Ю. Бардах - Звычаёвае шлюбнае права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)

Палюбоўныя разводы і разводныя справы перад свецкімі судамі

Увагу даследчыкаў здаўна прыцягвала лёгкасць працэдуры разводу і асабліва шырокае распаўсюджанне разводаў з узаемнае згоды на Заходняй Русі. Некаторыя, як А. Лявіцкі і А. Загароўскі, меркавалі, што ў падвалінах гэтага стану рэчаў ляжала спрадвеку закарэненае перакананне рускага грамадства, што шлюб - гэта ўмова, якая свабодна заключаецца і развязваецца згодна з воляю бакоў85 . На Заходняй Русі даўнія звычаі захоўваліся лепш, чым на Маскоўскай Русі, якая знаходзілася пад уплывам візантыйскага аскетызму і манаршага дэспатызму 86. Іншы погляд выводзіў свабоду разводаў - супярэчную патрабаванням кананічнага права ўсходняе царквы, якое дапускала развод толькі з дакладна акрэсленых прычын - якраз з перанятага візантыйскага права. З гэтым парадаксальным на першы погляд пунктам гледжання, які абгрунтоўваецца фактам, што праваслаўнае кананічнае права ўвабрала ў сябе шматлікія імператарскія ўказы, выступіў А. Лебедзеў 87 , а ў польскай літаратуры ў дачыненні да Галіцкае Русі яго развіў К. Саханевіч 88 . Абодва аўтары адзначалі існаванне на тэрыторыі Візантыі divortium ex consensu [разводу паводле згоды], прызнанага Навелаю 140 імператара Юстыніяна II ад 566 г.89 Заўважым, што далейшая візантыйская практыка была ў гэтым пытанні хісткаю. Як "Іомаканон на 14 тытулаў", дапоўнены патрыярхам Фоціем (каля 883 г.), які стаў - з 920 г. - афіцыйным кананічным зборам, так і сучасныя яму наступныя імператарскія зборы: "Prochiron Nomos", "Epanagoga" і "Bazyliki" (усе з апошняе чвэрці IX ст.) займаюць пазіцыю абмежавання разводаў90. У прыватнасці, развод са згоды бакоў у прынцыпе дазваляўся толькі ў выпадку, калі сужонкі меліся ісці ў манастыр91 . Няяснасць тэкстаў і адрознае звычаёвае права былі прычынай таго, што практыка разводаў на падставе згоды бакоў перад абліччам свецкіх уладаў захоўвалася доўга, пакуль не была канчаткова ліквідавана за панавання імператара Яна Камніна [Jana Komnena] у XII ст.92 Яе захаванне яшчэ ў другой палове стагоддзя засведчыў лацінскі пісьменнік Гуга Этэрыянус, які пасля наведання Візантыі пісаў, што там сужонкі, незадаволеныя адно адным, разрываюць шлюбны саюз і без перашкод заключаюць новыя шлюбы, прычым усё гэта адбываецца перад свецкаю ўладай 93 . Падабенства паміж гэткім станам рэчаў і стасункамі, якія панавалі на заходнерускіх землях, схілілі К. Саханевіча да прыняцця тэзы, што на Русі візантыйска-царкоўнае права, сутыкнуўшыся з айчыннымі паганскімі формамі, прыпадобніла іх цягам практыкі да візантыйска-царкоўных формаў, і наадварот - мясцовыя звычаі зазналі мадыфікацыю паводле паняццяў царкоўнага права 94 .

Гэтая тэза не знаходзіць, аднак, дастатковага абгрунтавання ў матэрыяле крыніц; больш за тое, яна супярэчыць тым крыніцам, якія паказваюць, што ўспрынятае рускаю царквою візантыйскае царкоўнае права ад пачатку супярэчыла агульнай на Русі практыцы, якая напэўна сягала яшчэ да-хрысціянскіх часоў 95 .

З цытаванага ўжо "Послания" мітрапаліта Іаана (канец XI ст.) і найдаўнейшых помнікаў візантыйскага права, якія ўжываліся на Русі, недвухсэнсоўна вынікае, што кананічнае права ўсходняе царквы займала пазіцыю, рашуча варожую свабодзе разводаў. "Кормчая Книга", вядомая на Русі ўжо з XI ст., а афіцыйна прынятая расейскаю царквою на Ўладзімірскім саборы 1274 г., у сваёй найдаўнейшай рэдакцыі ведала разводы толькі на падставе акрэсленых выпадкаў, такіх, як чужаложства, невылечная хвароба (праказа), няволя і да т. п., але не на падставе ўзаемнае згоды. Гэтаксама і "Закон Судный Людем", вядомы на Русі найпазней у XIII ст. 96, дапускаў развод толькі ў некалькіх выразна азначаных выпадках, падкрэсліваючы прынцыповую неразлучальнасць шлюбу 97 . Грунтаваныя на Номаканоне найстарэйшыя тэксты "Свитка Ярославля" (усходняя група, кароткая рэдакцыя), якія адносяцца да сярэдзіны XII ст. 98, прадугледжвалі пакаранні як за пакіданне жонкі мужам без яе віны, так і за развод на падставе ўзаемнае згоды 99. Вось жа, царкоўнае права, пацвярджаючы гэтаю нормаю існаванне ў рускай практыцы разводаў на падставе згоды бакоў, заняло ў дачыненні да іх з найдаўнейшых часоў непрыязную, а пазней і адкрыта варожую пазіцыю 100 .

Такім чынам, калі ад пачатку права ўсходняе царквы вызначалася адмоўным стаўленнем да разводаў паводле згоды бакоў, то на якой падставе льга прыняць рэцэпцыю Руссю свецкае візантыйскае практыкі? Бо ж гэтая рэцэпцыя адбывалася - як добра вядома - праз царкоўнае права. А паколькі гэты шлях у дадзеным выпадку неактуальны, то і тэза пра рэцэпцыю, на нашую думку, павісае ў паветры. Руская царква ад пачатку намагалася выкараніць разводы паводле згоды бакоў. Калі на Русі гэта доўга не ўдавалася, то трэба патлумачыць, якія былі прычыны гэтага (падобныя маглі існаваць раней і ў Візантыі). Аднак каб казаць пра рэцэпцыю, аднаго падабенства яшчэ недастаткова. Трэба найперш вызначыць, якім шляхам яна магла адбыцца. А гэтага, здаецца, зрабіць немагчыма.

