Беларускае народнае адзенне

Агульная характарыстыка беларускага народнага адзення

Беларускае народнае адзенне фарміравалася на працягу стагоддзяў. Але асноўныя яго віды і састаўныя часткі, спосабы пашыву і кампазіцыйныя рашэнні, каларыстычныя і арнаментальныя асаблівасці пачалі складвацца з канца XIII ст. адначасова з фарміраваннем беларускай народнасці. Касцюм беларусаў развіваўся ў кантакце з касцюмамі рускіх, украінцаў, а таксама літоўцаў, палякаў, іншых народаў, і поруч са сваімі нацыянальнымі рысамі ён узбагачаўся іншанацыянальнымі.

У часы панавання стылю готыкі ўзнікла тэхніка крою, удасканальвалася кравецкае рамяство, што азначыла цэлы этап у гісторыі касцюма, у тым ліку беларускага. Нескладаныя канструкцыі і простыя сілуэты перыяду Кіеўскай Русі саступілі месца прынцыпова новым. У святочным, а потым і ў будзённым гарнітуры замацаваліся андарак, гарсэт, намітка. Кашуля ўскладнілася распрацоўкай крою, адкладным каўняром, світа - вытачкамі для стварэння аб'ёму, авальным падкроем проймы і аката рукавоў. Змясціліся акцэнты дэкору, а сам ён стаў больш разнастайны і вытанчаны. Усё гэта было крокам наперад у секулярызацыі касцюма ад хрысціянскіх догмаў, ад іх патрабавання старанна хаваць цела. Набліжаны да абрысаў чалавечай фігуры, эстэтычна змястоўны, ён адпавядаў духу рэнесансавага светаўспрымання. Беларускі касцюм XVI ст. меў характэрныя прыкметы касцюма эпохі Адраджэння, а з найбольш спецыфічных - тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геаметрычных узораў у арнаментыцы. Беларускі касцюм набыў завершанасць як цэласная сістэма, свой утылітарны і мастацкі вобраз.

Далейшае яго развіццё ад XVII да сярэдзіны XIX ст. ішло не па шляху карэнных пераўтварэнняў, а па шляху тых ці іншых змен, звязаных з мадыфікацыяй элементаў адзення, насычэннем каляровай гамы, пераасэнсаваннем арнаментальных матываў, замацаваннем рэгіянальных адметнасцей. Аднак развіццё не было просталінейным. Яно адбывалася ва ўмовах разлажэння феадальнага ладу і станаўлення капіталістычных адносін. У другой палове XIX ст., а ў раёнах з больш трывалым патрыярхальным укладам к канцу XIX - пачатку

XX ст., разам з фарміраваннем беларускай буржуазнай нацыі яшчэ больш выразна акрэсліваецца этнаграфічнае аблічча беларускага народнага адзення як важнага паказчыка нацыянальнай культуры. Менавіта касцюм беларускіх сялян гэтай пары выступае як традыцыйны, класічны ўзор народнага мастацтва. Аднатыпны для ўсёй Беларусі, ён разам з тым мае шэраг лакальных разнавіднасцей - строяў.

Сярэднекантынентальны клімат беларускага краю вымагаў адносна цёплага і закрытага адзення. Матэрыял для яго давала мясцовая сыравіна - лён, радзей каноплі, воўна ў натуральнай і паўнатуральнай сялянскай гаспадарцы, вытканая ў хатніх умовах, на кроснах. Фарбавалі прыроднымі фарбавальнікамі - настоямі траў, кары, лісця і шышак дрэў, балотнай жалезнай рудой. Ільняныя тканіны, якія ішлі на кашулі, фартухі, галаўныя ўборы, не фарбаваліся. Белае палатно аздаблялі звычайна чырвоным геаметрычным арнаментам, які рабіўся натыканнем ці вышыўкай. У старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, а нанесены з дапамогай арнаменту на каўнер, разрэз пазухі, рукавы, ніз адзежыны служыў засцерагальным знакам. Ён жа адыгрываў істотную кампазіцыйную ролю, яднаючы часткі адзення ў мастацкае цэлае. Паліхромнасць уласціва суконным і паўсуконным тканінам паяснога адзення, а таксама поясу. Тут вышыўка амаль адсутнічае, а тканы ўзор вызначаецца сакавітасцю тонаў, смеласцю іх спалучэнняў - чырвоны, зялёны, сіні, белы. Удала выкарыстоўваліся ў аздобе касцюма натуральныя серабрыстыя тоны льну і воўны. З другой паловы XIX ст. са з'яўленнем анілінавых фарбавальнікаў і фабрычных нітак спектр колераў дапоўніўся аранжавым, фіялетавым, блакітным, малінавым, ярка-зялёным.

