Ю. Бардах - Звычаёвае шлюбнае права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)
- Заключэнне шлюбу
- Палюбоўныя разводы і разводныя справы перад свецкімі судамі
- Свецкая і духоўная юрысдыкцыя ў шлюбных справах
- Звычаёвае ці грамадскае права?
- Літаратура
Адною з юрыдычных асаблівасцяў Вялікага Княства Літоўскага было існаванне на гэтай тэрыторыі моцных свецкіх элементаў у асабовым шлюбным праве сярод праваслаўных. Рускае насельніцтва, якое належала да гэтага вызнання, разумела шлюб як свецкую ўмову, а царкоўнае права прабівала сабе дарогу ў гэтай сферы памалу і паволі. Мяжу a quo акрэслівае абсяг вядомых крыніц, мяжу ad quem - паступовы заняпад свецкага характару шлюбнага права на працягу XVII ст. Дзе-нідзе, праўда, ён захоўваўся яшчэ ў XVIII ст., але ўжо ў рэ-ліктавай форме.
Пытанне, пра якое пойдзе гаворка, не было дагэтуль прадметам усебаковага гісторыка-юрыдычнага разгляду. Гэта не значыць, што ў літаратуры не звярталася ўвагі на такія адметныя для тых часоў стасункі, у якіх заключэнне і асаб-ліва разрыў шлюбу часта адбываліся без удзелу духоўнае ўлады. Упершыню зрабіў гэта Чарнецкі ў доследзе, прысвечаным Літоўскім Статутам 1. Бліжэй заняўся пытаннем, якое нас цікавіць, М. Уладзімірскі-Буданаў. У 1878 г. у рэцэнзіі на выданне гісторыка-юрыдычных крыніц Віцебскага Архіва 2 ён закрануў пытанне так званых невянчаных шлюбаў сярод мяшчан места Магілёва і разводаў, якія адбываліся перад гарадскімі ўладамі. А ў працы, прысвечанай сямейнаму праву Заходняе Русі ў палове XVI ст., ён закрануў гэтую тэматыку з пункту гледжання яе геаграфічнае дыферэнцыяцыі і ступені распаўсюджанасці ў розных грамадскіх слаях 3 . Ён вылучыў тры рэгіёны паводле ўсё меншае частаты невянчаных шлюбаў і разводаў, якія адбываліся перад свецкімі ўладамі. Гэта былі: а) Украіна, б) правінцыйныя тэрыторыі Вя-лікага Княства, в) галоўныя цэнтры літоўскае дзяржавы. Адначасова ён выказаў погляд, што розныя грамадскія класы ў тыя часы кіраваліся рознымі, няраз процілеглымі, юрыдычнымі нормамі. Даўнейшае права, якое было, на яго думку, "надзвычай верна захаваным помнікам паганскіх часоў", найперш прыйшло ў заняпад сярод вышэйшых слаёў, а найдаўжэй трымалася сярод вясковага люду на ўкраінскім па межжы 4.
Найбольш увагі прысвяціў разгляданаму намі пытанню А. Лявіцкі 5 , выдавец збору крыніц пра сямейныя стасункі на паўднёва-заходняй Русі XVI– XVII ст. Уступ да гэтага збору, напісаны выдаўцом6 , дагэтуль застаецца найбольш вычарпальным разглядам пытання ў дачыненні да тэрыторыі Ўкраіны, асабліва Валыні. Аўтар разгледзеў невянчаныя шлюбы, падкрэсліваючы свабоду разводаў і звяртаючы ўвагу на існаванне свецкае юрысдыкцыі ў шлюбных справах. Адзначаў ён і рэшткі даўнейшых звычаяў ва ўкраінскай вёсцы ў XVIII і XIX ст. Следам за Лявіцкім М. Грушэўскі падкрэсліваў звычаёвы характар шлюбнага права на Ўкраіне, далёкі ад патрабаванняў права ўсходняе царквы 7 . У сваю чаргу А. Загароўскі ў манаграфіі, дзе было паказана гістарычнае развіццё разводу ў расійскім праве, грунтаваў пункты, прысвечаныя разводам праз нязгоду сужонцаў альбо з іх узаемнае згоды, на матэрыяле з тэрыторыяў Літоўскае Русі 8 .