На распаўсюджанасць разводаў паказваюць ад мяжы XV і XVI ст. шматлікія акты гаспадароў, дзе тыя звярталі ўвагу на паўсюднасць гэтага з’явішча сярод праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства. Паколькі яны тычацца галоўным чынам юрысдыкцыі ў шлюбных справах, гаворка пра іх пойдзе ў наступным раздзеле.

На землях русінаў Вялікага Княства Літоўскага развод часцей называлі "розпустем, розпущенем"101 , сярод мяшчан часам "разлукай". Найчасцей, зрэшты, ён фігураваў у вядомых нам актах пад эўфемістычнаю назвай "wzajemnego wyzwolenia z małżeństwa" ["узаемнага вызвалення з сужонства"] альбо "wypuszczenia z małżeństwa" [выпушчэння з сужонства], узаемнага, бо - як ужо казалася - тыповаю формай разводу быў развод паводле згоды бакоў. Яго можна было здзейсніць, зрабіўшы заяву ва ўра-дзе. Абодва бакі з’яўляліся перад ураднікам, які вёў кнігі, і згодна абвяшчалі жаданне разарваць шлюб, што ўпісвалася ў кнігі. Упісванне ў кнігі мела на мэце фармалізацыю дамовы пра развод, у падставах якое ляжала згодная заява пра волю бакоў. Менавіта такі характар насіў развод, здзейснены перад гарадзенскім судом у 1557 г. Стаўшы перад судом, гаспадарскі дваранін Іван Таруса разам з жонкай Марынаю згодна засведчылі, што ўзаемна вызваліліся з шлюбных путаў, а ўмову паміж сабою ўмацавалі закладам. Той з сужонкаў, які б у будучыні стаў прад’яўляць правы на другога сужонка, павінен згодна з гэтым заплаціць вызначаны заклад на карысць манарха102.

Тут - як мы пераканаемся - мы маем тыповую дамову пра развязанне шлюбу, якая змяшчае формулу адмаўлення ад права на вяртанне стану сужонства, падмацаваную закладам.

Гэтаксама стаялі справы і на Валыні. У 1564 г. перад падстарастам на замку ў Луцку, як прадстаўніком гродскага ўрада, зямянка Марыя Борзабагатая-Красенская, дачка тагачаснага луцкага біскупа-наміната Івана Борзабагатага, заявіла, што дзеля няспынных спрэчак з мужам, панам Яцкам Дабрыльчыцкім, робіць яго вольным ад шлюбу і дазваляе яму жаніцца, з кім захоча, а ёй будзе вольна выйсці замуж, за каго захоча. Сыны меліся застацца пры бацьку, дачка - пры маці. Сугучную з гэтым заяву зрабіў муж, пасля чаго абодва бакі ўмацавалі свае заявы ўзаемным закладам103.

У 1572 г., у сваю чаргу, разглядалася разводная справа валынскага шляхціца Сямёна Храптовіча-Багурынскага, жанатага з Раінаю Русінаўнаю-Берастэцкаю, чый бацька, Андрэй Русін, быў ад 1571 г. праваслаўным біскупам-намінатам пінскім і тураўскім. У ходзе гэтае справы абодва бакі прыбылі ў гродскі ўрад у Луцку, каб зрабіць заяву пра развод з узаемнае згоды104, але Храптовіч пажадаў, каб ягоная жонка не толькі заявіла пра згоду на "вызваленне з сужонства", але і выдала яму "лист розпустны", на што бацька Раіны, біскуп Русін, не хацеў пагадзіцца, цвердзячы, што гэта было б "з уближенем доброе и цнотливое славы моее и ее" ["знявагаю яе і мае добрае і цнатлівае рэпутацыі"] (відавочна таму, што ў гэтым лісце Раіна мелася ўзяць віну на сябе) і што дамова, заключаная з пасярэдніцтвам палюбоўных суддзяў ("приятелей зобапольных"), датычыла толькі заявы перад урадам105 . Заявы гэтыя, зрэшты, былі цалкам дастатковаю формаю для паспяховасці разводу. Пра гэта найлепш сведчыць пазнейшая практыка, калі і ў XVII ст. хапала згоднае заявы бакоў, запісанае ў кнігі. Заява такая магла складацца не толькі ва ўрадзе, але і перад дамініяльным панам. Так, у 1609 г. слуга пана Яна Лахадоўскага - вугорац Януш Надзь пасля некалькіх гадоў нязгоднага сямейнага жыцця з Аннаю, дачкою Андрэя Яданскага, баярына таго ж пана Лахадоўскага, стаўшы з жонкаю перад яго абліччам, заявіў, што "dobrowolnie ja żonę swoją wolną uczyniłem od stanu małżeńskiego, a także i ona mnie… wolnym uczyniła od stanu małżeńskiego" ["я добраахвотна зрабіў жонку сваю вольнай ад сужонскага стану, а таксама і яна мяне… вольным зрабіла ад сужонскага стану"]. Да гэтага прыватнага дакумента, які дапаўняў вусныя заявы, прыклалі пячаткі пяцёра запрошаных сведкаў, у тым ліку - што характэрна - ажно тры праваслаўныя святары106 , пасля чаго ён быў аблатаваны. Тут мы маем спалучэнне заявы перад панам і прыватнага дакумента, аблатаванага ў гродзе, відавочна з увагі на пасярэдняе становішча разводнікаў, бо яны не належалі да звычайных падданых.

