Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка

Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці

Галоўнай крыніцай існавання людзей на зямлі былі жывёлагадоўля і земляробства. Таму сімваламі багацця ў многіх народаў звычайна з'яўляюцца адлюстраванні свойскай жывёлы і сельскагаспадарчых раслін, пераважна зерневых. Так, у старажытнай Фінікіі, якая займала тэрыторыю сучаснага Лівана, багіня ўрадлівасці мела выгляд пышнацелай жанчыны з каласамі ў руках і коньмі побач. Культ урадлівасці быў характэрны для старажытных Урарту, Вавілона, Асірыі, Егіпта і інш.

Беларусь заўсёды была краінай класічнага земляробства. Тут здаўна радзілі жыта, ячмень, авёс. Як пісаў вядомы беларускі асветнік Сімяон Полацкі, земляробства - самае неабходнае рамяство, а хлеб даражэйшы за золата і серабро. Нездарма так шмат беларускіх народных песень услаўляюць ураджай, хлебароба, адвечную сялянскую працу. Шмат сімвалаў ураджаю знойдзем мы і ў дэкор тканых і вышываных вырабаў.

Ярыла-Юрай

У славянскіх плямёнаў часоў язычніцтва Ярыла лічыўся Богам урадлівасці і жыццёвых сіл прыроды. З прыняццем хрысціянства яго месца заняў хрысціянскі святы Юрый-Пераможац - Юрай, Юр'я, Ягорый. Ярыла стаў забывацца і захаваўся хіба што ў фальклоры з яго старажытнымі каранямі.

Вось дзве песні. У адной згадваецца Ярыла, у другой - Юрый. Змест іх амаль тоесны, і несумненна, што абедзве прысвечаны аднаму і таму ж герою - Ярыле:

Прышоў празнік святога Яра.
Яго лічыка бялюсенька.
Узяў ключы вясновыя,
не простыя - залатыя.
Адамкнуў зямліцу, пусціў расіцу,
пусціў расіцу на ўсю зямліцу -
на траўку-мураўку, на постаці яравыя.
(Мінская вобл.)

А вось іншы варыянт:

Настаў празнік - святы Юр'я.
Святы Юр'я ўперад пайшоў,
асядлаў каня варанога,
паехаў прама да Бога.
Узяў ключы залатыя,
адамкнуў маці-зямліцу,
пусціў расу на ўсю зямліцу,
на ўсю зямлю вясеннюю.
(Маладзечанскі р-н)

Толькі і розніцы, што Ярыла хадзіў пехатою, а Юрый ездзіў на кані. "Перасадзілі" на каня і Ярылу.

Е.Пузік з Полацка вышыла на ручніку конніка. Пытаю: хто гэта? "Святы Ярыла, - адказвае. - А вышыла яго таму, што ён прыносіць добры ўраджай".

Чым глыбей разбіраешся з арнаментацыяй ткацтва, тым больш пераконваешся, што вобраз Ярылы мае нейкае асаблівае, усеахопнае значэнне. Гэта сімвал жыццёвай сілы, вытворчых магчымасцей прыроды. Гэта нібы вобраз маці для ўсіх людзей. Вобраз Ярылы абуджае ў нашай душы нешта першароднае, старажытнае - тое, што калісьці давала сілу чалавеку, дапамагала яму выстаяць у барацьбе за жыццё.

Вышывальшчыца А.Красічкава (Мінск) расказвала пра тыя часы, калі была дзяўчынкай і ездзіла да бабулі ў вёску. Вясною там адзначалі свята Ярылы-Юр'я. Раным-рана выганялі на луг, на расу статак. Бабка гучна звярталася да Ярылы з просьбаю ахоўваць жывёлу ад драпежнікаў, даць ёй здароўе і плоднасць. Казала яна і пра тое, што ў Ярылы ёсць жонка Жытняя Баба і дзеці - Жыцень, Спарыш, Рай і Багач.

Па ўспамінах М.Васілеўскай (1848 г.н., Мігуліна Сенненскага р-на), вясной на Юр'я выганялі статак на маладую свежую веснавую траўку, запальвалі грамнічную свечку, абыходзілі з ёю жывёлу, клалі асвячонае яйка і праганялі па ім кароў і авечак. Сталая паважаная жанчына запявала, а ўсе хорам падхоплівалі песню-просьбу да Ярылы-Юр'я даць добры ўраджай, абараніць жывёлу ад хвароб, забяспечыць яе плоднасць:

Ярыла, устань рана,
Ярыла, умыйся бела,
Ярыла, прычашыся гладка,
Ярыла, глянь у ваконца,
Ярыла, паглядаі на сонца,
Ярыла, вазьмі ключы ў сонца,
Ярыла, адамкні маці-зямліцу,
Ярыла, прагані злую зіміцу,
Ярыла, напаі зямлю вадзіцай,
Ярыла, пусці расіцу
на зялёную травіцу,
Ярыла, выгані з хлява жывёлу,
хай жывёла гавяда пасецца,
хай курачка нясецца,
хай свіння сыцее,
хай кароўкі тлусцеюць,
хай даюць малачка дзеткам.

Далей Марыя Фёдараўна прадоўжыла:

Ярыла, садзіся на каня варанога,
Ярыла, едзь на нівы-постаці,
Ярыла, расці жыта ўрадлівае:
коранем караністае,
сцяблом сцяблістае,
коласам каласістае.
На ніве капамі,
у полі снапамі,
на таку ўмалотам,
у дзяжы падходам,
у печы прыпёкам,
у хаце спорам,
на стале сыццю.
Вобраз Ярылы ў народным уяўленні ўвасабляў абуджэнне прыроды пасля зімовага сну, змену зімовага холаду на веснавую квецень. Ярыла - сімвал адвечнага росквіту вытворчых, жыццёвых сіл прыроды. Ярыла - відаць, ад слова яр, ярына, яравы, г.зн. веснавы, як яравыя пшаніца ці жыта.

Вобраз Ярылы шматаблічны, як шматаблічная вясна - то халодная, то цёплая, то дажджлівая, то сухая. Таму і ў народным ткацтве вобраз Ярылы ўвасоблены многімі ўзорамі. Адзін з іх паказвае Ярылу на кані. "Успаміны пра Ярылу, - пісаў рускі фалькларыст А.Афанасьеў, - добра захаваліся на Беларусі, дзе яго ўяўляюць маладым, прыгожым... на белым кані, у белай мантыі. На галаве ў яго вянок з веснавых палявых кветак. У левай руцэ трымае ён жменю жытніх каласоў" (Афанасьев А. Поэтнчеекне воззрения славян на природу. М., 1865. Т. 1. С.4). Гэтаму апісанню Ярылы дакладна адпавядае яго стылізаваная выява ў вышыўцы (іл. 20).

