Гістарычныя навіны

Вартаўнічая вежа Нясвіжскага замка будзе адрэстаўравана ў барочным выглядзе XVIII стагоддзя

22.01.2010

Вартаўнічая вежа ў НясвіжыВартаўнічай вежы Нясвіжскага замка будзе вернуты барочны выгляд XVIII стагоддзя, паведаміў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Паводле яго слоў, рашэнне аб вяртанні вежы яе гістарычнага аўтэнтычнага навукова-абгрунтаванага выгляду было прынята 20 студзеня ў Мінску на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Рада ўзгадніла эскізную прапанову навуковага кіраўніка рэстаўрацыі Нясвіжскага замка Сяргея Друшчыца і даручыла яму завяршаць падрыхтоўку праекта-сметнай дакументацыі па аднаўленні вонкавага выгляду вежы, сказаў Астаповіч.

Ён адзначыў, што рада падтрымала праектную прапанову архітэктара УП "Лантэрна" Уладзіміра Галкоўскага па будаўніцтве чатырохзоркавага двухпавярховага гатэля на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу XVIII-XIX стагоддзяў у Мінску з захаваннем прамысловых будынкаў Лошыцкай сядзібы - спіртасховішча і карпусоў броварнага завода XVIII-XIX стагоддзяў. Па сваёй архітэктуры і аб'ёмах будынак гатэля стылістычна будзе адпавядаць прамысловым збудаванням сядзібы, сказаў Астаповіч.

Акрамя таго, ён паведаміў, што рада не пагадзілася з дэмантажам дома па вуліцы Сацыялістычнай, 44, у Гродне - помніка архітэктуры мадэрну канца XIX - пачатку XX стагоддзя, а таксама рэкамендавала ўнесці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей помнік беларускага традыцыйнага драўлянага культавага дойлідства XIX стагоддзя - сінагогу ў Любані (Мінская вобласць) і месца пахавання прадстаўнікоў роду Ельскіх у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці (на тэрыторыі помніка археалогіі "Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку" V стагоддзя да н.э. - V стагоддзя н.э. ва ўрочышчы Кобань на правым беразе ракі Пціч на адлегласці 200 метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Дудзічы Навапольскага сельсавета).

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.