Калі шляхта складала заявы пра развод у гродскім су-дзе, то мяшчане рабілі гэта перад сваёю ўладаю - магістратам107. У 1585 г. магілёўскі мешчанін Андрэй Акулініч з жонкаю Марыяй прасілі запісаць у магілёўскія гарадскія кнігі, што так сама, як яны добраахвотна заключылі паміж сабою шлюб, так цяпер у час голаду, не маючы сродкаў да жыцця, добраахвотна яго развязваюць108. Аналагічных дамоваў, занесеных у кнігі места Магілёва з першае паловы XVII ст., мы ведаем багата109 . Яны сведчаць аб усталяванай у гэтым дачыненні гарадской практыцы.

Пераходзячы, у сваю чаргу, да сялянскага насельніцтва, сцвердзім, што паводле матэрыялаў люстрацыі ўкраінскіх старостваў ад 1565 г. сяляне, якія хацелі атрымаць развод, мусілі ісці да старасты (падстарасты) і заплаціць яму пэўную суму ў якасці разводнага альбо платы за роспуст110. Першапачаткова гэтая плата, як і плата за шлюб, была звычайнай крыніцай даходаў уладара. На гэта паказвае прывілей ад 1465 г., выдадзены княжною Ўльянаю Кобрынскай разам з сынам іхнаму слугу Юду, якому княжна надала гарадскую царкву ў імя апосталаў Пятра і Паўла з рознымі даходамі з зямлі і іншымі, сярод якіх фігуравалі паемшчыны і роспусты111.

З тэрыторыі Падолля паходзіць цікавы акт, у якім селянін дае пану вёскі вала "pro divortium alias za rozpust" [то бок за развод] свае дачкі, якую хоча вызваліць ад яе мужа112 . І тут плата мела характар нармальнае павіннасці на карысць дамініяльнага пана, які меў права яе збіраць. З часам жа - па меры таго, як сярод каталіцкае каралеўскае адміністрацыі расло непрыхільнае стаўленне да разводаў - яна пачала набываць характар штрафное выплаты. Гэтую эвалюцыю льга назіраць на прыкладзе рускага Бару, дзе ў 1552 г. кароль ўзняў плату за развод, каб - як ён матываваў - зрабіць цяжэйшымі частыя і пазбаўленыя слушных прычын разводы113. У матэрыялах люстрацыі з 1565 г. "замак" (сядзіба староства), збіраючы выплаты за згоду на развод, трактаваў іх ужо як спецыфічныя штрафныя выплаты. У галіцкім старостве люстратар падкрэсліваў, што разводы "aczby to było słusznie karać czym innym, a wszakoż według obyczaju dawno złego biorą od takowych zamkowych win po 3 grzywny"114 . Гэтыя выплаты - абавязковая ўмова атрымання згоды замку, якая толькі і служыць канстытуцыйным актам і толькі яна вызначае спаўненне разводу.

Як відаць, першапачаткова аплаты "za rozpust", ці "разводныя", абцяжарвалі ўсё паспалітае насельніцтва на карысць уладара. Іх плацілі і мяшчане рускіх местаў - да надання ім магдэбургскага права - як мы бачым на прыкладзе Кобрына і рускага Бару115 . Толькі з цягам часу, калі мяшчане вызваліліся ад гэтых выплатаў, іх цяжар лёг выключна на сялян. Адначасова - як мы бачылі - уладары перадавалі правы на гэты даход, разам з іншымі, панам, так што з цягам часу ён стаў элементам дамініяльных паўнамоцтваў дзедзіча. Усяе гэтае эвалюцыі не заўважыў К. Саханевіч, які, разважаючы пра характар аплат за развод, падкрэсліваў, што гэта "як бы выкуп або цана, за якую згасалі гэтыя паўнамоцтвы (уладальніка зямлі), што абмяжоўвалі асабістую свабоду падданага, чыё становішча набліжалася амаль да становішча раба"116. Вось жа, паводле гэтага аўтара, разводныя аплаты - як і вясельная куніца, пра якую ішлося вышэй - вынікалі са стану, што паходзіў з першапачатковае няволі паспалітага рускага насельніцтва. Няслушнасць гэтага погляду мы стараліся паказаць вышэй, звяртаючы ўвагу на першапачатковы абсяг і паходжанне разводных аплатаў. Дадамо, што самі люстрацыі акрэслівалі разводы як "памежны звычай", а асобы, якія разводзіліся, гэта "свавольная Русь"117 . Ці ж так кажуць пра рабоў? Асабісты статус гэтага насельніцтва ў XV–XVI ст. быў - паўторым яшчэ раз - вельмі далёкі ад няволі, якую беспадстаўна ўвёў у свае развагі К. Саханевіч, будуючы на гэтай падставе сваю тэорыю 118.

Відавочна, што паміж прадстаўленым вышэй станам і сітуацыяй у літоўскай дзяржаве не было розніцы. Так можна меркаваць на падставе акта ад 1511 г., дзе гаспадар забараняў умешвацца між іншым усім панам у духоўныя справы, у духоўныя суды і іх даходы119 . У сваю чаргу, мы ведаем ліст Жыгімонта I да княгіні Алены Слуцкае, датаваны 1544 г., дзе ідзецца пра тое, што яе слуцкі і капыльскі намеснікі "мужов с жонами розпускают и розпусты берут". Праз дзесяць з лішнім гадоў пасля гэтага гаспадар паўтарыў той самы закід на адрас яе сына - князя Юрыя Слуцкага120.

Ступень незалежнасці была выразна вышэйшаю ў шляхты і мяшчан. Тут хапала выказвання волі бакоў, учыненага ў належнай форме. Большаю была залежнасць сялян, бо тут развод патрабаваў пацверджання адпаведнае дамініяльнае ўлады. На практыцы яна не ўваходзіла ў meritum [сутнасць] справы - рэч абмяжоўвалася выплатаю на карысць замка. У падобнай да сялянскае сітуацыі знаходзіліся жыхары места Кобрына ў 1465 г. альбо насельніцтва oppidum Bar [места Бар], якое ў сярэдзіне XVI ст. яшчэ не мела магдэбургскага права.