З прыняццем хрысціянства многія язычніцкія багі былі хрысціянізаваны. Ярыла стаў Юрыем-Пераможцам, Юр'ем на кані, тым больш, што і назвы іх падобныя: Яр-Юры, Ярыла-Юрыла, Яры-Юрай. Так у народнай свядомасці хрысціянскі святы Юрый-Пераможац стаў сялянскім заступнікам, апекуном поля, нівы, ураджаю.

Хрысціянскі Юрый-Пераможац, які працінае кап'ем змея і выратоўвае царскую дачку ад пагібелі, увогуле імпануе сваім геройствам, але селяніну беларусу ўсё ж бліжэй вобраз Ярылы. Беларус-працаўнік, які любіць зямлю, прыроду, воіна на кані свядома ці несвядома ператворыць у аратага. Так і зліліся два вобразы ў адзін - абаронца сям'і і абаронца ўраджаю. Дзеці Ярылы Жыцень, Спарыш і Багач, таксама клапоцяцца пра ўраджай на ніве. Таму селянін заўсёды вітаў іх, клікаў у госці, добра частаваў. Так ён спадзяваўся на добры ўраджай. Як бачым, узоры народнага ткацтва адлюстроўваюць мірны характар беларуса, нясуць антываенную ідэю.

Ярыла на кані
20. Ярыла на кані. Матыў традыцыйнай вышыўкі Мінская вобл.
Фрагмент вышыўкі з матывам Ярылы
21. А.Коўтун. Фрагмент вышыўкі з матывам Ярылы. Краснае Смаленскай вобл.
Узор Ярылы на кані
22. Узор Ярылы на кані.
Матыў Ярылы ў дэкоры посцілкі
23. Н.Гарошка. Матыў Ярылы ў дэкоры посцілкі. Беліца Гомельскай аобл.
Фрагмент вышыўкі з матывамі Ярылы
24. Д.Манькова. Фрагмент вышыўкі з матывамі Ярылы. Абідавічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.

Стары кульгавы жабрак-музыка Харытон (Сенненскі р-н) казаў: "Разам са мною (хоць яго і не відаць) ходзіць добры святы Ярыла-Юрша. Ён любіць, калі мяне добра кормяць, прымаюць, даюць міласціну".

Ярыла на кані вышыты на ручніку У.Галубковай (Клімавічы Сенненскага р-на, іл. 22). Яна верыла: калі Ярылу задобрыць, то ён дасць багаты ўраджай. Ярыла любіць, калі яго вышываюць на ручніку і вешаюць у царкве на абраз". На ручніку У.Галубковай Ярыла трымае ў руках жытнія каласы, на яго галаве - вянок з каласоў, імі прарасла фігура каня, вялікія каласы раскіданы і па ўсім ручніку.

Часцей сустракаюцца больш умоўныя сімвалы Ярылы, звычайна ў выглядзе арнаментальных разетак з прамянямі, якія адыходзяць убок, прычым гарызантальныя адросткі прамяні крыху большыя (іл. 23). Як бачым, матыў падобны на ўжо вядомы нам сімвал Сонца, і гэта невыпадкова. Некаторыя ткачыхі гаварылі, што Ярыла - сын Сонца.

Фрагмемт вышыўкі з матывам Ярылы
25. Фрагмемт вышыўкі з матывам Ярылы. Віцебская вобл.
Фрагмемт вышыўкі з матывам Ярылы
26. Фрагмемт вышыўкі з матывам Ярылы. Віцебская вобл.
Посцілка з сімваламі ўраджаю
27. Посцілка з сімваламі ўраджаю. Абухава Сенненскага р-на Віцебскай вобл.
Ярыла на кані
28. Ярыла на кані. Фрагмемт вышыўкі. Віцебская вобл.
Узор Багача
29. Узор Багача.

Н.Гарошка (1877 г.й., Беліца Гомельскай вобл.) посцілку з падобнымі ўзорамі выткала да першага выгану статку ў поле, да першай баразны на ніве, што прымяркоўвалася да Юр'я. "Прыходзіць бацюшка і асвячае статак. Тады рассцілаецца гэтая посцілка і па ёй праганяецца статак" (іл. 24).

Падобны на зорку і матыў з шасці-васьмі ліній, якія перасякаюцца пад прамым вуглом. Нагадвае ён узор Нівы (Маці-Карміцелькі). Тут, відаць, адлюстравана сувязь з народнымі павер'ямі, паводле якіх Ярыла - гаспадар нівы, ён клапоціцца пра ўраджай. На свята Ярылы-Юр'я сяляне просяць: "Каб колас на ніве быў тоўстым і гнуўся да зямлі, каб уся ніва была ўкрыта густа снапамі". Каб забяспечыць такі ўраджай, на ніве закопвалі асвячонае на Вялікдзень курынае яйка (крашанку, пісанку), вышывалі ручнік з адпаведным узорам.

Вобразы ўраджаю

А.Гарнак з Сянна на посцілцы адлюстравала цэлае "сямейства" (іл. 28). Васьміпялёсткавая разетка - Спарыш, сімвал добрага ўраджаю. Ромб з маленькіх квадрацікаў - Зямля-Карміцелька, Маці ўраджаю. Чатырохканцовыя матывы, нібыта складзеныя з жытніх каласоў - Рай, Раёк. Вобраз гэты не зусім зразумелы. Відаць, таксама язычніцкі бог ураджаю.

Галоўным матывам на посцілцы Е.Дудзінай (Абухава Сенненскага р-на) з'яўляецца вобраз Жыценя, скампанаваны са стылізаваных жытніх каласоў накшталт дажынкавага вянка. Жыцень - гэта найбольш поўнае ўвасабленне сімвала ўраджаю, пэўна, прамы нашчадак Ярылы.

Дажынкавы вянок пакладзены ў аснову ўзору Багача (іл. 29), які сімвалізуе зерне, багацце як аснову сялянскай гаспадаркі.

Г.Бабіч (1845 г.н., Шаркоўшчына) тлумачыла ўзор на сваім ручніку: "Верхні рад - гэта Жытняя Баба, гаспадыня ўраджаю. Другі рад - Багач ці дажыначны сноп. Трэці - пажаданне дабра, просьба да Бога пра дапамогу. Чацвёрты, на карунках - Маці Зямля-Карміцелька". Усе гэтыя ўзоры - своеасаблівая малітва да Бога, замова на добры ўраджай. Ручнік аздобіў абраз у мясцовай царкве (іл. 30).

