Я. Станкевіч - Беларускія плямёны. Дрыгвічы
Зь беларускіх плямёнаў першыя пэўныя й шыршыя ведамкі ёсьцека пра Дрыгвічоў, наймя пра тую іх часьць, што, нейкім парадкам адарваўшыся ад цэласьці, апынулася на Балканах. Як даведаваемся з апавяданьняў пра чудосы сьв. Зьмітры Салунскага, у VII стг. яны жылі ў Македоні ля Салуня (Салёнікаў). Каля 676 г. разам ізь іншымі Славянамі яны аблягалі Салунь. Яны ўмелі весьці правільную аблогу і карысталіся снасьцьмі разьбіваць сьцены. У 685 г., у часе пятае вайны Славян із Салуням у Дрыгвічоў успамінаюцца князі. Відавочна, другая галіна македонскіх Дрыгвічоў жыла ў Тракіі ля р. Драговіцы. Яны займалі цэлую правінцыю і з 879 г. малі свайго біскупа з тытулам экзарха тракійскіх Дрыгвічоў. У 758 г. македонскія Дрыгвічы жывуць ля Салуня; як сьветча Іван Камэніяты, каля 886 г. яны займаюцца тут ралейніцтвам.
Што македонскія Дрыгвічы ня толькі аднолькава зваліся зь беларускімі, але й былі часьцяй іх, сьветча тое, што ў памятках старабаўгарскае мовы IX-XI стг. можна знайсьці беларускія рысы, як таксама ў сучасных дыялектах баўгарскае мовы.
Дрыгвіцкае плямя ў сваёй бацькаўшчыне гранічыла на заходзе з балцкімі Яцьвягамі, на паўночным заходзе з балцкай Аўкштотаю, на поўначы а паўночным усходзе з Крывічамі, на ўсходзе з Радзімічамі і на паўдзённым усходзе зь Дзярвянмі. Кіеўскі летапісец памяшчае Дрыгвічоў паміж Прыпяцяй а Дзьвіною. Але гэта з большага, недакладна. Дакладней трэба азначыць дрыгвіцкую прастору гэтак: паўдзённа-заходняе Палесьсе да р. Стыр на ўсходзе, басэйн паўночных прытокаў Прыпяці, Падляшша і паўночная Холмшчына, адлі басэйн Нёмна, Вяльлі, Бярэзіны. На ўсходзе Дрыгвічы даходзілі да Дняпра, а на поўначы да Дзьвіны.
3 дыялектолёгічнага гледзішча прастора Дрыгвічоў характарызуецца недысыміляцыйным аканьням і іншымі рысамі паўдзённага нарэчча беларускага. Пра іх паўдзённую граніцу сьветча дыялектолёгія: паўдзённа-заходняя часьць дрыгвіцкае прасторы занята цяпер часьцяй паўдзённа-палескага дыялекту, званага яшчэ паўночна-ўкраінскім нарэччам, каторы зь гісторычнага гледзішча ё дыялектам беларускім.
3 часам украінскія Валыняне, націсканыя турка-татарскімі плямёнамі, часткава адціснулі Дрыгвічоў на поўнач, а часткава зьмяшаліся зь імі на іхным паўдні. Просьле гэтага чыстыя Дрыгвічы засталіся на поўнач ад ліні, што йдзець із заходу на ўсход на Валадаву да р. Стыр, у месцу, дзе ён паварачае на ўсход. Пра антрополёгічную беларускую чысьціню Дрыгвічоў на поўнач ад гэтае ліні сьветчаць ня толькі ляпей захавалыя рысы беларускае мовы, але асабліва беларускі антрополёгічны тып.
Але й на гэтай прасторы беларуская мова захавалася толькі на поўнач ад ліні, што праходзе ад Міжырэчча на Падляшшу ў бок местаў Белая Падляская й Берасьце, кілёмэтраў 10-15 на паўдня ад іх, адлі да Любяжа й Дубравіцы.
На заходнім Палесьсю й на Падляшшу (Белападляскі пав. і Берасьцейшчына) ё ладны ўкраінскі ўплыў на беларускую мову. Некаторыя выясьняюць гэта прымешкаю ўкраінскіх Валынян да беларускага жыхарства. Адылі антрополёгічны тып жыхарства гэтае прасторы, як констатуе Ф. Волкаў у менаванай сваёй працы, рэзка розьнячыся ад антрополёгічнага тыпу ўкраінскага, згаджаецца з антрополёгічным тыпам іншых прастораў беларускіх. Гэта можна выясьніць адно тым, што гэнымі "Валынянамі" былі зукраінізаваныя Дрыгвічы прасторы, лежачай далей на паўдні.
У пагранічным із Крывічамі шырокім чарасьле дрыгвіцкае тэрыторыі да дрыгвіцкага жыхарства была прымешка крывіцкіх колёністых. Гэта мясцовасьці, дзе месты Дзісна, Лепле, Сянно зь іхнымі аколіцамі. Крывіцкую прымешку тут сьцьвярджае дыялектолёгія й археолёгія.
У Дрыгвічоў былі гэткія месты: Берасьце, Горадзен (ля Нёмна), Ваўкавыск, Слонім, Ноўгарадак, Клецак, Вільня, Менск, Барысаў, Слуцак.
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.