Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка

Беларускі народны арнамент

З народных крыніц

М.С. Кацар. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка У 1925 г. ў нашай хаце ў в. Клімавічы Сенненскага раёна пэўны час жыў пісьменнік Максім Гарэцкі. Цікавіла яго ўсё: мова, фальклор, народнае мастацтва. 3 вялікай увагай і захапленнем разглядаў ён посцілкі і ручнікі, слухаў песні маёй маці Фядоссі Аляксандраўны і маіх сясцёр. Мы і самі не ведалі, што ўсё гэта, аказваецца, вялікая духоўная каштоўнасць, сведчанне народнага таленту і майстэрства, і былі шчыра ўдзячныя Гарэцкаму за такую высокую ацэнку нашай культуры.

Цікавасць да народнай творчасці, якую абудзіў у маёй душы вядомы пісьменнік, набыла сваё падмацаванне ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры, куды я паступіў у 1934 г. Мае настаўнікі - вядомыя вучоныя І.Грабар, А.Някрасаў, У.Бонч-Бруевіч - неаднойчы казалі мне, якой самабытнасцю вызначаецца народнае мастацтва Беларусі, колькі рэшткаў славянскай язычніцкай культуры яно захоўвае. І вось кожнае лета я - на сваёй радзіме, дзе ўсур'ёз заняўся вывучэннем народнай мастацкай вышыўкі і ткацтва, як найбольш багатай крыніцы старажытных вобразаў і матываў. Маімі субяседнікамі звычайна былі бабулькі 70-80 гадоў, часам шчасціла і на стогадовых. Гэта былі захавальніцы традыцый яшчэ XIX стагоддзя - пэўна, апошнія. Усё, што я чуў і бачыў, дбайна запісвалася, замалёўвалася, фатаграфавалася. Такім чынам, з 1934 да 1941 г. адбылося 9 паездак, у выніку якіх - сустрэчы з сотнямі ткачых, вышывальшчыц, каруначніц, дзесяткі сшыткаў і сотні аркушаў з запісамі, замалёўкамі і здымкі. У пасляваенныя часы - зноў экспедыцыі, камандзіроўкі, збіранне матэрыялаў.

На аснове гэтага і напісана кніга "Беларускі арнамент", прысвечаная сімволіцы арнаменту пераважна ў беларускім народным мастацкім ткацтве. На самым пачатку хачу выказаць асноўную думку, якая вынікае з гэтай работы: посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы - своеасаблівая аповесць пра жыццё народа і яго працу, шчасце і нястачы, мары і спадзяванні. Гэта і багатая скарбонка славянскай язычніцкай культуры.

Зрэшты, такой крыніцай з'яўляюцца і іншыя віды народнай творчасці. Нашы продкі былі людзі ўмелыя, практычна ўсё для свайго карыстання рабілі сваімі рукамі. Вось як піша пра гэта Барыс Сачанка ў сваёй кнізе "Вечны кругазварот": "Кожная вёска - гэта своеасаблівая дзяржава, з усім сваім - моваю, звычаямі, норавамі і побытам. Ды дзе вёска - кожны гаспадар, кожная гаспадыня імкнуліся быць ва ўсім незалежнымі, самастойнымі, абыходзіцца без чыёй бы і якой бы там ні было дапамогі. Трэба былі саха, барана, плуг, серп, калёсы, сані, сякера, граблі, піла, каса, лыжка, міска, гаршчок, вядро, дзежка, бочка - рабілі; трэба былі хамут, церассядзёлак, боты, світка, кажух, шапка, сарочка, штаны, рукавіцы - шылі; трэба былі вяроўка, атосы, лейцы, аборы - вілі; палатно, абрус, ручнік, коўдра, посцілка - ткалі... Самі, кожны сабе, будавалі хаты, хлявы, гумны, ёўні, лазні, самі лячыліся, калі каму-небудзь нядобрылася, нядужылася, навальвалася напасць - хвароба. На Палессі надта ж развіты былі рознага роду саматужніцтва, промыслы, рамёствы - цяслярства, ганчарства, бондарства, кавальства, ткацтва, рымарства... Арыгінальна, па-свойму пракладваліся дарогі, грэблі, масты, кладкі. Па-свойму, залежна ад умоў, развіваліся і паляводства, жывёлагадоўля, агародніцтва, садаводства... Лясы і балоты, што акружалі палешука з усіх бакоў з маленства да старасці, пакідалі свой адбітак на ўсім. Тут больш, чым дзе, немалое месца ў жыцці чалавека займалі рыбалоўства, паляванне, бортніцтва". Застаецца дадаць, што сказанае пісьменнікам можна аднесці не толькі да Палесся, а і да ўсёй Беларусі.