М.Яленец (1850 г.н., Хойнікі) расказвала, як у маладосці яны святкавалі дажынкі. "Калі канчаецца жніво на апошняй ніве, мы пакідалі лапік жыта, завецца ён дзедавай барадой. Тады клічам свайго ці суседскага дзеда. Дажынаем гэту дзедаву бараду, вяжам дажынкавы сноп Жыцень, перавязваем яго чырвонай стужкай. Дзеўкі ці бабы вяжуць вянок з каласкоў, пры гэтым кожная загадвае што-небудзь, варожыць: дзеўкі - на добрых жаніхоў, бабы - на дзяцей, каб не хварэлі, ці яшчэ на што-небудзь. Тады кладуць на галаву дзеду вянок з каласкоў, даюць дзеду ў рукі дажынкавы сноп. Бярэмся за рукі і з рогатам ды смехам ходзім вакол дзеда карагодам і спяваем.

Прыдзі, прыдзі да нас,
ураджай Жыцевь,
Прынясі вам ураджай, Багач:
жыта на ніве, бабкі капамі,
на гумне снапы стагамі,
у клеці зярняты гарамі,
на стале булкі - вазамі.

Потым вянок-Жыцень кладзем на галаву дзяўчыне, якая збіраецца замуж, а другая дзяўчына ці баба бярэ да жынчыны сноп-Багач. Там мы ідзем па вуліцы, спяваем і скачам. Было гэта ў часы прыгону, мне было дзесяць гадоў. Ішлі мы да пана ў двор, ён нас паіў, частаваў, ну, а мы скакалі, спявалі, хвалілі пана з паняю ды іх дзетак. А калі прыгон скончыўся, мы збіралі складчыну: хто нёс самагонку, хто - сала, хто - яйкі. Так і гулялі. Спявалі песні пра ўраджай, славілі Ярылу, Жыценя, Багача. Прасілі іх, каб яны не забывалі нас ды давалі добры ўраджай".

Ручнік з сімваламі ўраджаю
30. Г.Бабіч. Ручнік з сімваламі ўраджаю. Шаркоўшчына.
Посцілка
31. Посцілка. Любанскі р-н Мінскай вобл.
Фрагмент посцілкі
32. М.Ялемец. Фрагмент посцілкі. Хойнікі Гомельскай вобл.
Посцілка з матывам Жыценя
33. Посцілка з матывам Жыценя. Гомельская вобл.
Посцілка з сімваламі ўраджаю
34. Посцілка з сімваламі ўраджаю. Пальніца Гродзенскай вобп.

"Пры царызме мой татка быў бедны, - казала К.Філатава (1892 г.н., Шклоў). - У нас было тры дзесяціны зямлі. Саветы далі нам дзесяць дзесяцін. Мы разаралі ляда, у нас быў добры ўраджай. Вось тады я, яшчэ дзяўчынаю, выткала посцілку. Гэта мая радасць, мой ураджай".

Пра сваю посцілку М.Крукоўская (Мсціслаў) казала, што "гэта песня пра ўраджай. Калі жалі, мы спявалі звонкія, на ўсю акругу, ды задушэўныя песні. Колькі нажнеш снапоў, столькі песень праспяваеш. Вечарамі ці ў святы гэтыя песні вышывалі на ручніку ці вязалі ў карунках. Мы былі маладыя, вясёлыя, любілі ўсё прыгожае. Працавалі да поту, але любілі пагуляць, паспяваць, вышывалі і вязалі".

Фрагмент посцілкі
35. К.Русаковіч. Фрагмент посцілкі. Рухава Старадарожскага р-на Мінскан вобл.
Фрагмент посцілкі з матывамі ўраджаю
36. Н.Церашкова. Фрагмент посцілкі з матывамі ўраджаю. Зялёны Краж Жлобінскага р-на Гомельскан вобл.
Фрагмент вышыўкі з матывам Жыценя
37. М.Дабравольская. Фрагмент вышыўкі з матывам Жыценя. Шаркоўшчынскі р-н Віцебскай вобл.
Фрагмент вышыўкі з матывам Жыценя
38. К.Шацілава. Фрагмент посцілкі з матывамі Жыценя. Астрагляды Брагінскага р-на Гомельскай вобл.
Фрагмент вышыўкі з матывам Жыценя
39. Е.Дудзіна. Фрагмент посцілкі з матывамі Жыценя. Абухава Сенненскага р-на Віцебскай вобл.

Посцілкі з узорам ураджаю бываюць, як правіла, вельмі дэкаратыўныя. Яркія сакавітыя фарбы радуюць, ствараюць настрой аптымізму і надзеі. Як сказала М.Яленец, "у гэтай посцілцы я выказала сваю радасць пра ўраджай". Хачу дадаць, што добра вытканая арнаментаваная посцілка - такі ж твор мастацтва, як карціна ці скульптура, песня ці нават опера. На жаль, не ўсе гэта бачаць.

Жыцень

Найбольш папулярны сімвал ураджаю - Жыцень - мае выгляд разеткі ў выглядзе ромба, ад вуглоў якога адыходзяць па два стылізаваныя жытнія каласы (іл. 33). Як ужо адзначалася, ён нагадвае дажынкавы вянок, які сімвалізаваў паспяховае заканчэнне жніва. Як сімвал ураджаю, вянок разам з дажынкавым снапом ставілі пад абразы на покуці.

А вось як услаўляецца Жыцень у народнай песні:

Дай жа, Божа,
на полі снапамі,
на гумне стагамі,
на таку ўмалотам,
у клеці - спорам.
У млыне прымолам,
у дзяжы - падходам,
у печы - з падростам,
на стале з прыбыткам,
з добрым ужыткам.
(Сенненскі р-н)

Сімвал Жыценя на тканых вырабах нярэдка спалучаецца з іншымі: Зямлі-Карміцелькі, Спарыша, жаночай долі. Як відаць, у народнай свядомасці вобраз Жыценя звязваўся з усімі бакамі сялянскага жыцця.

На посцілцы Т.Трубчык (Калінаўка Любанскага р-на) узор Жыценя спалучаецца з іншымі сімваламі ўраджаю: Спарышом, Багачом. А ўнізе - матыў жаночай долі. Трэба думаць, што майстрыха звязвала сваю долю з добрым ураджаем.

Жыцень вельмі шанаваўся ў народзе, да яго звярталіся па дапамогу. Вось прыклад звароту-замовы да Жыценя, запісаны ад Г.Ульяновіч (1902 г.н., Круляўшчызна Ваўкавыскага р-на):

Жыцень, сей жыта на ніве.
Жыцень, малаці снапы на таку,
Жыцень, пячы хлеб у печы,
Жыцень, кладзі на стол булку,
Жыцень, памажы, Божа, на лета
мець усё гэта.
Амін, слава Богу на небе і на зямлі.

Як відаць, язычніцкія святыя лічыліся ў народзе вельмі "дэмакратычнымі", да іх папросту, як да сваіх, можна было звярнуцца з просьбаю. Напрыклад, вось з такою:

Радзі, сонца, жыта і пшаніцу,
радзі ярыну копамі,
Радзі, сонца, жыта і пшаніцу,
поўны гумны снапамі.
Радзі, сонца, жыта і пшаніцу,
поўны гумны снапамі.
Радзі, сонца, жыта і пшаніцу,
поўны клеці карабамі.
Радзі, сонца, жыта і пшаніцу,
поўны печы пірагамі.
(Жніўныя песні, Мн., 1974. С. 63.)

