Язычніцтва: народныя святкаванні і абрады

Язычніцкія вераванні.

Язычніцтва (паганства) - умоўны тэрмін, які абазначае старажытныя вераванні і культы, што існавалі да пашырэння трох сусветных рэлігій: будызму, хрысціянства, ісламу. Назва паходзіць ад царкоўнаславянскага слова "языцы" (народы, чужаземцы). Тэрмін "паганства" ўтвораны ад лацінскага слова "паганус" (язычнік). Язычніцтва - надзвычай шматслойная і разгалінаваная рэлігія, якая ўключае ў сябе рознастадыяльныя рэлігійныя ўяўленні (анімізм, фетышызм, татэмізм і інш.) пэўных гістарычных эпох. На працягу многіх тысячагоддзяў язычніцтва зведала шматлікія змены, пераўтварэнні, больш познія напластаванні. Яно пачыналася ад культу продкаў і закончылася складаным і разгорнутым пантэонам багоў. Ва ўсходніх . славян вярхоўным богам быў Пярун - бог грому і маланкі - адзін з найбольш старажытных багоў. Яго культ выводзіцца з часоў індаеўрапейскай супольнасці бронзавага веку. Сварог быў богам неба, а бог сонечнага святла Дажбог з'яўляўся яго сынам. Харс лічыўся богам Сонца, Волас (Велес) - богам жывёлагадоўлі, Стрыбог кіраваў вятрамі, якія наганялі дажджавыя хмары.

Летапісец гаворыць пра ўсходнеславянскія плямёны, што яны першапачаткова "не ведущие закона Божиа, но творяху сами себе закон", інакш былі язычнікамі. У старажытнага насельніцтва Беларусі доўга захоўваўся сямейна-родавы культ шанавання продкаў, звязаны з пахавальнымі звычаямі. Паводле этнаграфічных даных, у беларускіх сялян быў распаўсюджаны культ продкаў ("бацькоў"). Некалькі разоў у год адзначаліся памінальныя святы "Дзяды". Асабліва ўрачыста адзначалася свята восенню. Да яго старанна рыхтаваліся - чысцілі і мылі жыллё, рыхтавалі абрадавую ежу [1]. Перажыткам сямейна-родавага культу продкаў была вера ў дамавіка-нябачнага заступніка сям'і.

У славян мела распаўсюджанне язычніцкае ўяўленне аб "нячыстых нябожчыках", г. зн. тых, хто памёр ненатуральнай, гвалтоўнай ці заўчаснай смерцю. Лічылася, што небяспеку ўяўляе не дух ці душа нябожчыка, а ён сам. Нябожчыкі могуць уставаць з магіл і, валодаючы чарадзейнай сілай, нападаць на жывых людзей. Гэткія забабоны ляглі ў аснову апавядання ў" Аповесці аб мінулых часах" пра незвычайны цуд у Полацку. "У год 6600 (1092). Незвычайны цуд быў у Полацку. У наваджэнні д'ябальскім сярод начы быў тупат, стагнала апоўначы,.гойсалі як людзі д'яблы па вуліцы. Калі хто-небудзь выходзіў з дому, жадаючы паглядзець, дык яго адразу нябачна паражалі д'яблы. I ад таго (людзі) паміралі, і не адважваліся яны выходзіць з дамоў. Затым жа пачалі (д'яблы) днём з'яўляцца на конях, але не бачна іх саміх, а (былі) бачны капыты коней і так паражалі яны людзей у Полацку і яго вобласці. Таму і гаварылі людзі: "Мерцвякі (навье) б'юць палачан". Гэта прыгода пачалася з (горада) Друцка". Тут Полацкая зямля прадстаўлена як краіна, якую мала закранулі хрысціянскія пропаведзі. Таму ў ёй і з'явіліся злыя духі. Верагодна, прычынай для апавядання з'явілася эпідэмія (мор) [2].

Існуе паданне, паводле якога ў старажытныя часы каля так званага Валовага возера, якое размяшчаецца ў двух кіламетрах на ўсход ад Полацкага гарадзішча, знаходзілася капішча Перуна і Бабы-ягі. Гэта паданне доўга захоўвалася ў памяці старажылаў Полацка.

Добра вядома, што славяне да прыняцця хрысціянства пакланяліся абагаўлёнай імі прыродзе: гарам, камяням, крыніцам, азёрам, рэкам, кустам, дрэвам, гаям, а таксама звярам і птушкам, нарэшце агню, зоркам, месяцу і сонцу.

Месцы, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў, прыносілі ім ахвяры, называюцца свяцілішчамі або капішчамі. Наяўнасць свяцілішчаў у раннім сярэднявеччы на тэрыторыі Беларусі пацверджана археалагічнымі даследаваннямі. Размяшчаліся свяцілішчы на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот.

Значнае месца ў паданнях і вераваннях беларусаў займаў камень, аб чым сведчаць шматлікія прыклады [3]. Камяням, якія размешчаны ў рэчышчы і ўяўлялі небяспеку пры плаванні на лодках, рабілі ахвярапрынашэнні. Так, на р. Віліі ёсць група камянёў, якія называюць "Прывітальня". Праязджаючы на лодках міма камянёў, людзі кідалі ў ваду хлеб з соллю і выкрыквалі: "Вітаю цябе хлебам-соллю, хлеб-соль прымі і мяне прапусці" [4]. Такі звычай вядомы і на Заходняй Дзвіне.

У старажытным Полацку нават сярод прадстаўнікоў княжацкай дынастыі пасля прыняцця хрысціянства шанаваліся язычніцкія вешчуны. "Аповесць аб мінулых часах" прыпісвае Усяславу Полацкаму нараджэнне ад чараўніцтва. Сучаснікі надзялялі Усяслава звышнатуральнымі якасцямі.

Г.Штыхаў, крыніца: "Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны XIII ст./Рэдкал.: М.Касцюк (гал. рэд.) і інш.-Мінск: Экаперспектыва, 2007.-351 с; іл."

  • [1] Токарев С.А. Религия в истории народов мира. М, 1964. С. 181.
  • [2] Штыхов Г.В. Язычество и христианство в Полоцкой земле // Старожитності Русі-Украіни. Киів, 1994. С. 216.
  • [3] Ляўкоў Э.М. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992. С. 65-84.
  • [4] Мялешка М. Камень у вераваннях і паданнях беларусаў. Мн., 1926. С. 162,163.
Каментары чытачоў
Алена напiсаў(ла) 05.03.2013 17:06
Я дазналася вельми многа цудоунага. Дзякуй!!!!
Никита напiсаў(ла) 11.09.2013 19:09
Очень ясно и подробно всё написано, спасибо)
напiсаў(ла) 20.01.2015 10:44
напiсаў(ла) 20.01.2015 10:48

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.