Аднак няўмольны час робіць сваё. Большасць традыцыйных самаробных прылад працы, прадметаў побыту, рэчаў хатняга ўжытку адышлі ў нябыт, саступілі месца прамысловым вырабам. Ды нельга дапусціць, каб разам з імі адышлі ў нябыт узоры народнай мастацкай творчасці. Гэта наш нацыянальны здабытак, аснова для развіцця сучаснай культуры. Трэба рабіць усё, каб выявіць, сабраць, зберагчы тыя ўзоры народнай мастацкай творчасці, якія яшчэ захоўваюцца ў традыцыйным побыце.

Пра што расказваюць узоры

Народнае мастацкае ткацтва - адзін з найбольш папулярных і пашыраных відаў народнага мастацтва. Між тым яно яшчэ слаба вывучана. Мы звыкла ацэньваем тканыя рэчы з пазіцыі прыгажосці, адмысловасці арнаментыкі, гармоніі каларыту. Але народнае ткацтва - яшчэ і бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Што ні ўзор - то сімвал. Сімвалы ўраджаю: Спарыш, Рай, Багач. Яны вучаць любіць Маці-Зямлю, працу, дабівацца добрага ўраджаю. Сімвалы святаў: Купала, Каляда, Масленіца, Вялікдзень. Тут - радасць, весялосць, гонар за вынікі сялянскай працы. Сімвалы памяці: Дзяды, Радаўніца, любоў і павага да продкаў. Усё, што захавана ў народным ткацтве, не пералічыць, але кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў, гонар за чалавека і яго працу, кожны ўзор мае сваё прызначэнне і сваю назву.

Вельмі вобразна сказала пра гэта сялянка А.Міклушова з Сянна:

Трэба многа знаць,
каб узор прачытаць.
Ці светлым сонцам,
ці хатнім аконцам,
ці вешчай кукушкай,
ці мяккай падушкай,
ці яркаю зоркай,
ці ўдавою горкай,
ці спорым святам,
ці родным братам,
ці роднай сястрыцай,
ці светлай крыніцай,
ці зарой-зараніцай,
ці добрай маладзіцай,
ці краснай дзявіцай,
ці свежай вадзіцай.

Узоры тканых і вышываных вырабаў - зашыфраваны аповяд пра жыццё народа, прыроду, людзей. "Я няграматная, - казала М.Хведаровіч з Верхнядзвінска, - не ўмею ні чытаць, ні пісаць. Уся мая навука, мая граматнасць - ва ўзорах маіх посцілак ды ручнікоў. Там, як у добрай кніжцы, як у якім-небудзь кіно можна дазнацца пра жыццё і людзей, і жывёлы, пра сонейка і зоркі, пра хваробу і пра здароўе, пра дзявочую долю і нядолю, пра ўсё, што ёсць у жыцці".

Сялянская мудрасць

Часам можа ўзнікнуць пытанне: што разумнае можа сказаць цёмная, непісьменная сялянка? І ўсё ж, не ў крыўду сучасным адукаваным жанчынам, колішнія непісьменныя сялянкі ў духоўных адносінах ім не саступалі. А што да еднасці з прыродай, тонкасці адчування навакольнага расліннага і жывёльнага свету, то нам да іх далёка.

