Ю. Бардах - Звычаёвае шлюбнае права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)

Свецкая і духоўная юрысдыкцыя ў шлюбных справах

Асноўным прывілеем рускае праваслаўнае царквы, у якім змяшчаліся яе юрысдыкцыйныя паўнамоцтвы ў шлюбных справах, быў "Свиток Ярославля". Яго літоўска-руская рэдакцыя, вядомая з пацвярджальнага дакумента Аляксандра ад 1499 г. 173 , нашмат ранейшая. У 1443 г. князь Юрый Сямёнавіч згадвае "Свиток Ерославль" 174 , а быў ён вядомы ўжо за часоў Вітаўта. Гэта, здаецца, вынікае з нататкі, што ў 1469 г. Казімір Ягелончык пашырыў на пшэмысльскую дыяцэзію прывілей Вітаўта для ўсходняе царквы, у якім, між іншым, справы, звязаныя са шлюбам, былі пакінутыя за духоўнай юрысдыкцыяй 175 . Гэта пагаджаецца з гучаннем прывілею, выдадзенага на сойме ў 1511 г. Жыгімонтам I, дзе былі пацверджаныя прывілеі папярэдніх літоўскіх уладароў, пачынаючы ад Вітаўта, якія гарантавалі правы ўсходняе царквы 176.

У адрозненне ад усходнерускае рэдакцыі, заходняя рэдакцыя, якая дзейнічала на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, забараняла свецкім уладарам і панам умешвацца ў духоўную юрысдыкцыю і ва ўнутраныя справы ўсходняе царквы. Асабліва ў справах, якія тычыліся шлюбу, юрысдыкцыя біскупскага суда мусіла быць выключнаю 177 . Гэтая скіраванасць літоўска-рускае рэдакцыі вынікала з факта, што - як мы пераканаемся - мясцовыя ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім і на Галіцкай Русі прэтэндавалі на паўнамоцтвы духоўнае юрысдыкцыі, выкарыстоўваючы, зрэшты, з гэтаю мэтай паслухмяную ім духоўную ерархію і праваслаўны клір у цэлым. Пра гэта можа сведчыць цікавы выпадак, занатаваны на Галіцкай Русі, дзе ў 1450 г. рускі ваявода скасаваў шлюб паміж шляхцічам Пратасам Бартніцкім і яго шлюбнаю жонкаю Федкаю і дазволіў ім новы шлюб. Поруч са шматлікімі свецкімі асэсарамі фігураваў прадстаўнік мітрапаліта пратапоп Васіль, а ўвесь склад суда ў гэтай справе засядаў quomodo spiritualiter super iure spirituali residentes [як засядаюць у духовым парадку на аснове духовага права]178.

Калі на Галіцкай Русі суд ваяводы выносіў вырак у паразуменні з мітрапалітам, то на Русі Літоўскай свецкія ўлады ўвогуле не лічыліся з паўнамоцтвамі праваслаўнае царквы, самавольна прысвойваючы сабе юрысдыкцыю ў шлюбных справах, асабліва разводных. Гэты стан рэчаў засведчыў прывілей в. кн. Аляксандра ад 1499 г., дзе сцвярджалася, што некаторыя князі, паны, ваяводы, намеснікі, дзяржаўцы местаў і воласцяў "церкви божей, метрополиту и епископам крывды чинивали, в входы их церковные и суды духовные вступалисе, тые справы их метрополии и епископскии сами справовали"179 . Забараняючы ім гэта, гаспадар наказваў усім трымацца пастановаў кананічнага права, якія змяшчаліся ў "Свитке Ярославле", далучаным да прывілею. А паводле яго ў шлюбных справах адзіна адпаведнаю была біскупская юрысдыкцыя, а ніякая свецкая ўлада не магла ані судзіць, ані даваць разводы, і то пад высокім закладам на саборную біскупскую царкву180 . Далей ішлі пастановы, якія прадпісвалі касаванне незаконных ("блудных и беззаконных") шлюбаў. Як тлумачыў "Свиток", тут меліся на ўвазе шлюбы, заключаныя пры жыцці папярэдняе жонкі (трэба разумець, без атрымання разводу ад духоўнае ўлады) з другою, якая выходзіць замуж, ведаючы, што папярэдняя жонка жыве. Пасля выплаты закладу на царкву пакаяннікаў належала вяртаць да першага шлюбу181 . Такім чынам кананічнае права прагнула забяспечыць - праз непрызнанне вынікаў свецкага разводу і кары, якія спадалі на сужонкаў, што развяліся, мінуўшы духоўны суд - выключнасць гэтага суда ў разводных справах. Калі і далей - як мы пабачым - гэтая выключнасць духоўнае юрысдыкцыі ў справах, што тычыліся шлюбу, часта і з націскам пацвярджалася манархамі, гэта перадусім таму, што практыка супярэчыла зместу ўрачыстых прывілеяў, што выдаваліся ўсходняй царкве.

