А. Ненадавец - Чорт у легендах і паданнях беларусаў
- Уступ
- З’яўленне чорта
- Трансфармацыя архетыпа чорта ў хрысціянскай рэлігіі
- Дакладнае месцажыхарства чорта
- Паводзіны чорта
- Засцярогі ад чорта
- Назвы чорта
- Знешні выгляд чорта
- Сувязь чорта людзьмі
- Заключэнне
- Скарачэнні
Уступ
Так павялося спрадвеку, і не толькі сярод людзей, якія падзяляліся (вядома ж, умоўна) на добрых і благіх (злых), але і сярод прыродных з’яў, дрэў, раслін. Мы не агаварыліся, бо нашы старадаўнія продкі абагаўлялі не толькі жывую прыроду, не толькі сваіх язычніцкіх багоў, але “ўдыхнулі” жывую душу і ў свет тых з’яў і прадметаў, якія мы сёння адносім да “нежывых”: камяні, зямлю, ваду. Здавалася б, што тут незразумелага? Не маглі яны нешта правільна, зыходзячы з рэальных каранёў, растлумачыць, вось і баяліся яго, імкнуліся задобрыць паднашэннямі-ахвяраваннямі і “свядомым увядзеннем у ранг бостваў”. Усё проста, і, разам з тым, не надта лёгка адшукаць першасныя карані фетышызацыі, татэмізму пэўных прадметаў, звяроў. Проста і складана, бо няма выразна адлюстраваных у вуснапаэтычнай спадчыне беларусаў (ды і не толькі іх, але і ў суседніх народаў таксама) каранёў-першавытокаў, ухапіўшыся за якія можна было б разблытаць гэты складаны клубок міфалагічна-дэманалагічных уяўленняў, зрабіць так, каб было зразумела, выразна бачна не толькі даследчыку, але і звычайнаму чытачу. І яшчэ хацелася б адзначыць наступнае: адна справа, калі нельга растлумачыць тое, што ўжо амаль назаўсёды схавалася-растварылася за смугою шматлікіх стагоддзяў, і зусім іншая, калі гэты міфалагічны ці дэманалагічны персанаж (вобраз, герой, можна акрэсліць па-рознаму) актыўна ўжываецца і сёння. Яго часта згадваюць у гутарковай мове і ў мастацкіх творах, у запісах сучасных вуснапаэтычных адзінак і мастацтве, але ён усё роўна дастаткова не вывучаны, не даследаваны, не класіфікаваны. Калі задаць канкрэтнае пытанне носьбіту-інфарматару фальклорнай адзінкі, аўтару карціны ці літаратурнага твора, то і яны, у пераважнай большасці, будуць разводзіць рукамі ці паціскаць недаўменна плячыма, але не змогуць даць вам канкрэтны, вычарпальны адказ, адкуль бы стала вядома ўсё да драбніц. Вось да такіх таямніча-выразных міфалагічна-дэманалагічных персанажаў і адносіцца чорт (нячысцік).
Справа ў тым, што, напрыклад, старыя людзі, асабліва на Палессі, могуць нават “намаляваць” вам знешні выгляд чорта і зробяць гэта яны без асаблівых намаганняў, бо маюць у памяці традыцыйна сфарміраваны на працягу многіх стагоддзяў вобраз. Іншая справа, што кожны з інфарматараў можа ўносіць свае, залежныя ад яго ўласнага погляду на навакольны свет і дэманалагічных персанажаў, рысы ці асаблівасці. Тут ужо трэба абавязкова ўлічваць індывідуальныя, характэрныя якасці самога інфарматара: як ён мог распавядаць пра цікавыя здарэнні, пра тое, што было, а чаго і ўвогуле не магло быць у жыцці, яго ўменне захапляць слухачоў. Мы не бяром у разлік ступень адукаванасці такога чалавека, а дакладней, у нас за прыклад у далейшых разважаннях і аповядах будзе выступаць жыхар Беларусі канца XIX – пачатку XX стагоддзя. Гэты чалавек, у лепшым выпадку, мог толькі чытаць па складах і таму быў пазбаўлены надзвычай актыўнага, падаўляючага ўплыву інфармацыі. Ён не мог таксама тэарэтычна разважаць пра паходжанне чорта (нячысціка) ў свядомасці людзей, а будзе, наадварот, спасылацца на стаўшыя ўжо агульнавядомымі, традыцыйнымі, легенды і паданні, былічкі, казкі і павер’і з вуснапаэтычнай творчасці ці стане паведамляць класічныя сюжэты з раннебіблейскіх міфаў. Гэтыя паведамленні нам цікавы, у першую чаргу, тым, што нясуць у сабе вялікую варыятыўнасць, а ні для каго ні сакрэт, што гэтая самая варыятыўнасць адна з асноўных прымет фальклору, у ёй мы можам адшукаць не толькі характэрныя ўласцівасці паасобнага чалавека, які даносіць да нас вобраз патрэбнага нам дэманалагічнага персанажа, але і пэўныя асаблівасці эпохі, да якой адносіцца (няхай сабе і ўмоўна) гэты ці іншы твор. Супастаўляючы, параўноўваючы такім чынам вуснапаэтычныя шэдэўры розных часоў, класіфікуючы іх, вылучаючы нешта непаўторнае, арыгінальнае, самабытнае, пастаянна паглыбляешся не толькі ў сам вобраз, але і ў часавую прастору.