Гэтыя просьбы-звароты можна прачытаць" і на многіх посцілках (іл. 35- 49). Характэрна, што некаторыя ткачыхі ўжо вядомы нам узор называлі не Жыцень, а Жнівень. Відаць, у народнай свядомасці гэта было адно і тое ж.

Фрагмент посцілкі
41. Е.Догель. Фрагмент посцілкі. Барсукі Сенненскага р-на Віцебскай вобл.
Фрагмент посцілкі
42. В.Рудая. Фрагмент посцілкі. Семічы Слуцкага р-на Мінскай вобл
Матыў Жыценя ў тканым дэкоры
43. Е.Дудзіна. Матыў Жыценя ў тканым дэкоры. Абухава Сенненскага р-на Віцебскай вобл.
Фрагмент дэкору посцілкі
44. А.Шылько. Фрагмент дэкору посцілкі. Пярэспа Сенненскага р-на Віцебскай вобл.
Дэкор дарожкі з матывам Жыценя
45. Дэкор дарожкі з матывам Жыценя. Хільчыцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.

Спарыш

Спарыш - чаканы і жаданы госць у сялянскай сям'і. Ён прыносіць вялікі ўраджай, поўныя засекі збожжа, дабрабыт у гаспадарцы. Недарэмна Спарыш часта згадваецца ў песнях:

Прыспары мне, Спарыш,
і ў доме, і ў полі,
і ў гумне, і ў двары,
і ў клеці, і ў печы,
і ў клеці карабом,
і ў печы шрагом.

Н.Каралькова (Слабада Рэчыцкага р-на), якая выткала посцілку з узорам Спарыша, зрабіла гэта для таго, "каб Спарыш не забываў нас, каб даваў спор у жыце, у ячмені і ў грэчцы, на ніве, на таку і ў клеці".

Узор мае выгляд разеткі з чатырох моцна стылізаваных каласкоў, вельмі падобны на зорку - сімвал чалавека, таму іх няцяжка зблытаць. Розніца між імі ўсе ж ёсць: у Спарыша лісты-каласы крышку аддалены ад цэнтральнай разеткі, а ў зоркі - цесна змыкаюцца ў цэнтры.

Звычайна ўзор Спарыша спалучаюць з іншымі матывамі. Так, на посцілках К.Ількавец (Каладзеевічы Жабінкаўскага р-на, гл. іл. 56) і К.Дудзінай (Абухава Сенненскага р-на, гл. іл. 43) Спарыш змешчаны побач з узорам Маці Зямлі-Карміцелькі.

Нярэдка побач з узорам Спарыша мы бачым крыжык (гл. іл. 56). А значыць ён вось што. Калі селянін сее, ён са словамі "памажы, Божа" хрысціцца сам і хрысціць зерне. Крыжык абазначае, што Спарыш ахрышчаны і ніякая злая сіла яму не пашкодзіць.

Спарыш - значыць здвоены, спорны. Каб выказаць яму сваю павагу, сімвал змяшчалі ў аблямоўку-гірлянду з кветак. Яна абвівае Спарыша, гэта яго вянок.

Фрагмемт дэкору посцілкі з сімваламі Жыценя, Спарыша і Багача
46. Фрагмемт дэкору посцілкі з сімваламі Жыценя, Спарыша і Багача.
Фрагмемт дэкору посцілкі з сімваламі Жыценя, Спарыша і Зямлі-Карміцелькі
47. Фрагмемт дэкору посцілкі з сімваламі Жыценя, Спарыша і Зямлі-Карміцелькі. Гомельская вобл.
Абрус
48. Г.Ступіна. Абрус. Мінск.
Фрагмент посцілкі з матывам Жыценя
49. Фрагмент посцілкі з матывам Жыценя. Семічы Слуцкага р-на.
Посцілка з матывам Спарыша
50. В.Шашко. Посцілка з матывам Спарыша. Дубнае Старадарожскага р-на Мінскай вобл.

На многіх тканых і вышываных вырабах Спарыш суправаджаюць і іншыя сімвалы ўраджаю - Рай і Зямля-Карміцелька (гл. іл. 43, 56). З гэтай нагоды У.Харошка (Клімавічы Сенненскага р-на) сказала: "Калі селянін варажыў, каб атрымаць добры ўраджай, ён добра ведаў, што адна варажба без працы, без клопатаў нічым не дапаможа. Спраўны гаспадар добра працуе, тады дапамагае варажба і малітва Богу ў царкве. Бог то Бог, але і сам не будзь плох. А вось галадранец ці п'яніца ні да работы, ні да варажбы, ні да царквы не годны. Ні богу свечка, ні чорту качарга".

А.Кудрааец (Шклоў), якая на ручніку змясціла Спарыш у акружэнні сімвалаў Зямлі-Карміцелькі, казала: "Раней у вёсцы зямлю цанілі больш за ўсё на свеце. Ёсць зямля - чалавек жыве багата. Няма зямлі - чалавек бедны, голы і босы. Людзі ўсё жыццё збіралі грошы, каб купіць зямлю". А сёння нават бясплатна зямлі не хочуць.

Дыван
51. Дыван. Паставічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл.
Узор Спарыша у дэкоры посцілкі
52. Н.Каралькова. Узор Спарыша у дэкоры посцілкі. Слабада Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.
Ручнік з узорам Спарыша
53. Ручнік з узорам Спарыша. Гомельская вобл.
Абрус
54. У.Капшуль. Абрус. Беразвечча Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.
Фрагмент дэкору абруса
55. Г.Ступіна. Фрагмент дэкору абруса. Мінск.
Фрагмент дэкору посцілкі з матывамі Спарыша і Зямлі-Карміцелькі
56. К.Ількавец. Фрагмент дэкору посцілкі з матывамі Спарыша і Зямлі-Карміцелькі. Каладзеевічы Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл.
Дыван з матывамі Спарыша
57. Дыван з матывамі Спарыша. Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.
Ручнік
58. С.Сількоўская. Ручнік. Гаткавічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.
Фрагмент дэкору абруса з матывам Спарыша
59. Фрагмент дэкору абруса з матывам Спарыша.
Фрагмент дэкору абруса
60. Н.Захарэвіч. Фрагмент дэкору абруса. Ліда Гродзенскай вобл.