Вось як жанчына-сялянка тлумачыла таямнічасць і цудадзейнасць абуджэння прыроды пасля зімовага сну. Яна стварыла ўзор сонца ў выглядзе ромба з адросткамі-прамянямі (іл. 1). Зямлю яна зашыфравала гэткім жа ромбам, але з прамянямі ўнутр (іл. 2). Укампанаваўшы сімвал сонца ў сімвал зямлі, майстрыха вобразна паказала, як спалучэнне жыццёвых сіл сонца і зямлі абудзіла прыроду, наступіла вясна (іл. 3).

Беларускі арнамент. Сонца
1. Узор Сонца
Беларускі арнамент. Зямля
2. Узор зямлі
Беларускі арнамент. Абуджэнне прыроды
3. Узор абуджэння прыроды вясною

А вось іншы прыклад. Як вядома, у народзе голуб і галубка лічацца сімвалам кахання. Паглядзім, як гэта адлюстроўваецца ў арнаменце ручнікоў, на якіх часта сустракаюцца гэтыя матывы.

Голуб ідзе за галубкай (іл. 4). Першае знаёмства хлопца з дзяўчынай. Каханне толькі пачынаецца.

Дзве птушкі павернуты галоўкамі адна да адной, часам - букет паміж імі (іл. 5). Каханне ў самым росквіце.

Калі ж вышываныя ці вытканыя птушкі павернуты ў розныя бакі - каханне скончылася (іл. 6). Гэта - паэма пра трагічнае каханне, каханне без узаемнасці.

Беларускі арнамент. Пачатак кахання
4. Каханне пачынаецца
Беларускі арнамент. Росквіт кахання
5. Каханне ў росквіце
Арнамент. Без узаемнае каханне
6. Каханне без узаемнасці

Падобныя прыклады можна множыць, што мы і ўбачым далей.

Подых язычніцтва

Старажытная язычніцкая культура ў многім таямнічая і незразумелая для нас. Амаль усё забылася, сёння сэнс многіх з'яў і сімвалаў нам невядомы. Але яны захаваліся ў нашым жыцці: у абрадах, звычаях, сімвалах, матывах; мы і самі часам не падазраваем пра гэта. Захаваліся прозвішчы старажытнаславянскага язычніцкага паходжання: Жыцень, Трызна, Купала, Жаўрук, Заранка, Сяўрук, Журба, Зязюля, Каляда. Захаваліся назвы і паняцці: Жур, Буй, Яр, Ярыла, Волат, Курган, Пярун, Русалка, Масленіца, Дзяды. Славянская язычніцкая міфалогія жывіла творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, К.Буйло і інш.

Абрус з сімваламі ўраджаю
7. Пятроўская. Абрус з сімваламі ўраджаю. Расонскі р-н Віцебскай вобл.

Сёння мы ведаем, што культура славянскіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, была досыць высокай. Нашы далёкія продкі стварылі багатую міфалогію, якая адлюстроўвае іх светапогляд і па сваім узроўні можа быць супастаўлена з міфалогіяй старажытнейшых зямных цывілізацый, напрыклад, грэчаскай. Вось некалькі параўнанняў: Зеўс-грамавержац, бог сонца Геліос, багіня-маці зямлі Гея, багіня кахання і прыгажосці Афрадыта, бог агню і рамёстваў Гефест, німфы - у грэчаскай; адпаведна Пярун, Сварог, Вялікая Багіня Маці-Зямля, Лада, Жыжаль, русалкі - у славянскай. Такія параўнанні можна множыць.

З прыняццем хрысціянства афіцыйная рэлігія ўсімі сіламі змагалася з язычніцтвам. Знішчаліся капішчы і скульптуры язычніцкіх багоў, з народнай памяці выкараняліся старажытныя звычаі і абрады. Але, пераканаўшыся ў неўміручасці язычніцтва, царква праявіла дальнабачнасць: спалучыла язычніцтва з хрысціянствам. Так і дайшлі да нашых дзён Каляды, спалучаныя з Раством Хрыстовым, Вялікдзень (веснавое свята ў гонар Ярылы) - з Уваскрэсеннем Хрыстовым (Пасхаю) і г.д.