Звычаёвым аспектам пытання заняўся галоўным чынам А. Ябланоўскі ў працы "Stosunki rodzinne na Wołyniu na przełomie XVI i XVII w."9 , якая таксама грунтавалася на матэрыялах і доследах, апублікаваных А. Лявіцкім.
Пытанне разводаў, якія на суседняй тэрыторыі Галіцкае Русі ажыццяўляліся свецкімі ўладамі, найраней закрануў Л. Шараневіч10 . Ён лічыў іх злоўжываннем, якое чыніла дзяржаўная ўлада на шкоду ўсходняму касцёлу. Пазней пра гэтае пытанне пісалі, шырэй ці павярхоўней, некалькі аўтараў 11 , пакуль ім не заняўся ў асобнай працы К. Саханевіч 12 . Абмежаваная тэрыторыяй, дзе гэтая праява - з прычыны мацнейшых, чым дзе яшчэ, польскіх уплываў - ужо ў XV ст. апынулася ў глыбокім заняпадзе, аперуючы досыць скупым матэрыялам крыніц, гэтая праца, на нашую думку, нягледзячы на некаторыя трапныя назіранні, змяшчае шэраг няўдалых меркаванняў, якія патрабуюць удакладнення. Наўзбоч заўважма яшчэ, што ў заходняй літаратуры прадмета гэтыя праявы ўвогуле не знайшлі адлюстравання.
Праблематыку, якая нас цікавіць, можна сканцэнтраваць у некалькіх прадметных колах: першае з іх датычыць характару свецкага заключэння шлюбу, што знаходзіць выраз у т. зв. невянчаных шлюбах і ў другараднай ролі, якую адыгрывала царкоўнае вянчанне, калі яно мела месца пры заключэнні шлюбу. Другое ахоплівае пытанне разводаў, асабліва тых, што адбываліся з узаемнае згоды сужонкаў і найчасцей перад царкоўнымі ўладамі. Нарэшце, трэцяе датычыць юрысдыкцыі свецкіх судоў у шлюбных справах.
Гэтае апошняе кола пытанняў распрацавана найгорш. Прынцыповыя лакуны ў гэтай галіне, асабліва адсутнасць аналізу дачыненняў цэнтральнае дзяржаўнае ўлады і праваслаўнае духоўнае ерархіі да свецкае юрысдыкцыі ў шлюбных справах, якая ажыццяўлялася мясцовымі ўладамі, і падштурхнулі нас узяцца за гэтую тэму13 .
Яно таксама дазваляе высветліць чацвёртае пытанне, а менавіта, як на цікавым для нас адрэзку часу фармаваліся адносіны пісанага дзяржаўнага права і права звычаёвага.
Прынятая намі тэматыка тычыцца - як мы заўважылі ў тытуле - праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства. Каталікі знаходзіліся ў інакшай сітуацыі, бо каталіцкі касцёл быў цалкам самастойным арганізмам, які не толькі мог забяспечваць рэалізацыю пастановаў кананічнага права, але і няраз пашыраў сваю юрысдыкцыю на справы, якія да яе не належалі14.
З прасторавага пункту гледжання тэма ахоплівае як беларускія, так і ўкраінскія землі Вялікага Княства, у тым ліку і пасля 1569 г., калі апошнія ўвайшлі ў склад Кароны. Згодна з тагачаснай тэрміналогіяй мы называем іх рускімі землямі, у адрозненне ад вялікарускіх, альбо расійскіх. Дзеля параўнання мы карыстаемся роднасным матэрыялам з тэрыторыі Галіцкае Русі, а для пазнейшых часоў - з т. зв. Слабадской Украіны, часам таксама і вялікарускімі крыніцамі, якія паказваюць істотныя адрозненні ад стану, які існаваў на Літоўскай Русі.
Няма каментарыеў. Ваш каментарый будзе першы.
Вы можаце пакінуць свой каментарый, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.