Такое паглыбленне, вядома ж, для нас мэтанакіраванае, бо мы імкнемся адшукаць першасныя карані-зачэпкі канкрэтнага персанажа (аднаго з самых папулярных і часта згадваемых у беларускім фальклоры) – чорта. Але нельга не згадаць і пра тое, што яно адвольнае: мы не ведаем дакладнага накірунку, дзе можа знаходзіцца першааснова старадаўняга вобраза, і вымушаны шукаць інтуітыўна, цягнучыся за тымі самымі “парасткамі”, якія, час ад часу, перад намі ўсё ж узнікаюць. Бясспрэчна, гэта рабіць надзвычай цяжка, бо нельга спаслацца і на ранейшыя распрацоўкі ў галіне беларускай народнай міфалогіі (яны проста адсутнічаюць, іх увогуле не было і пакуль што няма), а тыя шматлікія публікацыі, у якіх чорт (нячысцік) абавязкова і неаднаразова згадваўся, былі часта апісальнымі, “фіксуючымі”, але ні ў якім разе не аналізуючымі факты (браты Я. і К.Тышкевічы, О.Кольберг, З.Глогер, І.Берман, А.Троіцкі, А.Пшчолка, У.Вярыга, М.Нікіфароўскі, П.Шпілеўскі, А.Багдановіч, П.Шэйн, Е.Раманаў, М.Федароўскі, Ч.Пяткевіч, К.Машынскі і многія іншыя). Але ні ў якім разе мы не павінны крытыкаваць гэтых даследчыкаў за такі значны “пралік”, наадварот, нам трэба ім дзякаваць. Дзякаваць за тое, што ўсё ж многае яны зрабілі і зрабілі менавіта ў плане збірання, сістэматызацыі і выдання вуснапаэтычнага матэрыялу. Калі б не іхняя самаадданая праца, то сёння з залатога запасу апублікаваных зборнікаў беларускага фальклору мы б не мелі і паловы. Справа ў тым, што на працягу XX стагоддзя сам фальклор амаль страціў сваю аўтэнтычнасць – гэта глабальная трагедыя для духоўнага багацця беларусаў. А тут яшчэ абавязкова трэба дадаць і тое, што “век чалавечы нядоўгі” і інфарматары-носьбіты патрыярхальнасці, непаўторнасці, самабытнасці адміраюць. Новыя пакаленні не нясуць напаўненне ў старажытныя міфалагічна-дэманалагічныя вобразы, наадварот, яны разбуральна, рэзка адмоўна ўздзейнічаюць на традыцыйныя архетыпы, персанажы, бо пераасэнсоўваюць усё на свой лад, у сувязі з патрабаваннямі новага часу, а гэта садзейнічае ўсеагульнаму адмаўленню ўсяго найбольш патрыярхальнага.
Таму і паўстала зараз перад фалькларыстамі, ды і не толькі перад імі, першачарговая задача – захаваць, зберагчы тое, што ўжо назапашана, што маем, каб не ўпусціць апошняга моманту ў даследаванні вуснапаэтычных сюжэтаў і матываў, узаемасувязі народнай міфалогіі і фальклору з літаратурай, мастацтвам, іншымі галінамі навукі і культуры. Вось чаму ўзнікла перад намі неабходнасць адносна асэнсавання вобраза чорта (нячысціка) ў духоўнай спадчыне нашых продкаў, што ў іх было з ім звязана, якія функцыі ўскладвалі на гэтага персанажа старадаўнія беларусы.
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.