Посцілка з услаўленнем чалавека працаўніка
8. П.Буйко. Посцілка з услаўленнем чалавека працаўніка. Грамашы Полакага р-на Віцебскай вобл

Своеасабліва такое спалучэнне праявілася ў народнай мастацкай творчасці. Думаецца, нездарма ў ткацтве мы часта бачым па два сімвалы. Адзін - у выглядзе разеткі ці ромба яўна язычніцкага паходжання, другі - жаночая фігурка, пэўна, звязаная з хрысціянскай іканаграфіяй.

Язычніцтва нясе ў сабе ідэю цеснай сувязі з прыродай, пакланення яе сілам, Бацьку Сонцу і Маці Зямлі. Гэта ідэя, сэнс якой мы закладваем сёння ў паняцце экалогія, ідэя, якая процістаіць жорсткасці, насіллю, знішчэнню. Такім чынам, праз тысячагоддзі да нас дайшлі вобразы і сімвалы любові да прыроды, працы, чалавека. Што і казаць пра іх надзённасць! Давайце ж актыўней абапірацца ў нашым жыцці на добрыя ідэі, звычаі і абрады - тое, што выпрацавалі нашы далёкія продкі-язычнікі і адлюстравалі ў тканых вырабах.

Мы часам і не ўсведамляем, што свядома ці несвядома абапіраемся на духоўныя каштоўнасці, створаныя яшчэ ў язычніцкія часы. Да нашых дзён захавалася традыцыя адзначаць святы яшчэ язычніцкага паходжання. Гэта радасныя, светлыя святы, яны праслаўляюць жыццядайныя сілы прыроды. У іх шмат вясёлых песень, музыкі, танцаў, а такая жыццярадаснасць і аптымізм вельмі дарэчы ў наш цяжкі час. Дык варта адраджаць такія святы.

Нашы продкі многія святы прысвячалі ўраджаю. Праслаўляючы плён сваёй працы, яны стварылі шмат песень пра ўраджай, увасобілі яго ў многіх вобразах: Жыцень, Спарыш, Рай, Багач, Жытняя Баба. Узоры ў народным ткацтве, кажучы сучаснай моваю, - гэта агітацыя і прапаганда за ўраджай, праслаўленне працы і ўмелых рук селяніна. Успомнім гэтыя язычніцкія святы, угледзімся ў арнаментыку тканых вырабаў. Можа, багацейшым стане наш стол на хлеб і сала (гл. 7).

Славяне-язычнікі пакланяліся маці-прыродзе, Богу Сонца, Багіні Маці-Зямлі, Богу ветру Стрыбогу, духу вады Вадзяніку, духу лесу Лесавіку, духу нівы Палевіку, духу сядзібы Дамавіку. А мы адвярнуліся ад прыроды, высеклі лясы, запаскудзілі рэкі, зямлю, паветра. Рана ці позна знішчым самі сябе. Дык, можа, зноў паклонімся прыродзе?

Як "чытаць" узоры

У народным мастацкім ткацтве вельмі шмат узораў падобных па характары і малюнку, таму іх часта блытаюць. Вось, напрыклад, узор "зорка". Яна пакладзена ў аснову вобраза маці, чалавека, сімвала ўраджаю. Тым не менш ёсць між імі пэўная розніца. Вобраз маці - гэта зорка, аблямаваная пышным вянком і гірляндай з кветак, прычым аблямоўка можа быць квадратнай ці васьмівугольнай (гл. іл. 130). Вобраз чалавека - таксама зорка, але яе чатырохвугольная аблямоўка значна прасцейшая, ланцужковая (іл. 8). Сімвал ураджаю Спарыш - гэта ўжо не зорка, а разетка, скампанаваная з чатырох жытнёвых каласкоў, размешчаных пад прамым вуглом, адзін да аднаго. Можа быць і аблямоўка, але не абавязкова (гл. іл. 28).

