Гістарычныя навіны

Будзе праведзена экспертыза помнікаў Полацка, прадстаўленых для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

20.08.2008

З 2 па 6 верасня спецыяліст Міжнароднага савета па ахове помнікаў правядзе экспертызу помнікаў Полацка (Віцебская вобласць), прадстаўленых для ўключэння ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, паведаміла намеснік дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева.

Паводле яе слоў, міжнародны эксперт са Славакіі азнаёміцца з помнікам архітэктуры XI-XVIII стагоддзяў Сафійскім саборам, помнікам архітэктуры і манументальнага жывапісу XII стагоддзя Спаса-Прэабражэнскай царквой Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, а таксама з іх падахоўнымі зонамі. Менавіта гэтыя аб'екты, уключаныя ў дасье "Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Ефрасінні Полацкай", яшчэ ў 2003 годзе эксперты Міжнароднага савета па ахове помнікаў прапанавалі ўнесці ў ганаровы спіс ЮНЕСКА. У сакавіку 2007 года пачалася падрыхтоўка дасье для ўключэння гісторыка-культурных каштоўнасцей Полацка ў спіс сусветнай спадчыны. У стварэнні дасье ўдзельнічалі навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага музея-запаведніка, вучоныя-гісторыкі, архівісты, мастакі-рэстаўратары, спецыялісты па ахове помнікаў і святары.

Паводле слоў Т.Джумантаевай, рашэнне аб міжнародным прызнанні полацкіх помнікаў можа быць вынесена ў 2009 годзе.

У спіс сусветнай спадчыны цяпер уключаны чатыры айчынныя аб'екты: Белавежская пушча, замкавы комплекс XVI-XX стагоддзяў "Мір" у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці і архітэктурна-культурны комплекс XVI-XVIII стагоддзяў рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы Мінскай вобласці, а таксама фрагмент дугі Струве. Да 2012 года запланавана падрыхтаваць яшчэ пяць дасье аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі для прадстаўлення ў спіс спадчыны ЮНЕСКА.

Ён уключае больш за 800 аб'ектаў. Наяўнасць у ім помнікаў прыроднай і культурнай спадчыны той ці іншай краіны павышае яе міжнародны аўтарытэт і прывабнасць для турыстаў

Крыніца: "Радыё Рацыя"

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!

«Папярэдняя |  Усе за дзень  | Наступная»
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.