Вуснае выказванне свае волі, упісанае - калі гаворка пра шляхту і мяшчан - ва ўрадавыя кнігі, сустракалася ва ўсіх станах, але развод, дзе заява пра волю адбывалася шляхам складання прыватных дакументаў, быў формаю несумненна пазнейшай за першую і ўжываўся, як правіла, у шляхецкім, а пазней і ў казацкім асяроддзі. Тут умова пра развязанне шлюбу адбывалася ў форме актаў, выстаўленых бакамі. Падпісвалі іх або прыкладалі да іх пячаткі пры ўдзеле сведкаў, чые подпісы і пячаткі таксама відаць на такіх актах. Гэтыя "лісты" былі прыватнымі дакументамі, а іх складанне і ўзаемнае ўручэнне бакамі адно адному вырашала аб разво-дзе. Калі ў 1571 г. гаспадарскі маршалак Васіль Загароўскі (пазнейшы брацлаўскі кашталян) і Маруша, княжна Збараская, паразумеліся ў дачыненні да разводу - выставілі на тое "листы розводные"121, якія падпісалі, а ўслед за імі сведкі прыклалі свае пячаткі122 . Тыя акты, пра якія ідзецца ў далейшым працяглым працэсе, увогуле не аблатаваліся ні перад якім урадам. Цяжка сказаць, ці такая была практыка. У кожным разе мы сустракаем і "листы", якія бакі прадстаўляюць да ўпісання. Так, у 1594 г. уроджаны Ян Валіцкі прадставіў гродскаму ўраду ў Луцку да ўпісання ў кнігі акт, дадзены ім за ўласнай пячаткай і пячаткамі сведкаў сваёй жонцы Тэадоры Галявінскай "на вызволене зе стану малженского, а то для хоробы ее", замацоўваючы гэта закладам. Падобным чынам Цімафей Галявінскі зрабіў "запис сестры своее под печатью ее и под печатми и подписами людей зацных бывшому малжонку ее пану Яну Волицкому даный, вызваляючи его з малженства своего вечными часы …, абы был принят и в книги гродские уписан"123.

На схіле XVII ст. у оўруцкім павеце ў асяроддзі ваколічнае (засцянковае) шляхты адзначаем развод паміж Фёдарам Шкірыпам і ягонаю жонкай Арышкаю, які адбыўся ў форме выдачы адно адному развадных лістоў. След пра іх захаваўся, бо праз два гады пасля складання гэтых лістоў Шкірыпа - невядома, з якіх матываў - аблатаваў атрыманы дакумент у оўруцкіх гродскіх кнігах124. Часам аблату аблягчалі, просячы стаць адным са сведкаў вознага - генерала ваяводства, які пазней уносіў акт дамовы ва ўрадавыя кнігі125 . Гэта не змяняла характару разводнага ліста, які надалей заставаўся прыватным дакументам.

Развод паводле згоды бакоў адбываўся звычайна пры ўдзеле арбітраў - якім у актах давалася найменне "przyjaciół obopolnych". Яны гралі немалую ролю ў паразуменні паміж бакамі ў справе разводу, асабліва што да маёмасных умоваў. Так, пры разводзе Сямёна Храптовіча і Раіны Русінаўны "застановене и угода стала ся промежку нас … через власную особу … князя Федоровича Корецкого, старосты луцкого, брацлавского, и виницкого, … князя Остаффа Сокольского подсудка земского, луцкого, а … пана Михайла Коротенского писара земского луцкого …, приятелей наших зобапольных"126 .

Калі гэтая дамова не была выканана, Храптовіч угаварыў Раіну, каб тая паехала з ім на генеральны сеймік валынскае зямлі, дзе "о том якобы се зо мною розвел" - паказвае потым Раіна - "з приятели моими намовити мел"127 .

Пра ролю арбітраў сведчыць і паказанне ў разводнай справе Загароўскага, дзе гаворыцца, што "лист, постановене приятельское" быў складзены пры чынным удзеле гэтых "прыяцеляў" - "едначоў". Падобных фактаў ведама больш128 . Усе яны паказваюць на вялікую ролю арбітражу ў разводах паводле ўзаемнае згоды.

Выступленне ў ролі арбітраў земскіх дастойнікаў сведчыць, што шляхецкае грамадства рускіх земляў лічыла гэткае развязанне шлюбу рэччу, якая не абражае гонару ніводнага з бакоў, нармальнаю; удзел у яе здзяйсненні не толькі не даваў падставаў для знявагі, - да гэтае справы запрашалі, як увогуле на ролю арбітраў, найбольш паважаных людзей. Актыўны ўдзел у ажыццяўленні разводу, як сведчаць шматлікія дакументы, звычайна бралі бацькі (бацька альбо маці-ўдава). Няраз і далейшыя крэўныя выступалі трацейскімі суддзямі альбо зацвярджалі здзейснены развод129. Прычынай разводу найчасцей бывала нязгоднае сужыццё 130 , якое няраз выклікалася спрэчкамі паміж зяцем і жончынаю сям’ёю, альбо кепскае абыходжанне з жонкаю, якое выклікала яе вяртанне ў бацькоўскі дом, пасля чаго яе сям’я выступала з патрабаваннем разводу, як правіла, паспяхова. На пануючыя ў гэтай сферы звычаі кідае святло скарга, якую ўнёс у 1573 г. зямянін Васіль Халанеўскі ў луцкія гродскія кнігі. Ён падае, што жонка, з якою ён жыў у нязгодзе, уцякла да цешчы, а калі ён стаў намагацца, каб яна да яго вярнулася, цешча казала перадаць яму: "Я дей к нему жоны его не пошлю, але ему ражу, ижбы … ее вызволил з малженьства а она его, бо возьмет собе не жону одно неприятеля". У выніку адбыўся развод 131.

Згодны развод адбываўся таксама з прычыны хваробы аднаго з сужонкаў, калі хворы сужонак прасіў вызваліць яго з сужонскага саюзу. І ў гэтым выпадку разводны акт меў характар двухбаковае заявы, бо змяшчаў і згоду на развод другога сужонка132.