Часам побач з асноўным узорам змяшчаюць іншыя, дадатковыя. Напрыклад, майстрыха В.Секацэвіч на ўзоры "жаночая доля" змясціла сімвалы кахання - голуба і галубку, узор зямлі-карміцелькі і зорку - сімвал чалавека. А сэнс такі: ткачыха адлюстравала на посцілцы сваё шчасце, свой лёс, які яна звязвае з гэтымі сімваламі.

На тканых вырабах сустракаюцца ўзоры, у якіх зашыфраваны загадкі. У Беластоцкай вобласці ў 1939 г. давялося бачыць посцілку, на якой можна было "прачытаць" загадку:

Што гарыць без полымя?
Што расце без кораня?
Што бяжыць без повада?
Што бела, нябелена?
Што цвіце апоўначы?

Некаторыя з гэтых узораў былі добра вядомыя ў народным ткацтве. Так, агонь-Жыжаль меў выгляд разеткі. Вада таксама адлюстроўвалася характэрным узорам у выглядзе разеткі з маленькіх і вялікіх квадрацікаў. Узор папараці, якая цвіце ў поўнач, нагадваў разетку з яе галінак. Падобныя творы вызначаюцца і пазнавальнасцю, і займальнасцю.

Узоры, прыведзеныя ў гэтай кнізе, пераважна чорна-белыя, а на тканых і вышываных вырабах - рознакаляровыя, яркія і звонкія. Вядома, што па сваім эмацыянальным уздзеянні ўзоры ў кнізе прайграюць у параўнанні з арыгіналамі.

Большасць узораў народнай тэкстыльнай арнаментыкі беларусаў характэрна ў цэлым для славян. Калі б работа па вывучэнні арнаменту была наладжана ва ўсіх славянскіх народаў, можна было б зрабіць неабходныя параўнанні, выразней выявіць агульнасць славянскай гісторыі і культуры, іх месца ў еўрапейскім кантэксце. Гэта садзейнічала б збліжэнню славянскіх народаў, узмацніла б узаемадзеянні славянскіх культур.

Многія майстрыхі ўпэўнены, што тканыя вырабы і ўзоры на іх вылечваюць людзей. Магчыма, і так, бо і песні, і ўзоры нараджаюцца ад зеляніны лугу, квецені саду, ляснога шуму, абуджаюць надзею, любоў і шчасце. Данесці гэта да чытача - асноўная задача кнігі.

Узоры жыцця

"Вышываюць гэты ўзор тады, калі трэба прасіць Бога, каб ачуняў чалавек, - тлумачыла майстрыха Е.Бергавінава (Абольцы Талачынскага р-на) характэрны арнамент на сваім вырабе (іл. 9). - А яшчэ - калі ў бабы няма дзяцей". Скампанаваны гэты ўзор з дзвюх частак: ромб з адросткамі-прамянямі - Сонца (іл. 10), такі ж ромб, але прамяні накіраваны ўнутр, - Зямля (іл. 11). Каб выказаць ідэю росквіту прыроды, жыцця, сімвал Сонца змяшчаецца ў сімвал Зямлі (іл. 12).

Беларускі арнамент. Жыццё
9. Узор жыцця
Беларускі арнамент. Сонца
10. Сонца
Беларускі арнамент. Зямля
11. Зямля
Беларускі арнамент. Росквіт прыроды
12. Сімвал росквіту прыроды,
жыцця

Ф.Выдра (Выдрыцы Крупскага р-на) вышыла на ручніку такія ўзоры яшчэ да 1861 г. У тыя часы галоўнымі багамі лічыліся Бог Сонца і Багіня Маці-Зямля. Ад іх залежала ўсё жыццё на зямлі. Яны кахалі адзін аднаго, жылі як муж і жонка, мелі дзяцей - Вясну і Ярылу. Ад Ярылы і пайшло ўсё дабро: жыта, ячмень.

