэчыцы войскамі генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў лістападзе 1920 году | Найноўшая гісторыя
- "Бацька" - Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч | Асобы
- У Варшаве ўшанавалі памяць Станіслава Булак-Балаховіча | Гістарычныя навіны
- 125 гадоў з дня народзінаў генерала Станіслава Булак-Балаховіча | Гістарычныя навіны
- Лужкоўскаму вадзяному млыну XIX—XX стагоддзяў пагражае разбурэнне | Гістарычныя навіны
Іншыя навіны
«Папярэдняя | Усе за дзень | Наступная»





Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.