Беларускі народны строй
Традыцыйныя касцюмы дзяўчат. Пачатак XX ст. Яромічы, Кобрынскі раён.

Традыцыйны комплекс мужчынскага адзення складаўся з палатнянай кашулі, нагавіц, камізэлькі. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абкручвалі анучамі, абувалі лапці, скураныя пасталы, пазней - боты. Галаўным уборам былі саламяны капялюш ці валеная магерка. Закончанасць ансамблю прыдавала скураная сумачка-шабета, якую падвешвалі цераз левае плячо ці да пояса. Мужчынскі касцюм сціплы паводле аздаблення. У ім пераважаў белы колер, а дэкор прыпадаў на каўнер, пазуху кашулі і перш-наперш на кідкі ў вочы рознакаляровы пояс з кутасамі.

Асабліва высокага ўзлёту фантазіі і майстэрства мастацтва беларускага народнага адзення дасягнула ў жаночым касцюме. Самабытнасць яго вызначае самабытнасць нацыянальнага касцюма беларусаў увогуле. Так, найважнейшая частка адзення - кашуля, якую насілі ў любым узросце, сацыяльным і сямейным становішчы, у будні і святочны дзень,- увабрала ў сябе, як у фокус, характэрныя канструкцыйныя прыёмы і дэкаратыўныя прынцыпы беларускага касцюма. У залежнасці ад крою ў жаночай кашулі вылучаюцца тры асноўныя тыпы: тунікападобная; з прамымі плечавымі ўстаўкамі; з гесткай. Каля адкладнога, радзей стаячага каўняра тканіна прызбіралася і аблягала шыю, а спераду каўнер завязваўся чырвонай жычкай або зашпільваўся на шпонку ці гузік; прызбіраўся на каўнерац і ніз рукава. Найбольшую ўвагу звярталі на ўпрыгожанне рукавоў, што звязана з мастацкай тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную, сілу чырвонага рамбічнага арнаменту, які нібыта засцерагаў рукі ад злых духаў, надаваў моц і дужасць як асноўным у працы.

Разнастайнае паясное адзенне беларускіх жанчын: многія віды спадніц (андарак, палатнянік, саян, летнік), панёвы, фартухі. Іх кроілі з некалькіх прамавугольных полак і багата аздаблялі. Дэкаратыўны малюнак спадніцы і панёвы - клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце.

Кампазіцыйна-арнаментальнае вырашэнне фартуха адпавядала вырашэнню кашулі і гарманізавалася з ёю. Апрача таго, фартух упрыгожваўся карункамі, махрамі і быў прыкметнай часткай касцюма. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў таксама гарсэт. Звычайна ён меў выгляд кароткай безрукаўкі, якая шчыльна абхоплівала стан і рабіла фігуру зграбнай і жаноцкай. Шылі гарсэт пераважна з мануфактурных тканін (аксаміт, парча, шоўк) чорнага, блакітнага, малінавага колеру, кроілі з глыбокім выразам пазухі і баскай па нізе, якая вырашалася фальбонамі ці клінамі, аздаблялі нашыўкамі стужак, тасёмак, гузікаў.

Абавязковым элементам комплексу быў рознакаляровы, звычайна чырвона-зялёна-белага арнаменту, пояс - тканы, плецены ці вязаны, з кутасамі, махрамі або пампонамі. Прычоскі і галаўныя ўборы строга залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. Традыцыйная прычоска дзяўчат - адна ці дзве касы з уплеценымі каснікамі, а галаўныя ўборы - перавязкі накшталт вузкіх ручнічкоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй кабеце не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Адсюль - большая складанасць і разнастайнасць галаўных убораў. Па сваёй будове яны падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка, сарока, рожкі), каптуровыя (каптур, чапец). Самы пашыраны і самы адмысловы ўбор - намітка. Яна мноствам спосабаў павівалася вакол галавы на спецыяльным каркасе, канцы яе прыгожа драпіраваліся на спіне, а постаць жанчыны атрымлівала выключную статнасць і велічнасць.

Будзённым абуткам жанчын служылі лапці, святочным - скураныя пасталы і чорныя хромавыя чаравічкі.

Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася паміж сабой. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, латушка, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок, казачына). Дэкаратыўнасць найбольш выяўлялася ў святочных світах і кажушках, якія па-майстэрску кроіліся, упрыгожваліся шнурком, аплікацыяй, вышыўкай. Кажухі і кажушкі былі белыя недублёныя, пазней чырвона-вохрыстыя дублёныя.

Своеасаблівае люстра шматвяковага жыцця народа, касцюм беларусаў канца XIX - пачатку XX ст., усе яго формы не былі аднароднымі, як не было аднародным само сялянства, расслаенне на кулацтва і беднату сярод якога ішло ў гэты перыяд вельмі інтэнсіўна. Рост таварна-грашовых адносін, масавага адыходніцтва, пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў размывалі "жанравыя" межы традыцыйнага народнага касцюма. Якраз на піку сваёй класічнай ураўнаважанасці ён зазнаў адчувальныя змены. Ды і ўнутраныя законы самога мастацтва выклікалі далейшыя зрухі, абнаўленне эстэтычных ацэнак. Моцны ўплыў гарадскога касцюма з яго тэндэнцыяй да спрашчэння і універсалізацыі форм, шырокае выкарыстанне тэхнічных фарбавальнікаў з яго тэндэнцыяй да паліхромнасці і расквечвання тканін і іншае прадракалі карэнныя пераўтварэнні народнага касцюма. Аднак з прычыны адсталасці матэрыяльнай базы, нізкага жыццёвага ўзроўню насельніцтва такія пераўтварэнні не маглі адбыцца.

Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая непазнавальна змяніла ўсе сферы жыцця, народнае адзенне беларусаў уступае ў якасна новы этап развіцця. Адны віды і састаўныя часткі адзення выйшлі з ужытку, а тыя, што захаваліся, і тыя, што ўзніклі, сталі зручнымі і дасканалымі. Поруч з ільнянымі і шарсцянымі тканінамі распаўсюдзіліся баваўняныя, шаўковыя і іншыя. З'явіліся невядомыя раней матэрыялы, спосабы аздаблення. І мужчынскі, і жаночы касцюмы сталі багатымі, разнастайнымі, сугучнымі свайму часу.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

У 20-30-я гады XX ст. шматколернасць і сакавітасць фарбаў пашыралі сферу бытавання на кашулі, фартухі, хусткі. Каларыт адзення рабіўся больш стракаты, спалучэнне колераў - больш смелае. Замест чыстых і глыбокіх тонаў пачалі прымяняць пераходныя. Гублялася семантыка традыцыйнага для Беларусі геаметрычнага арнаменту, усё большае месца адводзілася раслінным узорам. У строгую геаметрыю ўзорыстых тканін і вышывак урываюцца матывы, якія называюць: "ружы", "валошкі", "незабудкі", "званочкі", а дзе-нідзе паяўляюцца стылізаваныя выявы галубкоў, паўлінаў і іншыя заалагічныя матывы. Выкарыстоўваючы фарбавыя нюансы, майстрыхі дасягаюць каляровасветаценевага эфекту, і да сярэдзіны XX ст. акрэсліваецца новая ступень у развіцці мастацкіх сродкаў беларускага народнага касцюма: плоскасны малюнак набывае ілюзію аб'ёму.

Магутная матэрыяльна-тэхнічная база сацыялізму, няўхільны рост дабрабыту працоўных, павелічэнне вытворчасці тавараў народнага ўжытку, расшырэнне сеткі прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання абумовілі гістарычна апраўданае затуханне традыцый народнага касцюма. Але ён быў і застаецца невычэрпнай крыніцай натхнення, матываў і вобразаў для сучасных прафесійных творцаў, выдатным помнікам народнага дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва.

Крыніца: М. Раманюк. Беларускае народнае адзенне. М., "Беларусь", 1981

Каментары чытачоў
vkl.name напiсаў(ла) 29.11.2011 23:07
Хочацца больш малюнкаў, асабліва з мужчынскім адзеннем, зараз становяцца моднымі вышыванкі, чаму б не раскрыць гэтую тэму?
Олександр напiсаў(ла) 08.08.2012 01:21
Вітаю,сябри! А чи багато білорусів ходить у вишиванках? У нас в Україні вишиванка стала символом національно свідомих людей,патріотів своєї Батьківщини.
Admin напiсаў(ла) 14.08.2012 19:35
У нас таксама стала, але з сапраўднымі патрыётамы ў нас цяжкавата :) Таму пабачыць чалавека ў вышыванцы наўпрост на вуліцы - вельмі рэдкая з'ява.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.