Гістарычныя навіны

Беларусь у яе этнаграфічных межах

04:08

Невядомая нам краіну/The Country We Don’t KnowУ Смаленску ў 1897 г. больш за 50% насельніцтва лічылі сябе беларусамі, у Бранску ў падручніках можна ўбачыць "Пагоню" - пра ўсё гэта можна даведацца з кнігі Алега Трусава "Невядомая нам краіна", перавыдадзенай са значным дапаўненнем на дзвюх мовах.

"Мы падрыхтавалі гэтую кнігу адмыслова да З’езда беларусаў свету, - расказвае спадар Трусаў. - Менавіта таму яна і выйшла на дзвюх мовах: па-беларуску і па-англійску. Прычым англійская версія апынулася нават большай - там вялікая колькасць каментароў для замежнікаў, частка з якіх можа нават не ведаць пра існаванне Беларусі".

Пераклад "Невядомай нам краіны" адбываўся цягам трох гадоў, пры гэтым перакладчыкі сутыкнуліся з некаторымі праблемамі. Напрыклад, у англійскай мове адсутнічае слова "плінфа", від цэглы, якім карысталіся ў Беларусі, але які ніколі не існаваў у Англіі.

"Да таго ж сам тэкст вельмі моцна адрозніваецца ад першага выдання, - расказвае спадар Трусаў. - Я ўключыў у кнігу падзеі, якія адбыліся пасля 2007 года. Там ёсць нават падзеі гэтага года - заснаванне ТБМ у Смаленску, ці з’яўленне памятнай дошкі на гімназіі ў Рызе".

Дадаліся і пашырыліся раздзелы, прысвечаныя Браншчыне і Смаленшчыне.

"З Бранска мне даслалі падручнікі, якія я цытую ў кнізе, - кажа Трусаў. - Там ёсць падручнік у дзвюх частках "Гісторыя Бранскага краю", дзе прамым тэкстам кажуць пра тое, што для Бранска ўваход у склад ВКЛ быў вялікай удачай. У гэтых падручніках ёсць „Пагоня“".

Алег Трусаў не заклікае пераглядаць дзяржаўныя межы, але звяртае ўвагу на тое, што забывацца пра межы этнічныя таксама не выпадае.

"Мала ў якой краіне палітычная і этнічная мяжа супадаюць, - кажа гісторык. - Напрыклад, Эльзас і Латарынгія - пра іх пішуць і нямецкія і французскія гісторыкі, а самі эльзасцы лічаць сябе асобным народам. Напрыклад, у Смаленску ў 1897 г. 50% чалавек называлі сябе беларусамі, гэта паводле перапісу. Дый зараз думка, што Смаленск - беларускі горад перыядычна гучыць, пра гэта казаў нават Аляксандр Лукашэнка, што я ў кнізе узгадваю".

Асобны раздзел кнігі прысвечаны Сярэдняй Літве - дзяржаве, якая існавала менш за два гады, але зараз не ўзгадваецца ні ў адным беларускім падручніку.

"У выніку атрымалася кніга, якая будзе цікавай і замежнікам, і беларусам. - кажа Трусаў. - Прэзентацыю мы зладзім у верасні, тады ж кнігу можна будзе купіць на сядзібе ТБМ".

А пакуль "Невядомую нам краіну/The Country We Don’t Know" можна купіць у кнігарні "Акадэмкніга", дзе яна з’явіцца днямі. Прыблізны кошт - ля 130 тысяч рублёў.

Крыніца: "Наша Ніва"




 «За мінулы дзень |  Усе за месяц  | За наступны дзень»