Е.Сыч падобны ўзор на сваім вырабе тлумачыла так: "Галоўнае ў жыцці і ў прыродзе - сонца і зямля. Зямля нас нарадзіла, а памрэм - яна нас прыме. Зямля і сонца - нашы бацькі. У іх ёсць дзеці - Ярыла, Вясна, Купалінка, Каляда, Радуніца. Вялікая тайна - жыццё. Скажу табе, дарагі вучоны масквіч Міхасёк: любі сонца, любі зямлю, любі прыроду. І пастарайся, каб і яны палюбілі цябе. І тады ты станеш моцным, як дуб, мудрым, як сава, шчаслівым, як птушка".

Узор, які спалучае сімвалы зямлі і сонца, шырока вядомы ў беларускім ткацтве. Калісьці яго можна было бачыць у кожнай сялянскай хаце, паколькі ён лічыўся цудадзейным. Называюць яго па-рознаму: Жыццё, Вясна, Ярыла. Гэта адзін з найстаражытных сімвалаў, у якім зашыфравана вялікая таямніца жыцця.

У свеце шмат таямніц. Некаторыя з іх разгадваюцца, расшыфроўваюцца. Раскрыта таямніца іерогліфаў Егіпта, пісьмёнаў старажытных Асірыі, Вавілона, Кітая, Індыі. Гэткая ж таямніца - і ў арнаментыцы тканых і вышываных вырабаў беларускіх сялянак. Яны ж і дапамаглі ў расшыфроўцы некаторых узораў.

"Мова" арнаменту

“Я пражыла доўгае жыцце, мне 85 гадоў, - расказвала А.Лукашэвіч. - Выткала шмат прыгожых посцілак і ручнікоў. Усё, што я бачыла ў жыцці, што рабіла, як мучылася, весялілася, любіла хлопцаў, выходзіла замуж, як мы будавалі дом, кахалі адзін аднаго - усё гэта я расказала ў сваіх работах. У іх я ўклала ўсе сваё сэрца, усю сваю любоў. У посцілках і ручніках можна гэтак жа праўдзіва расказаць пра сваё жыццё, як і ў кнігах".

А вось Е.Мазуркевіч (Калінкавічы) выткала посцілкі, узоры на якіх можна "чытаць" як загадкі і адгадкі:

Што за ўсё тлусцейшае? Зямля.
Што за ўсе цяплейшае? Сонца.
Што за ўсе чысцейшае? Вада.
Што за ўсе хутчэйшае? Вецер.
Хто за ўсіх дабрэйшы? Маці.
Што за ўсе мілейшае? Яда.
Што за ўсе смачнейшае? Хлеб.
Што за ўсё мацнейшае? Смерць.
Хто за ўсіх багацейшы? Каза.
Хто самы працалюбівы? Пчала.
Хто самы гаротны? Жанчына.
Што самае прыгожае? Кветка.
Што без канца і пачатку? Дарога.
Хто ўсіх корміць? Зямля.

Гэта толькі два найбольш характэрных прыклады "мовы" арнаменту, які, як бачым, адлюстроўвае думкі і пачуцці народа, яго этычныя і эстэтычныя погляды. Несумненна, далейшая расшыфроўка арнаментальных узораў раскрые шмат якія жыццёвыя таямніцы, духоўны свет беларуса. Але гэта - справа маладых даследчыкаў.

Арнамент Жыценя на тканых вырабах
13. Матыў Жыценя на тканых вырабах

Паэтыка жаночай душы

Пра свае вырабы майстрыхі могуць расказваць цэлыя паэмы. Паслухаем васьмідзесяцігадовую Н. Гаравую: "Усё, што я бачыла і перажыла, я выткала і вышыла на посцілках і ручніках. Калі мне было 17 гадоў, я закахалася ў Паўліка. Белагаловы, з сінімі вачыма, ён быў дужа добры. Мне параілі бабулі, і я вышыла ручнік з голубам і галубкай (іл. 14). Калі Паўлік пачуў пра гэта, прыслаў да мяне сватоў, і мы пажаніліся. Вось якое дабро зрабілі гэтыя галубкі. Ды здарылася няшчасце. У мяне забалеў жывот, не нараджаліся дзеці. Стала я пытацца ў бабак, яны і параілі мне вышыць Маці-Радзіцельніцу і Святое Дрэва (іл. 15). Пасля гэтага перастаў балець жывот, пайшлі дзеці. Я была шчаслівая і давольная.