Рай

Гэты загадкавы вобраз некаторыя вучоныя лічаць адным з славянскіх багоў ураджаю. Рай згадваецца ў многіх беларускіх песнях, пры гэтым заўсёды звязваецца з багаццем, заможнасцю, дабрабытам:

Зайшоў Раёк у Якаў дварок,
яго дворы высокія,
а ваконцы маляваныя,
у яго сталы цясовыя,
абрусы бялёвыя,
а напіткі мядовыя,
усе страўкі сахарныя.
(Жніўныя песні. Мн., 1979. С. 463.)

Узор, што абазначае Рай, мае выгляд разеткі з чатырох каласоў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом (іл. 75). Як ужо згадвалася, Рай часта спалучаецца з іншымі сімвалаімі ўраджаю. Так, на посцілцы С.Пратасевіч (Слуцкі р-н) - з сімваламі Маці Зямлі-Карміцелькі і Спарыша (гл. іл. 75); А.Радашкевіч (Чарэя Сенненскага р-на) - з сімвалам хлеба; Дудзінай (Абухава Сенненскага р-на) - з сімваламі Спарыша і Маці Зямлі-Карміцелькі (гл. іл. 43); Залескай (Радашковічы Маладзечанскага р-на) - з сімваламі хлеба і Спарыша і інш. Такое спалучэнне адлюстроўвае складаную сістэму поглядаў сялянкі-ткачыхі на праблему атрымання добрага ўраджаю.

Уся разнастайнасць такіх поглядаў адлюстравана на посцілцы Т.Гаспарадык (Нясвіжскі р-н, іл. 76). Пакроўская (Старое Сяло Віцебскага р-на) і Васілеўская (Мігуліна Сенненскага р-на) расшыфравалі сімволіку гэтай посцілкі так. Галоўную надзею сялянкі на ўраджай выяўляюць Спарыш (васьміканцовая зорка) і Рай (чатырохпрамянёвы сімвал з каласоў). Яны і займаюць галоўнае месца на посцілцы. Ромбы з маленькіх квадрацікаў абазначаюць дождж, ад якога таксама залежыць ураджай. Падобны матыў, але меншы - Маці Зямля-Карміцелька. Нарэшце, пастаўленыя парамі, досыць натуралістычна адлюстраваныя індыкі сімвалізуюць сямейны дабрабыт. Але тут трэба дадаць, што гэта яўна познія матывы.

"Узор Рай, - тлумачыла дэкор на сваей посцілцы Д.Ваньковіч з Беласточчыны (гл. іл. 78), - я выткала таму, што мне вельмі хацелася добрага ўраджаю. Мы разарыліся ў вайну. Рай абазначае таксама багацце і дастатак".

Жытняя Баба

Да калектывізацыі сялянскія нівы пасля жніва былі ўстаўлены бабкамі снапоў. Так дасушвалі зжатае жыта. У маладосці і мне неаднойчы даводзілася ставіць прыгажуні-бабкі. Яны і з'явіліся асновай для ўзнікнення яшчэ аднаго сімвалу ўраджаю - Жытняй Бабы.

Акадэмік М.Нікольскі лічыў, што Жытняя Баба ў старажытных славян была багіняй урадлівасці (Никольский Н. Дохристианские верования и культы днепровских славян. М., 1929. С.34). Ён параўноўваў Жытнюю Бабу з антычнай грэчаскай багіняй урадлівасці Дэметрай.

Жытнюю Бабу рабілі з вялікага дажынкавага снапа, перавязвалі яго ручніком, палівалі грамнічнай вадою і ставілі пад абразы на покуці. Прыкладна такі выгляд мае адлюстраванне Жытняй Бабы на ручніку, які вышыла Грамавік (1885 г.н., Жыткавічы, іл. 80). Па яе словах, гэты матыў яна пераняла ў бабкі Іваніхі, якая памятала французаў. Тая лічыла, што Жытняя Баба вылечвае ад жаночых хвароб, дапамагае пры родах. Хто шануе Жытнюю Бабу, той заўсёды мае добры ўраджай на ніве.

На ручніку Арлюковіч (Рэчкі Шаркоўшчынскага р-на) стылізаваныя сімвалы Жытняй Бабы утвараюць верхні рад (іл. 81). Ніжэй ідзе некалькі радоў з узорам Багача, таксама сімвала ўраджаю. У самым нізе - радок з сімваламі ўраджаю Ярылы. Паміж радамі раскіданы сімвалы зерня. Як бачым, ручнік уяўляе сабой своеасаблівы гімн ураджаю.

Багач - дажынкавы сноп

Дажынкі - вялікае свята ў беларускай вёсцы. Успамінаю, як у маёй маладосці іх адзначалі. Калі жніво жыта падыходзіла да канца, пакідалі нязжатай яго жменю - дзедаву, ці божую, бараду. Потым гэты кусцік зжыналі, перавязвалі стужкай, гаварылі замову, урачыста, з песнямі і жартамі, неслі дадому і ставілі пад абразы на покуці. Цяпер яго называлі Багачом. Бацька звяртаўся да яго з замоваю:

Багач, Багач!
Не забывай нашай нівы!
Дай ніве спор у снапах,
стагамі ў гумне,
зярном у клеці.
(Дзяржынскі р-н)

Потым наладжвалі ўрачыстую вячэру. Пачастунак ставілі і каля Багача.

Мой дзед, Маркіян Кацар, ссыпаючы зерне ў засекі, хрысціўся і звяртаўся да Багача: "Багач, Багач, хадзі да нас у клець!"

На жаль, гэтыя прыгожыя паэтычныя дзействы, звязаныя з дажынкамі, ужо забыліся. Сышоў з нашай нівы Багач. Але захаваўся яго сімвал у народным мастацтве. Ён мае выгляд разеткі з чатырох моцна стылізаваных каласоў, размешчаных крыжападобна (іл. 83-88). Варыянтаў яго шмат, але ў большасці выпадкаў узор кампануецца з цэнтральнай разеткі і стылізаваных каласоў, што адыходзяць ад яе. Звычайна Багач спалучаецца з іншымі сімваламі ўраджаю - Раем, Спарышом, часам бываюць сімвалы Зямлі-Карміцелькі. хлеба.

Палявік

Вобраз Палевіка як апекуна хлебароба ўзнік, відаць, у тыя часы, калі наш далёкі продак суком узрыхліў зямлю і кінуў у яе зярняты. Палявік у сялянскім уяўленні нагадваў працаўніка-хлебароба: сівы стары ў доўгай свіце, у лапцях, з кіем у руках. У траве ён ростам з траву, у жыце - з жыта. Калі жыта ўрадзіла, то Палявік добры і вясёлы, калі не - злосны, незадаволены.

Здаўна поле карміла хлебароба. Беларус называе жыта дабром. Жыта - гэта хлеб, які даражэйшы за золата. А Палявік забяспечвае ўраджай.