У XVI ст. абмалявалася выразная лінія падзелу: з аднаго боку - кіеўская мітраполія, якая карысталася падтрымкаю гаспадара, г. зн. цэнтральныя ўлады - духоўная і свецкая - якія выступалі ў абарону царкоўнае юрысдыкцыі згодна з прадпісаннямі Царквы і прывілеямі манарха; з другога - мясцовыя ўраднікі, князі і паны, што баранілі даўняе звычаёвае права, якое прызнавала ў шлюбных справах свецкую юрысдыкцыю, і пераважная бальшыня праваслаўнага духавенства (часта разам з біскупамі), якая падпарадкоўвалася ім. Паспрабуем - у святле вядомых крыніц - прасачыць ход сутыкнення гэтых процілеглых пазіцыяў і высветліць матывы, што кіравалі паводзінамі бакоў, а таксама вызначыць вынікі гэтага змагання.

На пачатак XVI ст. прыпадае багата спробаў авалодаць сітуацыяй у сферы духоўнае юрысдыкцыі, асабліва ў шлюбных справах, якія рабіў кіеўскі мітрапаліт Іосіф II Солтан. Яшчэ намінатам ён дамогся цытаванага вышэй прывілею ад 1499 г. Пазней, у 1508 г., ён склікаў правінцыйны сабор, на якім - пры поўнай падтрымцы манарха - стараўся ўмацаваць унутрыцаркоўную дысцыпліну. З працай гэтага сабору трэба звязваць цыркуляр Жыгімонта I да гарадскіх уладаў усіх местаў Вялікага Княства, і другі - да жыхароў Слонімскага павету. У першым, ад 9.II.1509 г., гаспадар загадваў людзей усходняга вызнання, якія парушаюць правы царквы, аддаваць дзеля пакарання духоўнай юрысдыкцыі, ад чаго месты раней ухіляліся182. Другі манаршы ліст, адрасаваны 15.IX.1512 г. князям, панам, баярам і мяшчанам слонімскага павету праваслаўнага вызнання, прадпісваў ім паслушэнства духоўнаму суду, у склад якога ўваходзіў прадстаўнік манарха і суддзя, упаўнаважаны мітрапалітам183 . У абодвух выпадках ішлося перадусім пра духоўнае судаводства ў справах шлюбаў, заключаных без удзелу царквы.

Мітрапаліту Іосіфу ўдалося не толькі забяспечыць сабе актыўную падтрымку манаршае ўлады, але і - што было цяжэй - мабілізаваць праваслаўных князёў і паноў на супольную дзейнасць у абарону юрысдыкцыйных правоў і прывілеяў царквы. Вядомы прывілей ад 1511 г. Жыгімонт I выдаў у адказ на супольную просьбу праваслаўнага епіскапату на чале з мітрапалітам кіеўскім Іосіфам і праваслаўных князёў і паноў на чале з гетманам і маршалкам Валынскае зямлі Канстанцінам Іванавічам Астрожскім. У гэтым прывілеі - грунтуючыся на прывілеях ранейшых уладароў і даўнім звычаі - гаспадар забараняў свецкім уладам і дамініяльным і гарадскім судам судзіць ва ўсіх справах, якія паводле "свитка прав духовных их закону греческого" належалі да кампетэнцыі духоўных судоў184 .