А вось яшчэ што было. Доктар сказаў мне: жывот баліць і няма дзяцей таму, што калодзеж выкапаны побач з хлявом. Калі выкапалі новы калодзеж, перастаў балець жывот, пайшлі дзеці. Былі нават вострыя спрэчкі: хто ж дапамог - медыцына ці бабкі?"

Е.Краўцова вышыла ручнік у некалькі радоў. У першым - 5 постацей Лады, у другім - 4 ружы, у трэцім - 4 галубы і галубка. У свае 18 гадоў яна хацела, каб яе кахаў Міхась. А другі ручнік, як ёй параіла настаўніца, яна выткала ў падарунак мужу. На ім - Лада, па баках - ружы (іл. 16). Гэта - прыгажосць і каханне. Тут жа і подпіс: "Люблю цябе, любі мяне". "Я веру ў ручнік. Ён мае вялікую сілу", - сказала жанчына.

Беларускі арнамент. Сімвал кахання
14. Голуб і галубка -
сімвал кахання
Беларускі арнамент. Маці-Радзіцельніца
15. Маці-Радзіцельніца
і Святое Дрэва
Беларускі арнамент. Лада ў ружах
16. Лада ў ружах -
сімвал прыгажосці і кахання

Як робіцца "запіс"

Калі жанчына садзіцца за работу, яна, як і пісьменнік, кампазітар ці мастак, выбірае тэму твора, абдумвае яго план, кампазіцыю, каларыт, вызначае галоўныя і дадатковыя вобразы. Возьмем для прыкладу посцілку М.Вараб'ёвай, якая назвала яе "Жаночая доля" (іл. 17), хоць дакладней трэба было б сказаць "Мары жанчыны пра лепшую долю".

Галоўнае месца ў арнаментыцы посцілкі займае матыў у выглядзе вазона. Гэта - сама майстрыха. Вышэй - васьміканцовая зорка, сімвал чалавека, у гэтым выпадку - мужа. Унізе - голуб і галубка, сімвал кахання. Так майстрыха выказала мару мець добрага, любімага мужа, гаспадара ў сям'і, бацьку дзяцей. Тут жа бачым і ромб з маленькіх ромбікаў - сімвал Маці Зямлі-Карміцелькі.

На вязаным абрусе Т.Васілеўскай (Мігулкі Сенненскага р-на) вобраз ураджаю, яго сімвалы Спарыш і Раёк, а таксама галоўная даравальніца ўраджаю - Маці Зямля-Карміцелька.

Узор на посцілцы П.Буйко (Грамашы Полацкага р-на, гл. іл. 8) тлумачыцца так. Аснову яго складае васьміканцовая зорка - сімвал чалавека, тут - гаспадара сям'і. У вольных прамежках укампанаваны маленькія ромбікі. Гэта Зямля-Карміцелька. Зялёная рамбічная сетка-гірлянда вакол зорак абазначае: слава гаспадару сям'і, працаўніку на Зямлі-Карміцельцы.

Падобная кампазіцыя і на іншай посцілцы (іл. 18). Тут зоркі - сімвал чалавека - чаргуюцца з васьміканцовымі разеткамі - сімвалам ураджаю Жыценем. Трэба чытаць, што тут славіцца ўраджай і селянін-хлебароб.