Вось якая легенда пра Палевіка бытуе ў народзе. Ідуць два падарожнікі. Галодныя, халодныя, стомленыя. На ніве спелага жыта стаіць русавалосы, статны Палявік. “Дай нам хлеба”, - просяць падарожнікі. "Пакажы свае рукі, - кажа Палявік першаму. - Э, не, на тваіх руках няма мазалёў. Не дам табе хлеба. Пакажы ты свае рукі, - кажа другому. - О, у цябе мазалі на руках. Бяры хлеба, колькі панясеш".

Як бачым, у народзе Палевіка ўяўлялі таксама маладым, моцным, статным, блакітнавокім хлопцам, абавязкова русавалосым, што, відаць асацыіравалася з золатам спелай нівы. Ён - яе гаспадар. Махне правай рукой - расце і таўсцее сцябло. Махне левай - наліваецца колас. Страсяне галавой - уся ніва ўсцілаецца залатымі снапамі.

Узор Палевіка за многія стагоддзі трансфармаваўся ў геаметрычны арнамент з квадратаў, прамавугльнікаў, васьмівугольнікаў і ромбаў (іл. 89, 91-93). Так, на посцілцы Н.Казаказіч (Поразааа Свіслацкага р-на) Палявік паказаны ў выглядзе геаметрычных фігур самай рознай канфігурацыі (іл. 90).

Кропля (Дажджынка)

Будзе дождж ісці - будзе хлеб расці. У гэтай народнай прымаўцы ёміста выяўлена значэнне дажджу для прыроды ў цэлым і ўраджаю ў прыватнасці. А вось замова на дождж:

Дожджык, дожджык, дзергані,
прыязджай к нам на кані.
Дай свежую вадзіцу,
Дай нам цёплую расіцу.
Хай траўка расце, хай жыта цвіце,
хай гавяда сыцеець,
хай парсюк таўсцеець.
(Барысаўскі р-н)

Не дзіва, што на тканых і вышываных вырабах побач з ужо разгледжанымі сімваламі ўраджаю сустракаецца і матыў, які называюць кропляю ці дажджынкаю. Ён мае выгляд пастаўленага на вугал квадрата, скампанаванага з чатырох трохвугольнікаў (іл. 94, 97). Некаторыя асаблівасці ў яго форме тлумачацца тым, што ў народзе адрознівалі дождж (Дажджбог) і дажджынку (кроплю). Праўда, высветліць розніцу не ўдалося.

Хоць узор дажджу (дажджынкі) складаецца з аднолькавых элементаў, але ўсе яны маюць сваё прызначэнне. Адзін з іх павінен забяспечваць ураджай жыта на ніве, другі - сена на лузе, трэці - паўнаводнасць рэк, чацвёрты - добрую драўніну ў лесе.

Х.Камлюк (Нароўля) узор дажджу (дажджынкі) вышыла на ручніку (іл. 95). На маё пытанне, што такое Дажджбог, яна адказала: "Гэта калі жанчыны просяць у Бога дажджу ў засуху. Тады ў нас збіралі ход, малілі Бога, запрашалі бацюшку на ніву памаліцца і асвяціць яе, ды яшчэ варажылі з жытам. Ну, а некаторыя вышывалі ўзоры дажджу ці Дажджбога. Вось і я вышыла. А што гэта - ці дождж, ці дажджынка, ці Дажджбог, мяркуйце самі. Вам лепш відаць. А мне ўсё роўна".

Узор дажджу давялося бачыць і на ручніку Е.Чапко (Нароўля). Яна бачыла яго на работах старой бабулі, якая была эканомкаю ў памешчыка яшчэ да вайны 1812 г. На мае роспыты майстрыха патлумачыла, што адны жанчыны называюць яго дажджом, другія - Дажджбогам, але розніцы ў гэтых назвах не бачаць. Галоўнае, што такі ўзор часцей за ўсе аздабляе вырабы, якімі заклікаюць дождж у засуху.

Вялікае Сонца

У непасрэднай сувязі з узорам дажджу знаходзіцца і ўзор Вялікага (Складанага) Сонца, які раскрывае ўзаемаадносіны паміж Сонцам, Перуном і дажджом. Так яно і ёсць у прыродзе. Сонца награвае паветра, у ім канцэнтруецца вадзяная пара, кандэнсуецца электрычнасць, б'е пярун, грыміць гром, нарэшце, льецца дождж. Зразумела, што ў народнай свядомасці ўсё гэта звязвалася ў адзін працэс, і гэта атрымала адлюстраванне ў дэкоры вырабаў.

Здымкі з узорам Сонца (іл. 98-101) я паказваў многім ткачыхам, пытаючыся, што ён абазначае. Яны казалі, што гэта нейкі старажытны ўзор, нешта ведаць пра яго могуць хіба вельмі старыя бабулі. І толькі А.Баброва (1885 г.н., Магілёўская вобл.) сказала, што гэтым узорам ткачыхі звяртаюцца да сонца, каб яно дало дождж і не паліла так моцна зямлю.

А.Маркава (1892 г.н., Магілёўокая вобл.) сказала: "Каб зразумець узор Складанага Сонца, трэба ведаць замовы варажбітак-шаптух аб ураджаі, супраць хваробы гавяды і людзей. У вышыўках узораў Складанага Сонца і ў замовах - адны і тыя ж думкі і клопаты".

Рай, Маці Зямля-Карміцелька і дождж

Мы ўжо ведаем, якую ролю адводзілі Раю ў народным побыце, у павышэнні ўраджайнасці нівы. Асабліва падкрэслівалася сувязь Райка з Зямлёй-Карміцелькай. Нярэдка Рай нібы пяшчотна ахоплівае сімвал Маці Зямлі-Карміцелькі (іл. 102).

А вось на посцілцы Т.Гаспадарык (Нясвіжскі р-н, гл. іл. 76) гэтыя ўзоры спалучаюцца з сімвалам дажджу. Пакроўская (Старое Сяло Віцебскага р-на), я.ксій я паказваў здымак посцілкі, беі" цяжкасці патлумачыла такое суседства, паколькі ўраджай залежыць ад дажджу. Таму і суседнічаюць сімвал ураджаю і сімвал дажджу. "Я бачыла посілкі, дзе Раёк і дождж паказаны рапам. Прычым галінкі Райка нібы абдымаюць узор дажджу. А называлі гэты ўзор то цёплым дожджыкам, то Дажджбогам. Дождж - гэта Бог, Дажджбог" .

Васілеўская (Мігуліна Сенненскага р-на) цэнтральны матыў на сваёй посцілцы (іл. 103) назвала Богам дажджу, Дажджбогам. Паводле павер'яў старых жанчын, Дажджбог даваў дождж. Але для гэтага трэба было прынесці яму ахвяру ці паваражыць. Варажылі так: сыпалі ў калодзеж мак; залезшы ші дрэва, сыпалі ў раку жыта і казалі замову:

Дожджыы, дожджык, дзіргані,
я паеду на кані,
Богу маліцца,
нізка кланіцца.