Здавалася б, што справа ўмацавання духоўнае юрысдыкцыі ідзе на лад. Супольны фронт епіскапату, манаршае ўлады і праваслаўных князёў і паноў павінен быў забяспечыць перамогу справе, упартым змагаром за якую аказаўся мітрапаліт Іосіф II. Асабліва вялікае значэнне магла мець пазіцыя магнатаў, якія не толькі правілі дамініяльны суд у сваіх вялізных маёнтках, але - што важней - займалі пасады ваяводаў, намеснікаў і старастаў, маючы ў сваіх руках судаводства, якое здзяйснялі асабіста альбо праз вызначаных імі ўраднікаў. Насамрэч вынікі гэтай акцыі аказаліся даволі нязначнымі. Як выглядае, штодзённая практыка мясцовых дастойнікаў і падпарадкаванага ім апарату разыхо-дзілася з загадамі мітрапаліта. На такую ацэнку нам дае права цыркуляр ад 26.VII.1533 г., скіраваны ў выніку скаргаў мітрапаліта да ўсіх ураднікаў, князёў, паноў і баяраў, які забараняў ім умешвацца ў духоўную юрысдыкцыю. Манарх нагадваў, што ўжо раней прадпісваў, "абы есте … в дела духовные не вступалися, а вы дей того розказаня и листов наших не хочете послушни быти"185 .

У 1542 г. гаспадар з панамі-радай выдаў чарговы эдыкт пра неўмяшанне свецкіх уладаў у духоўныя справы і пра падсуднасць разводных справаў біскупам186 . Яшчэ ў 1568 г. Жыгімонт Аўгуст нагадваў луцкаму і браслаўскаму старасту, каб той ні сам, ані праз сваіх ураднікаў не ўмешваўся ў юрысдыкцыю, пакінутую за духоўнымі судамі ўсходняе царквы187 .

Не толькі вялікакняскія ўраднікі ўзурпавалі паўнамоцтвы духоўнае юрысдыкцыі ў шлюбных справах. Гэта рабілі і дамініяльныя паны, адначасова робячы немагчымым прыцягненне сваіх падданых да духоўных судоў, а значыць, забяспечваючы сабе юрысдыкцыйную выключнасць і ў гэтай сферы. Гэта вынікае з ліста, накіраванага 2.VII.1544 г. Жыгімонтам I княжне Алене Слуцкай. У ім манарх пісаў, што кіеўскі мітрапаліт Макарый скардзіўся перад ім, "штож дей ты наместником своим Слуцкому и Копыльскому кажеш в дела духовные вступатися… И мужов с жонами роспускають и розпусты беруть, а до права и до казьни их духовные не выдают"188.

Відавочна, наказ манарха не прынёс жаданага плёну, бо праз дзесяць з лішнім гадоў Жыгімонт Аўгуст мусіў амаль ідэнтычны ліст накіраваць яе сыну князю Юрыю189.

Унутрана-арганізацыйная дзейнасць царквы ішла ў напрамку ўсталявання мясцовых духоўных судоў, пакліканых разглядаць па даручэнні біскупаў справы, што належалі да іх кампетэнцыі, перадусім справы, звязаныя са шлюбам. Паколькі аўтарытэт усходняе царквы быў занадта слабы, каб забяспечыць у гэтых справах рэалізацыю сваіх юрысдыкцыйных паўнамоцтваў, духоўная ерархія шукала дапамогі ў свецкае ўлады, уключаючы яе прадстаўнікоў у склад духоўнага суда. Удзел прадстаўніка манарха ўздымаў аўтарытэт духоўнага суда, у якім, зрэшты - як можна выснаваць з тэксту працытаванага ніжэй прывілею - ён адыгрываў галоўную ролю і забяспечваў рэалізацыю прысудаў праз апарат дзяржаўнае ўлады. Такі характар насіў утвораны мітрапалітам Іосіфам II Солтанам у 1512 г. духоўны суд для Слонімскага павету, складзены з гаспадарскага двараніна і прыдадзенага яму святара. Ён меўся вырашаць справы з сферы шлюбнага права, у якіх жыхары павету не дастасоўваліся да рэкамендацыяў духоўных уладаў190.

Пры наступных мітрапалітах духоўныя суды развіваліся, як сведчыць ліст ад 1568 г. У ім гаспадар наказаў луцкаму і браслаўскаму старасту князю Богушу Карэцкаму, каб той - згодна з пастановамі Статута - забяспечыў выкананне прысудаў духоўных судоў, якія кіеўскі мітрапаліт утварыў дзеля "лепшое и прудшое справедливости"191 .