Посцілка з адлюстраваннем жаночай долі
17. А.Вараб'ёва. Посцілка з адлюстраваннем жаночай долі. Гомельская вобл.
Фрагмент посцілкі з матывам Жыценя
18. Фрагмент посцілкі з матывам Жыценя. Жлобінскі р-н Гомельскай вобл.
Дыван з адлюстраваннем сямейнага радаводу
19. Дыван з адлюстраваннем сямейнага радаводу. Гродзеншчына

Дыван-радавод

На Гродзеншчыне сустракаюцца складана вытканыя так званыя падвойныя дываны, якія вызначаюцца багата распрацаванай кампазіцыяй дэкору, нярэдка вельмі старажытнай і загадкавай. Адзін такі дыван з Гродна, вытканы ў 1936 г. (іл. 19) мне дапамаглі расшыфраваць ткачыхі з Гродна, Ліды, Навагрудка ў 1939 годзе. На іх думку, гэта запаветны дыван, які сімвалізуе вечнасць роду, здароўе і моц сям'і.

Кампазіцыя дывана складаная, але дакладна распрацаваная, з улікам традыцыйных звычаяў, абрадаў і вераванняў, звязаных з сям'ёю і родам. У цэнтры - магутны ствол, што абазначае род, ад яго сіметрычна адыходзяць па 8 галін, на кожнай з іх - па 2 маленькія дрэвы жыцця. Адно сімвалізуе бацькоўскую, другое - мацярынскую лінію роду. На кожным дрэўцы - па 6 бутонаў, кожны складаецца з 4 матываў - сімвалаў сям'і. Пучкі роўных ліній, што коса адыходзяць ад галін уніз - гэта малітва, просьба, якую выказваюць на Дзяды і на Радаўніцу духам памерлых продкаў, каб ім на тым свеце было вечнае шчасце. Птушкі накшталт пеўнікаў ці галубкоў абазначаюць ахвяраванне, якое прыносяць як памяць пра памерлых. Дзе-нідзе да галін падвешаны маленькія разеткі рознай формы і памеру - просьба маці пра вечнае шчасце памерлым дзецям.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Як бачым, тут цэлая жыццёвая паэма пра вечнасць і неўміручасць роду і сям'і. Ці не таму і выжылі беларусы, нягледзячы на войны, смерці, голад і хваробы? Гэты дыван - яшчэ і напамін усім нам: будзем берагчы род і сям'ю - будзем неўміручыя.

Спампаваць цалкам кнігу Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка у фармаце DjVu (16Mb)

Кацар М.С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка/ Навук. рэд. Я.М.Сахута. - Мн.: БелЭн, 1996 - 208 с.

Каментары чытачоў
Kestut напiсаў(ла) 05.12.2011 00:09
максим напiсаў(ла) 04.11.2012 23:40
где арнамент и узоры наших воинов или мы все всегда были рабами у паляков и руских
Сяржук напiсаў(ла) 15.07.2013 23:23
Каб паболей такіх кніжак, але чаму "язычніцтва", а не" паганства"?
Зніч напiсаў(ла) 23.07.2013 17:17
А таму што "русізмаў" у беларускай мове з кожным годам становіцца ўсё болей ды болей...
Не так даўно на шыльдзе, што перад уваходам у Цэнтральны аўтавакзал, прачытаў "кафэтэрый" замесца належачага "кавярня". А на 9 мая парад і ўрачыстасці ў сталіцы  праходзіць ля Вечнага агню, а не каля Зніча
Нерыгорыч напiсаў(ла) 14.08.2013 02:57

Таму што "язычніцтва" - наша слова, а "паганства" - лацінскае.

А табе, Зніч, варта наведаць лекара.

Nina напiсаў(ла) 19.09.2013 10:53
Узоры
Іна напiсаў(ла) 08.06.2014 18:53
Нерыгорыч, "язычніцтва", магчыма, і ёсць ВАША слова, але не беларускае.
Адэля напiсаў(ла) 02.05.2015 09:50
Ясак - гэта падатак у Залатой Ардзе на нехрысцiянскае i немусульманскае насельнiцтва... Ясачнiкi (язычнiкi) - прыйшлы тэрмiн з улуса пад назвай Масковiя...
BolshoyPuTinAlex напiсаў(ла) 20.04.2017 11:19
DavidDaype напiсаў(ла) 04.05.2017 22:53
All Toronto condo projects are here: http://www.condoprojects.ca/
Santaplolo напiсаў(ла) 25.06.2017 00:20

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.