А каб дождж перастаў, замаўлялі:

Дожджык, дожджык, перастань,
я паеду на Ярдань,
Богу маліцца,
нізка кланіцца.

Дождж і сонца як зарука ўраджаю

Былая партызанка Н.Гарбук, якая больш за два гады ваявала з фашыстамі, была паранена, пасля вайны, жывучы ў Маскве, у вольны час стала вышываць ручнікі, на якіх адлюстроўвала свае мары і думкі. "Абрыдзела ваяваць, жыць у зямлянцы, хадзіць у разведку, узрываць дарогі, забіваць. Хочацца ў сваю родную вёску, жаць жыта, касіць траву, араць ніву. Надакучыла тут жыць, хоць тут добра і кормяць няблага. Вось я і вышыла гэты ўзор. Тут і цёплае сонейка, тут і цёпленькі дожджык, хоць я ў Бога і не веру. Ды хочацца хутчэй убачыць сваю ніву з каласістым жытам. Як называюцца ўзоры? Бабка Аксіння казала, што гэта сонца і дождж. Яны даюць ураджай".

Матывы з чатырох пялёсткаў, размешчаныя ў цэнтры і па перыметры (іл. 104), майстрыха назвала ўзорам дажджу ("гэта дожджык"). Вялікі крыжападобны ўзор з чатырох сегментных пялёсткаў называюць то дожджыкам, то Дажджбогам. Гэты ўзор - зварот да светлага сонейка і цёплага дожджыку, каб яны паспрыялі добраму ўраджаю.

Е.Копач (Свіслач Гродзенскай вобл., іл. 105) падобны ўзор на ручніку тлумачыла так: "Была ў нас гарачыня, смаліла сонца. Выгаралі на ніве жыта, авёс ды ячмень. Старыя людзі падказалі, і я вышыла гэты ўзор, каб даў Бог дождж".

Тут мы бачым, як узор сонца ў выглядзе вялікага ромба з адросткамі звонку аблямоўвае ўзор дажджу - крыжападобную фігуру. У свядомасці селяніна спалучэнне сонца і дажджу - зарука добрага ўраджаю. Гэта знайшло ўвасабленне і ў надпісе-звароце, які Е.Копач вышыла на ручніку: "Божанька Сонейка, Божанька Дожджык, памажы, дай ураджай жыта".

Такі ж узор з надпісам па баках "Дай Бог дождж. Дай Бог ураджай жыта" вышыла на ручніку П.Свірыдава (іл. 106) і ахвяравала яго ў мясцовую царкву.

Падобныя ўзоры сустракаюцца і ў іншых відах народнай мастацкай творчасці, выконваліся ў розных тэхніках і матэрыялах. Так, каля в. Стайкі Лагойскага раёна ёсць камень з адлюстраваннем сімвала дажджу ці Дажджбога. Навакольнае насельніцтва лічыць яго святым, прыносіць яму ахвяры, гаворыць замовы.

Узаемасувязь дажджу, сонца і Маці Зямлі-Карміцелькі выразна адлюстравалася ў дэкоры разблёных драўляных прасніц з Камянецкага раёна (гл. іл. 101). Усе яны маюць аднолькавы характар разьбы і блізкую кампазіцыю, сэнс якой мне растлумачыў А.Кралевіч з Камянца, аўтар адной з такіх прасніц. Даўно, калі быў малады, ён выразаў прасніцу ў падарунак Марусі, якую кахаў і затым з ёю ажаніўся. Па яго словах, тут выразаны зварот-замова да Бога і святых Сонца, Зямлі і Дажджу, просьба, каб яны далі добры ўраджай. Авось як гучыць замова: "Госпадзі Божа, памажы, светлае Сонейка, Маці Зямля сырая карміцелька, цёплы дожджык і ўсе святыя. Памажыце рабу божаму (імя), дайце яму ўраджай жыта на ніве, сытны статак у хляве. У імя Айца, сына і святога духа. Амін".

Па словах А.Кралевіча, галоўны ўзор на прасніцы - дождж. Ен мае выгляд разеткі з шасці пялёсткаў, вакол яе - кругі з трохвугольнічкаў.

Магчыма, падобная арнаментальная кампазіцыя сумяшчае тры сімвалы - сонца, зямлі і дажджу. Пра гэта сведчаць і замовы, з якімі нашы продкі звярталіся да тых, ад каго залежаў ураджай.

Зерне

Мы вельмі палітызавалі свае думкі, жыццё, справы, нярэдка ўслаўляем далёка не галоўнае. Так, мы часам забываем пра самае галоўнае і дарагое - хлеб, зерне. А вось у народнай свядомасці павага да зерня жыве заўсёды. А.Чудакова (Кузьмінічы Чавускага р-на) казала: "Зерне святое. Хто любіць зерне -будзе багаты і шчаслівы. Зерне мае вялікую сілу. У нас раней перад будаўніцтвам хаты асвячалі гэтае месца зернем, а потым ужо запрашалі святара. Калі маладыя ехалі вянчацца, бацька благаслаўляў іх зернем. У старыя часы зерне называлі дабром, золатам ".

Мой бацька строга патрабаваў павагі да зерня, хлеба. Калі ў час абеду крошка хлеба ўпадзе пад стол - атрымаеш лыжкай па лбе. Добрая прачуханка будзе, калі не падымеш зерне, што ўпала на зямлю.

Сімвал зерня ў народнай мастацкай творчасці мае выгляд крыжыка, які амаль заўсёды дапаўняецца рознымі элементамі. На ручніку Падалінскай (Сенненскі р-н, іл. 108) кожны матыў зерня акцэнтаваны яшчэ чатырма крыжыкамі і змешчаны ў дэкаратыўную аблямоўку - стылізаваную раслінную гірлянду.

Хлеб

Я.Глаздоўская (Бурбін Сенненскага р-на) расказала такую казку. Паклікаў да сябе Бог мужыка і цыгана і папытаў, што самае дарагое на свеце. Мужык сказаў - хлеб, таму што здабываюць яго потам, без яго ніхто не можа пражыць. Цыган сказаў, што даражэй за ўсё золата, бо за яго можна купіць усё. Вось і вырашыў Бог праверыць, хто кажа праўду. Ён замкнуў селяніна і цыгана ў хатах, даў аднаму шмат хлеба, другому - золата. Паглядзеў праз колькі дзён - сядзіць мужык на лаўцы і песні спявае, а цыган мёртвы на грудзе золата ляжыць.