Адначасова ерархія рабіла захады - доўга яшчэ малаплённыя - каб пазбавіць разводы, праведзеныя перад свецкім судом, юрыдычнага характару перад абліччам царквы. Ішлося пра тое, каб свецкія разводы, здзейсненыя насуперак прадпісанням кананічнага права, не маглі рабіцца падставаю для заключэння новага шлюбу in facie ecclesiae. Бо дагэтуль духавенства прызнавала сапраўднасць такіх разводаў і не строіла перашкодаў дабраслаўленню разведзеных такім чынам сужонкаў пры заключэнні новага шлюбнага саюзу. Гэтая практыка знаходзіць выраз у павучанні, якое даў у 1562 г. кіеўскі мітрапаліт новапрызначанаму святару, забараняючы яму прысутнічаць на шлюбах, дзе муж альбо жонка, пакінуўшы папярэдняга сужонка "без вины" - якое патрабавала дзеля сапраўднасці разводу царкоўнае права - заключаў новы шлюбны саюз192. Гэтыя наказы, аднак, не прыносілі плёну. Практыка іх ігнаравала, а праваслаўныя святары надалей дабраслаўлялі саюзы асобаў, разведзеных без удзелу духоўнае ўлады, лічачы гэта - згодна з пануючай юрыдычнай свядомасцю - не толькі законнаю рэччу, але і сваім душпастырскім абавязкам. Характэрная ў гэтым сэнсе заява прыёра Кірыла Ляскоўскага, які паказаў, што, пакліканы ў 1571 г. дзеля заключэння шлюбу кашталяна Васіля Загароўскага з Катарынаю Чартарыскаю, папярэдне азнаёміўся з "разводным лістом", у якім "кнежна Маруша Збарская его милости пану Василю Загоровскому не хочети ему водле присеги своее быти малжонкою, позволила добровольне иную жонку поняти, з тых тогды слушных причин, чинечи я досыть повинности своей духовней … дал есми шлюб"193 . Такую практыку рэзка асуджаў царградскі патрыярх, распараджаючыся адлучаць ад царквы праваслаўных святароў, якія давалі шлюбы незаконна - з пункту гледжання кананічнага права - разведзеным194 , але нягледзячы на гэта, яна працягвалася. Як відаць, моцна ўкарэненага звычаю не ўдавалася скасаваць, асабліва ўлічваючы, што за ім стаялі зацікаўленыя ў гэтым грамадскія сілы - усё свецкае насельніцтва з панамі і баярамі на чале.

Юрысдыкцыйныя спрэчкі мелі і выразны фінансавы аспект. Скаргі духавенства падкрэслівалі, што вялікакняскія паны і ўраднікі атрымліваюць прыбыткі ад разводаў са шкодаю для даходаў царквы. Першапачаткова - як можна меркаваць - выплаты за разводы збіраў праваслаўны біскуп - уладыка. Імунітэты, пераносячы на паноў маёнткаў даходы з дзяржаўнага судаводства, пераносілі на іх і выплаты, збіраныя з падданых. Гэтая гіпотэза знаходзіць падтрымку ў дакуменце Вітаўта ад траўня 1407 г., які змяшчае наданне Парыцка і іншых вёсак на Валыні і вызваляе падданых гэтых маёнткаў ад шматлікіх данін на карысць гаспадара. Поруч з гэтым частковым імунітэтам у дакуменце стаіць засцярога: "А и розпусток владыци не давати"195. Праваслаўная ерархія, аднак, як магла, бараніла свае даходы з гэтых справаў. У 1539 г. Жыгімонт наказаў князю Іллю Астрожскаму, каб той дазваляў біскупу Пінскаму і Тураўскаму браць "розпущанки и куницы змирские" з тураўскага княства196 . Тую ж тэндэнцыю выказваў цытаваны ўжо ліст гаспадара да княжны Алены Слуцкае. Яшчэ выразней гэтая тэндэнцыя выступіла ў 1558 г., калі Жыгімонт Аўгуст звярнуўся да яе сына, князя Юрыя Слуцкага, паведамляючы яму пра скаргу кіеўскага мітрапаліта на тое, што "урядники твоей милости по всем именям твоей милости, в справы ся духовные вступуют, судят и справуют и розпусты чинят и вины духовные на себе берут, а протопопом и урядником его… справ духовных судити и справовати заброняют и великую переказу и шкоду в том его милости делают, в чом собе кривду немалую быти менечи"197 .

