Гістарычныя навіны

Літоўская кніга пра бітву пад Грунвальдам

07.01.2011

Самы канец 2010 году падарыў беларускамоўнаму чытачу кнігу аб Грунвальдскай бітве.

Мечысловас Ючас, Грунвальдская бітваУ юбілейны год публікацый на гэтую тэму была процьма, аднак праца літоўскага гісторыка Мечысловаса Ючаса беларусам запомніцца надоўга. Асабліва такім, якія шчыра называюць Вітаўта беларускім князем, а перамогу пад Грунвальдам лічаць ледзьве не спробай заснавальнікаў Полацка падпарадкаваць сабе Еўропу.

Мечысловас Ючас піша зусім аб іншай Грунвальдскай бітве. Для яго яна - частка шматвекавога супрацьстаяння балтыйскіх і нямецкіх плямёнаў. А таксама бэкграунд асабістага канфлікту Вітаўта і Ягайлы. Ючас дастаткова знакаміты ў Літве даследчык для таго, каб "Грунвальдскую бітву" можна было назваць афіцыйнай літоўскай версіяй. І ў гэтай версіі месца для беларусаў вельмі мала. Цікаўныя могуць паспрабаваць знайсці згадкі аб ролі славянскай часткі насельніцтва ВКЛ у вайне з крыжакамі. У аўтара гэтых радкоў не атрымалася. Як не атрымалася таксама знайсці спасылкі на працы беларускіх гісторыкаў.

Кнігу варта мець усім, хто хаця б крышку цікавіцца гісторыяй ВКЛ. Яна дасць магчымасць пабачыць гісторыю Вялікага Княства літоўскімі вачыма.

Пытайцеся ў распаўсюднікаў часопіса "Архэ" і незалежных гандляроў.

Мечысловас Ючас, Грунвальдская бітва, - Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. - 243 с.

Алесь Пілецкі
Крыніца: "Наша Ніва"

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.