Легенду пра хлеб расказала С.Харытонава (Уюн Быхаўскага р-на). Жыў у вёсцы стары, было ў яго тры сыны. Паклікаў ён іх і кажа: ідзіце ў людзі, павучыцеся там, як жыць, што берагчы і цаніць. Прасіце, што вам трэба на дарогу. Малодшы папрасіў золата, сярэдні - серабра, старэйшы - хлеба. І пайшлі яны ў свет. А там якраз здарыўся голад. Хочуць сыны купіць хлеба за золата ды серабро, а людзі кажуць: няма хлеба, ешце самі сваё золата. Пачаставаў іх старэйшы сваім хлебам. Вярнуліся дадому. Кажуць бацьку: мы цяпер ведаем, што даражэй за ўсё - хлеб.

Вось я табе, дарагі масквіч, загадку загадаю, - звярнулася да мяне М.Сярмяжка (1898 г. н., Марысіна Бярэзінскага р-на). - Што на свеце даражэй за ўсё? Што ўсяму галава? Не ведаеш? Ну дык слухай. Арэ селянін ніву, вее жыта. Паспее - сажне, змалоціць, змеле, рашчыніць цеста, а тады і хлеб атрымае. Нашто збудаваны трактарныя заводы? Каб хлеб здабываць. А робіць гэта селянін. Ёсць у вёсцы спраўны селянін - будзе хлеб, людзі накормленыя. А вось знішчылі ў нас добрага селяніна - знік і хлеб, сядзім мы паўгалодныя".

Можна было б прыводзіць нямала прыкладаў пашанотных адносін чалавека да хлеба. Не дзіва, што гэтая пашана адлюстравана і ў арнаменце. Матыў хлеба набыў выгляд шматграннікаў-кругоў ці ромбаў, устаўленых адзін у адзін. Гэты матыў вельмі пашыраны ў ткацтве, вышыўцы, аздабленні бытавых вырабаў, народнага адзення і інш. (іл. 109-118).

М.Ставер (1891 г.н., Бацэвічы Клічаўскага р-на) матыў хлеба на ручніку скампанавала з пяці ромбаў адзін у адным. У сваю чаргу кожны ромб складаецца з маленькіх ромбікаў. Майстрыха растлумачыла, што ромбікі - гэта зярняткі жыта, аснова хлеба.

Веліч і трагедыя селяніна- беларуса

Тысячагоддзі жыў, працаваў на нашай зямлі селянін-хлебароб. Ён карміў, паіў, адзяваў сябе, сваю сям'ю, дапамагаў суседзям. Ён стварыў дасканалую сістэму гаспадарання, аптымальна прыстасаваную для земляробства і жывёлагадоўлі. Пабудаваў вёскі і мястэчкі для жыцця, працы і адпачынку. Узвёў дзівосныя храмы, аздобіў іх мастацкімі творамі.

Селянін стварыў прыгожы, мудры, паэтычны фальклор, песні, музыку, святы, абрады, прымаўкі, казкі. У іх апяваецца прырода, праца, каханне, яны гранічна спалучаюцца з жыццём, звычаямі і характарам чалавека.

Селянін шанаваў сям'ю як аснову стваральнай працы, падмурак нацыі. Ён выпрацаваў рацыянальныя адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. З самага маленства дзеці вучыліся шанаваць працу, бацькоў, старэйшых. З жыццём і працай гарманічна спалучалася сістэма святаў, прымеркаваных да пэўнага працоўнага працэсу ці пары года: Вялікдзень, Купалле, Дажынкі, Дзяды, Каляды. Абрады і святы ўзвялічвалі селяніна, упрыгожвалі яго жыццё і побыт.

Вырабляючы патрэбныя для паўсядзённага ўжытку рэчы, селянін надаваў ім і пэўныя мастацкія якасці, нярэдка ператвараючы ў сапраўдныя творы мастацтва. Ён аздобіў тканыя, вышываныя і іншыя вырабы арнаментальнымі ўзорамі, у якіх услаўляецца дабро, справядлівасць, прыгажосць, міласэрнасць.

Селянін любіў сваю радзіму. Калі было трэба, ён браў у рукі зброю і ішоў бараніць яе ад няпрошаных прышэльцаў.

Сялянскае асяроддзе - трывалы падмурак для ўсяго грамадства. У нетрах вёскі нараджаліся і фарміраваліся грамадскія класы: рамеснікі і воіны, рабочыя і інтэлігенцыя. З сялянства выйшлі многія дзеячы навукі, культуры, мастацтва.

Ды вось настала XIX стагоддзе. У краінах Заходняй Еўропы ўзнік марксізм - вучэнне пра дыктатуру пралетарыяту і бязлітасную класавую барацьбу. Марксізм прыжыўся ў Расіі, нарадзіўшы бальшавізм, а ў выніку - Кастрычніцкую рэвалюцыю і чырвоны тэрор. Заняпалі эканоміка, культура, змяніліся маральныя каштоўнасці. У выніку не стала селяніна-працаўніка, не стала вёскі, забылася прыгожая, паэтычная сістэма поглядаў на прыроду, працу, жыццё чалавека.

Спампаваць цалкам кнігу Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка у фармаце DjVu (16Mb)

Кацар М.С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка/ Навук. рэд. Я.М.Сахута. - Мн.: БелЭн, 1996 - 208 с.

Каментары чытачоў
Kestut напiсаў(ла) 05.12.2011 00:09
максим напiсаў(ла) 04.11.2012 23:40
где арнамент и узоры наших воинов или мы все всегда были рабами у паляков и руских
Сяржук напiсаў(ла) 15.07.2013 23:23
Каб паболей такіх кніжак, але чаму "язычніцтва", а не" паганства"?
Зніч напiсаў(ла) 23.07.2013 17:17
А таму што "русізмаў" у беларускай мове з кожным годам становіцца ўсё болей ды болей...
Не так даўно на шыльдзе, што перад уваходам у Цэнтральны аўтавакзал, прачытаў "кафэтэрый" замесца належачага "кавярня". А на 9 мая парад і ўрачыстасці ў сталіцы  праходзіць ля Вечнага агню, а не каля Зніча
Нерыгорыч напiсаў(ла) 14.08.2013 02:57

Таму што "язычніцтва" - наша слова, а "паганства" - лацінскае.

А табе, Зніч, варта наведаць лекара.

Nina напiсаў(ла) 19.09.2013 10:53
Узоры
Іна напiсаў(ла) 08.06.2014 18:53
Нерыгорыч, "язычніцтва", магчыма, і ёсць ВАША слова, але не беларускае.
Адэля напiсаў(ла) 02.05.2015 09:50
Ясак - гэта падатак у Залатой Ардзе на нехрысцiянскае i немусульманскае насельнiцтва... Ясачнiкi (язычнiкi) - прыйшлы тэрмiн з улуса пад назвай Масковiя...
BolshoyPuTinAlex напiсаў(ла) 20.04.2017 11:19
DavidDaype напiсаў(ла) 04.05.2017 22:53
All Toronto condo projects are here: http://www.condoprojects.ca/
Santaplolo напiсаў(ла) 25.06.2017 00:20

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.