Тая ж тэндэнцыя відаць была з цыркуляру ад 1585 г., у якім Стэфан Баторы наказваў свецкім уладам - земскім і гарадскім - не ўмешвацца ў юрысдыкцыю, пакінутую за духоўнымі судамі, якім падлягалі разводныя справы. Гэты ліст быў выпушчаны ў выніку скаргі мітрапаліта кіеўскага Анісіфора Дзевачкі, што "урядники гродские и наместники … в справы духовные ему и духовенству его належачие вступуются и жоны от мужей розпускают, тым собе пожиток привлащаючи, в чом се дей великое уближенье праву духовному деет". Баторы на падставе прывілеяў праваслаўнае царквы, пацверджаных ім, загадаў, каб ураднікі "в доходы церковные и во вси справы и суды духовные митрополиту и духовенству его … належачие не вступовалися и розпусков мужом с жонами не чинили (гдыж то не светскому а духовному суду належит)"198.

Калі вялікакняскія ўраднікі - намеснікі і старасты - насуперак прадпісанням Статута і манаршым наказам захоўвалі на практыцы сваю юрысдыкцыю ў разводных справах, гэта перадусім таму, што разводы складалі пэўную пазіцыю ў даходах іх урадаў. Пра гэта найлепей сведчаць вядомыя ўжо люстрацыі ўкраінскіх старостваў, дзе ў рубрыцы "przypadіe poїytki", г.зн. іншыя даходы, фігуруюць поруч з грашовымі карамі - вінамі і вясельнай куніцай ці паемшчынай - і платы за разводы. Супастаўленне згадак у крыніцах выразна паказвае на прыбыткі, якія выплывалі адгэтуль. На Галіцкай Русі ў каламыйскім старостве з таго, хто даў прычыну да разводу, бралі тры злотыя (з чаго войт браў адну трэцюю) 199 . У снятынскім старостве мясцовыя ўлады паднялі аплату да шасці злотых 200 . У галіцкім за развод бралі тры грыўны, г. зн. тыя ж шэсць злотых 201 . У Трэмбавольскім, Рагатынскім, Стрыйскім і Любачоўскім староствах плата за развод складала тры грыўны 202 , а ў Самборскім старостве "разводныя …пану старасту" складалі ўсяго два злотыя 203 . У памежным Барскім старостве плацілі тры грыўны 204 , а ў Ратненскім старостве той, хто выступаў з просьбай аб разводзе, мусіў ужо заплаціць на замак, паводле сваіх фінансавых магчымасцяў, суму ад 4 да 7 грыўнаў 205. Відаць, што ўлады - у прынцыпе непрыхільныя да разводаў 206 - глядзелі на апошнія як на крыніцу даходаў, стараючыся праз узвінчванне памераў аплаты павялічыць паступленні па гэтым артыкуле207. Разводы былі крыніцай даходаў, якую адміністрацыя манаршых маёнткаў бараніла ад канкурэнцыі з боку праваслаўнай ерархіі.

Хоць на практыцы правілам быў свецкі развод, гэта не азначае, быццам духоўны суд у шлюбных справах праваслаўнага насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім увогуле не функцыянаваў. Вышэй мы цытавалі акты, паводле якіх утвараліся суды дзесяцільнікаў - суддзяў у духоўных справах, прызначаных мітрапалітам 208 .

Перад судамі арцыбіскупа кіеўскага і полацкага, праваслаўных біскупаў і вышэй згаданых дзесяцільнікаў няраз апыналіся разводныя справы, унесеныя бакамі. Крыніцы захавалі згадкі пра некалькі такіх справаў і выракі, якія прысуджалі бакі да разводу 209 . Поруч з гэтымі справамі, згадаўшы пра іх толькі агулам, вылучым вырак арцыбіскупа полацкага ад 1545 г. пра развод паміж баярынам Іванам і ягонай жонкай Тамілай Вітаўтаўнай праз 18 гадоў сямейнага жыцця, з прычыны нязгоды паміж імі 210 . Тут характэрна матывацыя разводу: нязгоднае сямейнае жыццё, якое паводле кананічнага права ўсходняе царквы не магло быць прычынай разводу. Аднак практыка - у духоўных судах таксама - грунтавалася на звычаёвым праве, якое - як мы ведаем - прызнавала нязгоду паміж сужонкамі за такую прычыну. На той жа падставе ў 1570 г. сам мітрапаліт кіеўскі Іёна даў развод луцкаму земскаму суддзю Гаўрылу Бокію 211 , а ў 1578 г. дыяцэзіяльныя ўлады выказалі згоду на развод князя Андрэя Курбскага з Марыяй Гальшанскай з прычыны нязгоднага жыцця. Праз год Курбскі ўступіў у новы шлюбны саюз. Гэты новы шлюб захаваўся, нягледзячы на тое, што ў 1583 г. Гальшанская абвінаваціла свайго былога мужа праз мітрапалічы суд у незаконным скасаванні шлюбу. Былы муж, каб абараніць новы шлюб ад закідаў аб яго несапраўднасці, прадставіў сведкаў, што Гальшанская перад разводам учыніла чужаложства, што з пункту гледжання кананічнага права было слушнаю падставаю для разводу. У выніку Гальшанская скаргу адклікала і ніхто супраць легальнасці другога шлюбу і законнасці народжаных у ім дзяцей ужо не выступаў 212 .