Здараўся згодны развод і тады, калі адзін з бакоў адчуваў за сабою віну за развал сям’і. Так, у цытаваным ужо намі акце разводу паміж Фёдарам Шкірыпам і ягонаю жонкаю Арышкаю, гэтая апошняя сцвердзіла, што з прычыны сваіх правінаў страціла любоў мужа, якому дае развод133. Цікавым, на сто гадоў ранейшым прыкладам разводу ex consensu, ня-гледзячы на элементы, якія, паводле тагачасных нормаў, давалі падставу для крымінальнага працэсу з перспектывай кары смерці для вінаватае жонкі, служыць выпадак, які меў месца ў 1581 г. ва Ўладзіміры Валынскім. На разгляд тамтэйшага гродскага суда трапіла дамова пра развязанне шлюбу паміж Янушам Глінскім, слугою (ці баярынам) князя Канстанціна Астрожскага, і ягонаю жонкаю Катарынаю Крык. Характэрнымі былі акалічнасці, якія папярэднічалі заключэнню дамовы пра развод: неўзабаве па выхадзе замуж Катарына кінула мужа і пачала жыць з нейкім Янам Шчаурскім. Кінуты муж з дапамогай стараставых пахолкаў зняволіў жонку, а за чужаложства ёй і каханку пагражала кара смерці. Аднак па просьбе жонкі і "едначоў" - прыяцеляў - Глінскі згадзіўся на развод. Вось жа абое сталі перад падстарастам і гродскім суддзёю, у чыёй прысутнасці Глінскі заявіў: бачачы, што жонка яго не кахае, ён вызваліў яе з сужонскага стану і ніякіх правоў адгэтуль на яе мець не будзе. Яна можа дагэтуль жыць свабодна "z tym mężem, którego teraz ma - z Janem Szczaurskim, jako własnym ślubnym" ["з тым мужам, якога мае цяпер - з Янам Шчаурскім, як уласным шлюбным"], а па ягонай смерці выйсці нанава замуж за каго захоча, абы той муж не быў "nacji cygańskiej" ["цыганскае нацыі"]. Катарына ўзаемна вызваліла мужа з сужонскіх вузаў, дазваляючы яму новы шлюб134 . Заўважым, што калі за чужаложства пагражала кара смерці135, а кананічнае права катэгарычна забараняла наступны шлюб паміж чужаложнікамі, дык тут як урад, так і сужонкі і грамадская думка ("прыяцелі", з чыім пасярэдніцтвам адбыўся гэты акт) стаялі на пазіцыі, што дастаткова згоды бакоў на развязанне старога шлюбу, каб прызнаць чужаложны стасунак легальным, паводле грамадскае думкі, сужонскім саюзам136.

Праз колькі дзесяткаў гадоў у Магілёве жонка магілёўскага мешчаніна Багдана Лук’янавіча Ўліта чужаложнічала з казакамі, якія перабывалі ў яго ў доме - пра што тыя самі сказалі мужу - і сышла з імі. Калі ж вярнулася, муж паклікаў яе ў духоўны суд арцыбіскупа полацкага, які даў яму развод з жончынае віны. Аднак праз пару месяцаў разведзеныя ўжо паводле царкоўнага права сталі перад гарадскім урадам, заяўляючы, што "ўзялі ўгоду" пра ўзаемнае вызваленне са шлюбу. І тут замест кары маем пагадненне, у якім пасярэднічалі прыяцелі - "едначы" - і бацька лёгкадумнае жанчыны 137 .

Ані ў першым, ані ў другім выпадку ніхто ўвогуле не браў пад увагу ні дзяржаўнага, ні гарадскога права. У другім выпадку, штопраўды, справа вялася перад арцыбіскупскім судом, але бакі - дый атачэнне - аддалі перавагу дамове, рэалізаванай ужо пасля выдачы выраку арцыбіскупам, які, паводле логікі, павінен быў канчаткова вырашыць справу.

Тагачасная практыка - паводле згоды бакоў - касавала суровыя пастановы дзяржаўнага права, нязгодныя з юрыдычнай свядомасцю грамадства138 , замяняючы іх ліберальнейшым звычаёвым правам. Гэтая тэндэнцыя знайшла выраз у акце ад 1623 г. Гайдук гетмана Хадкевіча пасля вяртання з няволі заявіў перад магістратам места Магілёва, што дамо-віўся са сваёй жонкаю, якая, пакуль ён быў у няволі, выйшла замуж за другога. Муж, замест таго, каб пацягнуць яе да адказнасці за бігамію, якая была цяжкім злачынствам, вызваліў яе ад шлюбу. Жонка ўзаемна адцуралася ўсялякіх прэтэнзіяў да яго 139 .

Згоднае паразуменне давяло таксама ў 1646 г. да разводу з жонкаю Якава Сапоцькавіча з Магілёва, які хацеў пайсці "на покуту до монастыря на поратоване души"140 .

У разводных актах звычайна агаворвалася, што бакі могуць уступаць у новыя шлюбныя саюзы без ніякае перашкоды з боку разведзенага сужонка. Так, знаёмая ўжо нам Марыя Борзабагатая заявіла перад урадам: "Позвалям пану Яцку кого хотя поняти, а мне теж вольно за кого хотя пойти"141. І праўда, ужо праз тры месяцы яна выступіла як жонка Васіля Рагазінскага. Клаўзула пра свабоду новага заключэння сужонскага саюзу была амаль што заўсёднаю 142.

Яна спалучалася з клаўзулаю адмаўлення. Апошняя змяшчала адцуранне бакоў ад права жадаць узнаўлення развязанага стану сужонства. Гэтай клаўзуле надавалася вялікае значэнне, таму мы часта сустракаем яе ў разводных актах як шляхты, так і мяшчан 143 . Для ўмацавання гэтае клаўзулы, якая вырашала юрыдычную пэўнасць здзейсненага разводу, ужываліся спосабы, вядомыя пры ўмацаванні ўмоваў у прыватным праве. Найчасцейшым сярод іх быў заклад. На яго ролю ва ўмацаванні адмаўленчае клаўзулы паказваюць шматлікія акты. Сведчачы пра існаванне такога акту, складзенага княжною Марушай Збараскаю, прыёр Ляскоўскі сцвердзіў, што "был тен лист под заруками справлен, абы се тое вечными часы не вспоминало перед жадным правом так духовным, яко и свецким"144 . Найчасцей заклад ставіўся на карысць другога боку. Так, пры разводзе паміж Янам Валіцкім і Фядорай Галавінскаю першы забавязаўся, што калі б "препомнивши сего листу, добровольного записа моего… ее потом до малженства своего притегал, тогды маю… заруку ей самой, альбо тому в кого сей лист - запис мой будет, заплатити тысечу коп грошей литовских"145 .

