І. Марзалюк - Да пытання аб этнічнай і палітычнай свядомасці ўсходнеславянскага насельніцтва ў 10 - 13 стст

У савецкай паваеннай гістарыяграфіі трывала замацаваўся погляд аб існаванні старажытнарускай народнасці і фармаванні ў выніку яе дывергенцыі асобных усходнеславянскіх народнасцяў у 14-16 стст.[1] Аднак, што разумее большасць даследчыкаў, ужываючы тэрмін "народнасць" у дачыненні да славянскага насельніцтва Кіеўскай Русі? Звычайна падразумяваецца існаванне ўстойлівага моўнага ўсходнеславянскага адзінства і досыць позняе ўтварэнне ўласна беларускай, украінскай і расейскай моваў. Але даследаванне моўнай сітуацыі, якая існавала ва Усходняй Еўропе ў 10-13 стст., ставіць пад вялікае пытанне абгрунтаванасць гэткай высновы. Пасля вывучэння А.Залізняком мовы ноўгарадскіх берасцяных грамат быў канчаткова даведзены факт існавання ў 11-12 стст. старажытнейшага ноўгарадска-пскоўскага дыялекта, які адрозніваўся ў гэты час ад паўднёварускага (кіеўскага) не менш чым двума дзесяткамі істотных прыкмет. Адначасова гэты дыялект многімі элементамі быў падобны да моваў балтыйскіх славянаў, а таксама да моваў сербска-славенскай групы. І толькі ў 13-15 стст. назіраецца паступовая нівеліроўка гэтых дыялектных адметнасцяў у выніку ўзаемадзеяння з суседнімі суздальскімі дыялектамі[2].

Тое ж самае тычыцца і беларускай мовы. У свой час Л. Аляксееў адзначыў той факт, што "некаторыя межы, падзяляючыя розныя дыялектныя з'явы, паўтараюць племянныя межы ранняга жалезнага веку"[3]. Гэта ж самае пераканаўча давёў і В.Сядоў[4]. Тэорыя В.Сядова аб балцкім субстраце ў этнагенэзе беларусаў і фармаванні ў 8-13 стст. беларускай этнічнай супольнасці на сённяшні дзень прызнаецца большасцю даследчыкаў. Аналіз усяго комплексу дадзеных дазваляе казаць аб наяўнасці ўжо на пачатку 2 тысячагоддзя новай этнічнай супольнасці, якая пазней атрымала назву беларусаў[5]. Бясспрэчным фактам зараз лічыцца і ўдзел іранскага і фіна-вугорскага субстрата ва ўкраінскім і, адпаведна, расейскім этнагенэзе, аб чым яскрава сведчаць дадзеныя антрапалогіі, мовазнаўства і фальклору[6].

Нельга сур'ёзна ставіцца і да апеляцыі пра аднароднасць матэрыяльнай культуры Кіеўскай Русі як этнаўтвараючага фактару. Па-першае, ужо неаднаразова адзначаўся той факт, што культурная агульнасць унутры ўстойлівых летапісных племянных саюзаў прасочваецца па курганных матэрыялах 12-13 стст. і па яшчэ больш позніх дадзеных дыялекталогіі[7]. Па-другое, кажучы пра матэрыяльную культуру ўсходнеславянскіх гарадоў, трэба памятаць, што культавая архітэктура, прыкладное мастацтва нясуць на сабе выразны адбітак магутнейшых рэцэпцыяў візантыйскай цывілізацыі. Менавіта майстры Візантыі непасрэдна прычыніліся да ўзнікнення шэрагу помнікаў Усходняй Еўропы[8]. Калі прытрымлівацца логікі прыхільнікаў агульнасці гарадской культуры Кіеўскай Русі як фактару этнічнай кансалідацыі ў адзіную народнасць, то можна нават абвясціць існаванне адзінай народнасці ў межах ВКЛ у 16-17 стст., бо ў гэты час ад Інфлянтаў да Магілёва мы бачым аднародную гарадскую культуру (аднолькавыя тэхнічныя прыстасаванні і тэхналогіі, сінхроннасць у развіцці розных відаў рамёстваў, узнікненне новых тыпаў вырабаў, іх стылістыкі і ўпрыгожванняў). Аднароднасць матэрыяльнай культуры ўсходнеславянскіх гарадоў не можа быць аргументам у пытанні існавання ці адсутнасці ўсходнеславянскага этнасу.

Аднак аўтара найперш цікавіла праблема этнічнай і палітычнай самаідэнтыфікацыі ўсходнеславянскага насельніцтва ў эпоху Кіеўскай Русі, бо менавіта яна з'яўляецца важнейшай у вырашэнні гэтага пытання.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.