Гістарычныя навіны

Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска

18:12

З 14 снежня у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе выстаўлена экспазіцыя “Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска”.

Вайна 1812 года ў гісторыі МінскаНягледзячы на маштаб і значнасць вайны 1812 г. для Беларусі, яна да канца так і не асэнсавана грамадствам. Мы працягваем жыць стэрэатыпамі і звязваем гэтую вайну выключна з Расіяй і Францыяй, забываючыся на тое, што для Беларусі гэта не менш значная старонка гісторыі.

Вайна 1812 г. ўвайшла ў гісторыю Расіі як Айчынная, а ў еўрапейскую – як руская кампанія Напалеона. Яна змяніла лёсы еўрапейскіх народаў і пераўтварыла ў попел надзеі тых, хто звязваў з Напалеонам спадзяванні на аднаўленне Рэчы Паспалітай.

У 1812 г. Мінск – "лепшы пасля Вільні горад у беларуска-літоўскім краі" – выконваў ролю важнага ваенна-стратэгічнага цэнтра на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. За горад спрачаліся Баграціён і маршал Даву. З ліпеня па лістапад 1812 г. праз Мінск прайшло больш за 80 тысяч салдат Вялікай арміі. Але горад так і не стаў арэнай буйных бітваў у адрозненне ад Барысава, Віцебска, Магілёва. У жніўні тут урачыста адзначалі дзень народзінаў Напалеона.

Выстава "Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска" мае на мэце данесці да гледача аб’ектыўную, гістарычна дакладную і рознабаковую карціну падзей на прыкладзе Мінска праз прызму паўсядзённасці. Маштабная экспазіцыя складаецца з шасці тэматычных раздзелаў, аб’яднаных агульнай ідэяй. Прадстаўлены ўзоры халоднай і агнястрэльнай зброі, уніформа, рыштунак, прадметы ваеннага побыту, дакументы, карты, памятныя медалі, гістарычныя рэканструкцыі і шмат іншага.

Рэспубліканскі выставачны праект арганізаваны на аснове калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея, пры ўдзеле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Выстава падрыхтавана дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі JTI.

Аўтар навуковай канцэпцыі – навуковы супрацоўнік Сцяпан Лютых

Мастацкае вырашэнне – Уладзімір Кандрацьеў

Крыніца: "Нацыянальны гістарычны музей"




Асабісты архіў Усевалада Ігнотоўскага будзе выстаўлены ў Мінску

17:46

Усевалад Ігнатоўскі6 снежня (аўторак) у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Маркса, 12) а 17-й гадзіне адбудзецца урачыстая прэзентацыя часткі, адшуканага архіву Усевалада Ігнатоўскага і перадача яго ў дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею.

Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1881–1931), вядомы навукоўца, арганізатар навукі, дзяржаўны і грамадскі дзеяч Беларусі, народны камісар асветы (1920 - 1926 гг.), старшыня Інстытута беларускай культуры (1926-1928 гг.), адзін з "айцоў" БССР. Займаўся даследаваннем гісторыі Беларусі. Апублікаваў шэраг буйных манаграфічных даследаванняў, сярод якіх адна з першых абагульняючых прац па гісторыі Беларусі - "Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi" (1919 г.). 4 лютага 1931 г. скончыў жыццё самагубствам. Уся сям’я яго трапіла пад колы рэпрэсій.

Разам са знікненнем асобы ўладальніка з палітычнай арэны ў 1930-х гг. прапаў і асабісты архіў Усевалада Макаравіча. Гэтыя дакументы, безумоўна, маюць вялікую цікавасць для навуковай грамадскасці Беларусі. Дзякуючы пільнай дзейнасці даследчыка гісторыі Беларусі, кандыдата гістарычных навук, выкладчыка БДУ Уладзіміра Ляхоўскага частка асабістых дакументаў была выяўлена.

6 снежня адбудзецца урачыстая прэзентацыя часткі, адшуканага архіву Усевалада Ігнатоўскага і перадача яго ў дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь.

Крыніца: "Наша Ніва"




Каменны век Беларусі: ілюстраваны канспект лекцый

09:51

Прэзентацыя кнігі археолага Міхася Чарняўскага "Каменны век Беларусі: ілюстраваны канспект лекцый" адбудзецца ў суботу, 3 снежня, на гістарычным факультэце БДУ (Мінск, вул. Чырвонаармейская, 6) ў 14:30.

На 60 старонках кнігі - асноўныя характарыстыкі палеаліту, мезаліту і неаліту, выкладзеныя ў выглядзе канспекта лекцый, якія вядомы ўраджэнец Мядзельшчыны чытаў сваім студэнтам з 2007 года.

Крыніца: "Наша Ніва"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»