Ставіўся і заклад на карысць манарха. Так было ў разводзе паміж Іванам Тарусам і ягонаю жонкай Марынай 146 . Марыя Борзабагатая з Яцкам Дабрачыльскім абавязваюцца "в жадном артыкуле того розстаня не зрушаючи, под зарукою его королевское милости пятисот копами грошей"147. Няраз заклад на карысць другога боку спалучаўся з закладам на карысць манарха.

Часам, калі агаворваліся пэўныя дадатковыя, больш канкрэтныя пастановы, яны падмацоўваліся ўмоўным смяротным пакараннем. У выпадку разводу Катарыны Крык з Янушам Глінскім бакі падмацавалі дамову ўзаемным закладам па дзвесце коп грошай і закладам у тым жа памеры на карысць караля. Звыш таго, Катарына абавязалася пад пагрозаю кары смерці не выходзіць замуж - пасля магчымае смерці цяперашняга мужа - за цыгана. Падобную ўмоўную кару прыняў на сябе вугорац, Януш Надзь, абавязваючыся пасля разводу пакінуць Валынь і не турбаваць былое жонкі і яе бацькі148 . У гарадскім праве мы сустракаемся з закладам на карысць магістрата149.

У актах, якія тычыліся разводаў паводле ўзаемнае згоды, відаць роўнасць правоў абодвух полаў, і калі ішлося пра ініцыятыву разводу, і калі - пра згоду даць яго. Абыходжанне з чужаложнаю жонкаю, лагаднейшае на практыцы, чымся ў статутным праве, сведчыць, што ў грамадскай думцы становішча жанчыны ўспрымалася як больш раўна-праўнае, чымся ў праве. Адгэтуль, аднак, было далёка да ідыліі, якую любіла паказваць даўнейшая літаратура. Апошняя падтрымлівала погляд, што, асабліва на Ўкраіне, "жанчына ў XVI і XVII ст. карысталася шырокім абсягам свабодаў і правоў, амаль не саступаючы мужчыну ў паўнаце грамадзянскіх правоў"150. Нам вядомыя выпадкі гвалтоўнага ўзяцця жанчын замуж, калі з іхнай воляю не лічыліся і толькі адмы-словая рашучасць і спрыяльныя акалічнасці дазвалялі некаторым (якраз таму мы пра іх і ведаем) вызваліцца з прымусовага шлюбу і дамагчыся разводу151.

Развод з узаемнае згоды таксама не заўсёды быў сапраўды добраахвотны, хоць момант дабравольнасці ў заявах бакоў рэгулярна падкрэсліваўся. У 1567 г. зямянка Марыя Мялешкава апісвае ў лісце, прадстаўленым стараставаму ўраду, падрабязныя сцэны здзеку і катаванняў, якія зазнавала ад мужа Пракопа Воўчка-Жаскоўскага, які потым, "примусивши мене, по двакрот до ураду господарского Володымирского в ночи мене возил и водил и з примушенем розказовал ми на уряде зезнане чинити, абых я его з малженства вольным учинила"152 . Як часта такое здаралася, мы не ведаем і, мабыць, не даведаемся ніколі.

Але пэўна, што становішча жанчыны на Літоўскай Русі - хоць і далёкае ад становішча мужчыны - заставалася адносна добрым. Гэта знаходзіла выраз і ў маёмасных правах жанчыны-шляхцянкі, якія належалі ёй паводле Статутаў Літоўскіх, і істотным чынам адрознівала яе становішча ад бяспраўнага стану на Маскоўскай Русі153 . На землях Заходняе Русі пераважаў развод паводле згоды бакоў, дзе пазіцыі абодвух бакоў былі фармальна роўныя, а ў выпадку аднабаковага разводу ініцыятыва магла сыходзіць як ад мужа, так і ад жонкі, тым часам як у маскоўскай дзяржаве гэтае рашэнне знаходзілася выключна ў руках мужчыны. Адгэтуль досыць распаўсюджанаю формай разводу, асабліва сярод вышэйшых слаёў на Маскоўскай Русі, былі прымусовыя de facto пастрыжыны жонкі. Муж, здаволіўшыся жонкаю, аддаваў яе - няраз ужываючы нават фізічны прымус - у манастыр, а вызвалены праз яе манаскія абеты ад путаў старога шлюбу, свабодна заключаў новы154 .