Вось жа, нават у выпадках, калі бакі ўносілі справу аб разводзе на разгляд духоўнага суда, той кіраваўся дзеючым звычаёвым правам, а не кананічным. На перавагу звычаёвага права і ў царкоўнай юрысдыкцыі цікавае святло кідае справа аб сапраўднасці другога шлюбу, заключанага брацлаўскім кашталянам Васілём Загароўскім пасля свецкага разводу з першай ягонай жонкай Марынай Збараскай. Падрываючы сапраўднасць другога шлюбу, заключанага з княжной Катарынай Чартарыскай - ужо пасля смерці Загароўскага ў татарскай няволі - Збараская прадставіла біскупскаму суду, перад якім вялася справа, ліст канстанцінопальскага патрыярха. Ён адмаўляў сапраўднасць свецкіх разводаў, якія практыкаваліся на Русі. Кіеўскі мітрапаліт Анісіфор Дзевачка ўхіліўся, аднак, ад разгляду справы, адгаварыўшыся тым, што яна падлягае суду біскупа адпаведнае епархіі. Уладзімірскі біскуп Феадосій, на чый разгляд справа вярнулася ў 1583 г., аднак, пасля нарады з канонікамі прызнаў развод, здзейснены - як мы памятаем - у форме прыватнае ўмовы, а значыць, і наступны шлюб, сапраўднымі213 . З ім не пагадзіўся хэлмскі біскуп Лявонцій, прыдадзены ў гэтай справе як каралеўскі каад’ютар, і заявіў пратэст 214. Справа перайшла на разгляд самога караля.

Праваслаўнае духавенства - у сваёй масе - не толькі прызнавала сапраўднасць свецкіх разводаў, але само брала жывы і беспасярэдні ўдзел у рэалізацыі такіх разводаў - не зважаючы, што яны прынцыпова супярэчылі кананічнаму праву ўсходняе царквы. Вышэй ужо гаварылася пра трох святароў, якія выступалі за сведкаў пры складанні разводнага ліста вугорца Надзя і ягонае жонкі Анны, і пра свецкія разводы, якія праводзіліся дочкамі двух праваслаўных біскупаў. Адзін з іх, пінскі ўладыка Андрэй Русін, браў чынны ўдзел у правядзенні разводу перад гродскім урадам, стоячы разам з дачкою і выступаючы на працэсе як галоўны праціўнік яе мужа 215. Такая пазіцыя прадстаўнікоў праваслаўнае ерархіі не была спарадычнаю. Яна сведчыць, што бальшыня права-слаўнага духавенства, у тым ліку і вышэйшага, аддавала звычаёваму праву перавагу над кананічным правам свае царквы 216 .

Як земскія ўраднікі, так і клір пераходзілі да парадку дня насуперак нормам Статута літоўскага, які, і ў дзейнай на Валыні і Наддняпроўскай Украіне рэдакцыі 1566 г. 217, і ў канчатковай форме III Статута вызначаў, што "розвод малженьский… маеть быти… нигде инде, одно перед судом духовным"218 . Калі ж такую пазіцыю займала нават значная частка праваслаўнае ерархіі, найбольш зацікаўленай у забеспячэнні юрысдыкцыі ў шлюбных справах духоўным судам, дык не дзіва, што абарона фармальнае манаполіі гэтай юрысдыкцыі і паспяховасць змагання з практыкай свецкіх разводаў - са згоды бакоў альбо прысуджаных свецкімі ўладамі - былі на практыцы мізэрныя.