На землях, якія сталі прадметам нашага доследу, такія факты не здараліся. Мабыць, гэта было выклікана тым, што тут, дзе аддаленая і не вельмі моцная цэнтральная ўлада не рабіла вялікага ўплыву на грамадскае жыццё і можна было адносна свабодна культываваць даўнія звычаі, даўнія стасункі захоўваліся даўжэй155 . Калі сярод вышэйшых і сярэдніх слаёў заходнерускага грамадства свабода разводаў знаходзіла выраз у разрыве шлюбу са згоды бакоў у форме двухбаковае ўмовы, пісьмовае альбо ўнесенае ва ўрадавыя кнігі, то сярод люду свабода захоўвалася большая. Магчыма, яна была водгукам ранейшага стану, калі свабода разрыву шлюбу ішла так далёка, што для гэтага хапала публічна выказанага жадання аднаго з сужонкаў. Гэта знаходзіць выраз у цытаваных люстрацыях украінскіх старостваў ад 1565 г. У люстрацыі барскага староства чытаем: "Rozwody. A który też chce żonę opuścić, albo żona męża, dawa ten, kto przyczynę da do tego, grzywien trzy" ["Разводы. А калі хто хоча жонку кінуць, альбо жонка мужа, той, хто падасць для гэтага прычыну, дае тры грыўны"]156 , а люстрацыя ратненскага староства тлумачыць: "Rozwody - to jest gdy się któremu mężowi żona nie podobała albo mąż żonie" ["Разводы - гэта значыць калі якому мужу жонка не падабалася, альбо муж жонцы"]157. У суседняй Галіцкай Русі люстратар каламыйскага староства запісаў: "Rozpusty - jako w onym kraju Ruś swawolna z lada przyczyny z żoną mieszkać nie chce, abo także żona z mężem" ["Разводы - як у тым краі свавольная Русь з абы-якое прычыны не хоча жыць з жонкаю, або жонка з мужам"]158. У люстрацыі Галіцкага староства чытаем: "Rozwody, gdy który Rusin swawolny chce się z żoną rozwieść albo też żona z mężem, choćby to słusznie karać czym inszym, a wszakoż według obyczaju dawno złego biorą od takowych zamkowych win po trzy grzywny" ["Разводы, калі які свавольны русін хоча развесціся з жонкаю, альбо жонка з мужам, хоць гэта варта караць чым іншым, але паводле даўняга ліхога звычаю з такіх бяруць замкавых він па тры грыўны"]159. Падобна ў люстрацыі Любачэўскага павету: "Rozwody bezbożne, też tam do tych czasów jeszcze trwają, za co dawa ten co przyczyną do rozwodu grzywien trzy" ["Бязбожныя разводы таксама там яшчэ дагэтуль трываюць, за што той, хто прычынай разводу, дае тры грыўны"]160 .

З пададзеных згадак вынікае: 1) лёгкасць разводаў сярод праваслаўнага вясковага насельніцтва; 2) раўнапраўе што да ініцыятывы разрыву шлюбу, з якою можа выступаць як муж, так і жонка; 3) магчымасць разводаў і без двухбаковае згоды, з ініцыятывы толькі аднаго з сужонкаў. Што аднабаковае волі разрыву шлюбу было дастаткова, сведчыць цытаваны вышэй прыклад сялянкі Маркі, якая спачатку ўцякла ад мужа, а потым яе бацька атрымаў "розпуст" ад дамініяльнага пана яе мужа.

Сярод вышэйшых слаёў у свецкіх судах такіх выпадкаў мы не сустракаем. Штопраўды, Храптовіч мог, знудзіўшыся цяжкімі і доўгімі перамовамі пра развод з Раінаю Русінаўнай, пакінуць яе на сойміку валынскае зямлі ў Берасцечку, а ад’язджаючы, заявіць: "я тебе за жону мети и с тобою в малженстве мешкати не хочу", і ўсё ж воля аднаго толькі боку - у адрозненне ад таго, як вялося між сялян - тут зусім не была дастатковаю. Развод меў двухбаковы характар, напэўна дзеля таго, што ён разумеўся як дамова пра спыненне шлюбу, з якою спалучалася ўзгадненне маёмасных дачыненняў. Канстытуцыйным актам тут была згодная воля бакоў, тым часам як пры разводзе падданых дастаткова было волі аднаго боку, якая была падставаю рашэння пана (альбо яго ўрадніка) даць развод. У гэтым другім выпадку новы юрыдычны стан стварала толькі згода начальства.

Падкрэсліваючы значэнне разводаў з узаемнае згоды, даследчыкі даўно ўжо заўважылі, што ў тагачасных умовах "дабратворны ўплыў разводаў на сямейнае жыццё і маральнасць грамадства быў несумненны". Яны служылі "клапанам бяспекі" для сутычак у сямейным жыцці, якія інакш няраз вялі б да крывавых канфліктаў161 .

Прыхільнасць да даўнейшых звычаяў, карыснасць якіх для грамадства была несумненнаю, стала прычынаю таго, што на тэрыторыях, куды ўплывы цэнтральнае духоўнае і свецкае ўлады даходзілі з цяжкасцю і са спазненнем, апісаныя вышэй звычаі захаваліся яшчэ нават у XVIII ст. Так, на левабярэжнай, так званай Слабадской, Украіне, населенай казакамі, у другой палове XVIII ст. у ваколіцах Харкава тамтэйшыя жыхары складалі сабе пісьмовыя вызваленні са шлюбу з правам бесперашкоднага заключэння новага шлюбнага саюзу. Уручэнне такога "разводнага ліста" адбывалася пуб-лічна ў прысутнасці атамана слабады (альбо святара) і сведкаў162. Духоўныя ж улады ўжо не прымалі такога стану рэчаў і накладалі на вінаватых кары, не дапускаючы да разводу163 .

Варта заўважыць, што ў паўднёвых славян развод з узаемнае згоды заставаўся ў шмат якіх мясцінах формаю звычаёвага права яшчэ у XIX ст. Яму папярэднічала дамова паміж сем’ямі сужонкаў альбо самімі зацікаўленымі асобамі, ён спалучаўся з рознымі сімвалічнымі абрадамі, напр., разрываннем мужам якой-небудзь рэчы (хусткі, шаля), якая належала жонцы, перад святаром альбо судом. Праваслаўная царква на Балканах на практыцы прызнавала існуючае звычаёвае права, пагаджаючыся нават на ўдзел святароў у разводных абрадах. Як заўважае Б. Богішыч, тэарэтычна муж сам мог прагнаць жонку, разрываючы тым самым шлюб. Але калі ён рабіў гэта без сур’ёзнае падставы, яго чакала крывавая помста з боку жончынага роду. Гэта служыла дзейснай перашкодай супроць злоўжывання гэтым правам164 .

На даўняе паходжанне свабоды разводаў, асабліва divortium ex consensu, паказвае іх распаўсюджанасць у раннесярэднявечных грамадствах. Асабліва ранняе заходняе Сярэднявечча прадстаўляе нам у гэтым дачыненні вобраз, блізкі да вядомага нам з дачыненняў на Літоўскай Русі. Як сцвярджае "Lex Romana Burgundionum": "Consensu partis utriusque repudium dare et matrimonium posse dissolvi" ["Рымскі закон бургундаў": "Са згоды абодвух бакоў можна ўчыніць касацыю ці распусціць сужонства"] (tit. XXI De divortiis, art. 1).

Падобную пазіцыю займала і франкскае права. Разводныя формулы мы сустракаем у фармулярах VII–VIII ст. Пра Візантыю ўжо гаварылася вышэй, але і ў Італіі формулы казалі "de divortiis bona gratia faciendis" ["пра разводы, якія рабіліся з добрай ласкі"]165 . Першы пралом тут адбыўся за Карла Вялікага, які абвясціў прынцып неразрыўнасці шлюбу166 . У тым жа кірунку развіваў аргументацыю Гінкмар, славуты арцыбіскуп Рэймскі (845–882), які прысвяціў справе разводаў адмысловы трактат167 . У ім ён выказваўся ў прынцыпе за неразлучнасць шлюбу, прызнаючы, аднак, выключэнні, напр. у выпадку распусты жонкі, што і на думку евангелістаў складала падставу для разводу168 . Аб працяглым захаванні на Захадзе формаў, якія адпавядалі інтарэсам грамадства, сведчыць факт, што яшчэ ў XIII–XIV ст., калі царкоўны прынцып неразлучнасці шлюбу ўжо перамог, свецкая практыка, насуперак кананічнаму праву, прызнавала сепарацыю паводле згоды бакоў. У Францыі, а асабліва ў Італіі, Іспаніі і Нямеччыне, дамова пра сепарацыю паводле згоды сужонкаў заключалася шляхам публічнага акта, узмоцненага прысягаю бакоў. Яна прымала форму акта адцурання ад магчымасці вяртання ў сужонскі стан. Пакты аб сепарацыі, распаўсюджаныя ва ўсіх групаў грамадства, знаходзілі падтрымку ў свецкай юрысдыкцыі, якая прысвоіла сабе права разгляду справаў аб сепарацыі без возірку на царкоўнае права 169.

Хоць мы грунтуемся толькі на фрагментарным матэрыяле, аднак луцкая і ўладзімірская гарадскія кнігі з Валыні, гарадскія кнігі беларускага Магілёва, нарэшце, люстрацыі ўкраінных старостваў, дапоўненыя іншымі ўрыўкавымі матэрыяламі, дазваляюць нам падтрымаць пануючы ў літаратуры погляд аб значным распаўсюджанні свецкіх разводаў на землях Літоўскае Русі і Ўкраіны170. Ён знаходзіць пацверджанне ў меркаваннях іншаземцаў пра свабоду звычаяў і лёгкасць разводаў на Літве на пачатку XVII ст., што павінна было кідацца ў вочы пабочным назіральнікам171. Пра гэта доказна сведчаць шматлікія акты гаспадароў, якія тычацца юрысдыкцыі ў гэтай сферы.

На падставе гэтага матэрыялу, здаецца, нам удалося вызначыць дзве рэчы:

1) Найчасцейшым відам разводу ў шляхецкім і мяшчанскім асяроддзі быў развод з узаемнае згоды (divortium ex consensu). Пры такім разводзе, незалежна ад ягонае пры-чыны (нязгода ў сямейным жыцці, прымус пры заключэнні шлюбу, віна аднаго з сужонкаў, хвароба і г. д.), падставаю разводу была згодная воля бакоў, якія "вызвалялі адно другога са шлюбу". Гэтае "вызваленне" мела характар разводнае ўмовы. Таму яно змяшчала шэраг клаўзулаў, асабліва ж клаўзулу адмовы ад вяртання ў сужонскі стан і другую, якая дазваляла свабоднае заключэнне шлюбу кожнага з разве-дзеных сужонкаў. Пастановы гэтае дамовы найчасцей умацоўваліся закладам, зрэдку абавязаннем sub servitute [літаральна "пад нявольніцтвам", г. зн. гарантаванне аплаты доўгу асабістай свабодаю] альбо горлам таго боку, які браў на сябе абавязанне.

Канстытутыўным складнікам разводу з узаемнае згоды ў прынцыпе была згодная воля бакоў. Яны маглі выказаць яе праз вусныя заявы, якія заносіліся ў кнігі, альбо ў форме прыватных пісьмовых актаў - "разводных лістоў" - якімі яны абменьваліся і якія мелі на сабе пячаткі альбо подпісы кожнага з бакоў і сведкаў. Такія "лісты" часта падаваліся да аблаты ва ўрадавых кнігах172. Роля ўрада (суда, замкавага ўрада) была тут чыста рэгістрацыйнаю. Запіс у судовыя кнігі не быў абавязковай умоваю сапраўднасці разводу. Часта развод адбываўся шляхам палюбоўных дзеянняў.

2) У адрозненне ад разводаў з узаемнае згоды сярод вясковага насельніцтва быў вядомы развод з ініцыятывы аднаго з бакоў. Большая ў прынцыпе свабода разводаў знаходзіла, аднак, абмежаванне, бо канстытуцыйным актам быў толькі акт дамініяльнае ўлады, якая давала згоду на развод. На практыцы гэтае абмежаванне - у сувязі з разводнымі выплатамі - мела характар чыста фіскальны.

Выпадкі залежнасці разводу ад пацверджання гарад-скою ўладай выступалі і ў практыцы магілёўскага магістрата.

Усе гэтыя элементы, уласцівыя звычаёваму праву, супярэчылі кананічнаму праву ўсходняе царквы, а таксама праву дзяржаўнаму, якое агаворвала выключнасць духоўнае юрысдыкцыі ў разводных справах.

Грамадства заходнерускіх земляў было вельмі прывязанае да сфармаваных цягам вякоў нормаў звычаёвага права, асабліва да свабоды разводаў, якая на гэтай тэрыторыі захавалася даўжэй, чым дзе яшчэ ў хрысціянскай Еўропе. Таму ў юрыдычнай свядомасці ўкраінскага люду свабода разводу з узаемнае згоды была яшчэ жывою ў XVIII ст., нягледзячы на пераследаванні з боку ўсходняе царквы, якая на землях, што належалі да Расіі, была царквою дзяржаўнаю.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
elda напiсаў(ла) 26.03.2018 00:32

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.