Здаралася, хутчэй як выключэнне, што свецкі суд адсылаў справу ў суд духоўны. Так, у 1556 г. дамініяльны суд у гарадзенскім ваяводстве адаслаў у духоўны суд справу падданае, якая спярша жыла невянчанаю жонкаю з падданым іншага пана, а потым перайшла ў маёнткі пана, які правіў гэты суд, дзе пачала жыць з чалавекам, пра якога перад судом цвер-дзіла, што "ест муж ее венчальный и мешкает з ним о шесть лет и детей з ним прибыла"219 . У гэтым выпадку вырашальным стала жаданне пана, які ажыццяўляў дамініяльную юрысдыкцыю, перадаць справу аб вяртанні жонкі, унесеную панам яе першага невянчанага мужа, з якою той пан выступіў перад дамініяльным судом, на зручнейшы духоўны суд, дзе вырашальнае значэнне будзе мець пытанне шлюбу.

Гэты факт якраз можа пацвярджаць меркаванне, якое льга выснаваць з крыніц, што яшчэ ў XVI ст. бакі самі вырашалі, якую форму разводу выбраць - свецкую ці духоўную220. Форум, на якім адбывалася заява пра іхную волю, у прынцыпе вызначаўся паводле выбару бакоў, хіба што ішлося пра падданых, дзе дамініяльная юрысдыкцыя напэўна мела выключнасць - як мы пабачым ніжэй, - а яе формы змяняліся шляхам узмацнення ролі духоўнага элемента.

З факта, што форму разводу вызначала воля бакоў, вынікалі цікавыя наступствы. Бакі, імкнучыся да ўмацавання здзейсненага разводу з узаемнае згоды, не спыняліся на заруках, і, каб засцерагчыся ад магчымых прэтэнзіяў, якія маглі быць унесеныя на канкурэнтным духоўным судзе, рабілі паўторную заяву пра развод перад духоўнымі ўладамі. Так, палюбоўныя суддзі ў разводнай справе Раіны Русін з Іванам Храптовічам пастанавілі, што сужонкі павінны "з малженьства добровольне один другого выпустити" і паказаць гэта двойчы: раз перад урадам, другі раз перад праваслаўным біскупам221 . Падобна ж у 1594 г. Ян Валіцкі, прадстаўляючы гродскаму ўраду ў Луцку акт "вызволеня з малженьства" сваёй жонкі, заявіў, што і "перед судом духовным в парафии ее вызволене помененой Федоры… очевисто вызнал и вольною ее от себе учынил"222. Адваротны выпадак мы ведаем з гарадское практыкі, дзе развод, здзейснены арцыбіскупскім судом, быў паўтораны перад гарадскім судом праз згодную заяву бакоў223.

Роля духоўнага форуму была тут ідэнтычная з роляю свецкага ўрада. Ён прымаў да ведама заяву бакоў. Гэтая заява сама па сабе складала канстытуцыйны акт разводу, згодна з існуючым звычаёвым правам. Падобны факт адзначаецца і ў Магілёве, дзе ў 1617 г. быў прадстаўлены акт разводу, выдадзены праваслаўным святаром, якога дэлегаваў біскуп. Святар гэты прысутнічаў пры разводзе сужонства, праўда, невянчанага, які абодва бакі здзейснілі перад ім самі 224. На левабярэжнай Украіне такую практыку мы назіраем яшчэ ў XVIII ст. 225 . Пра яе выгоднасць для насельніцтва, сведчыць факт, што да разводаў перад праваслаўнымі духоўнымі звярталіся і каталікі, нягледзячы на забароны дзяржаўных уладаў і пагрозу суровых пакаранняў 226.

Практыка абвяшчэння разводаў святарамі ніжэйшае ступені, якіх біскупы не ўпаўнаважвалі здзяйсняць разводы, была на схіле XVII ст. вельмі частаю. Можна меркаваць, што яна замяняла свецкія разводы і [суды. - Пер.] дамініяльных паноў. Гэтую незаконную з пункту гледжання кананічнага права юрысдыкцыю ніжэйшага кліру атачалі апекаю мясцовыя свецкія ўлады і паны валасцей, адначасова не дапускаючы да дзейнасці аб’ектыўна адпаведную біскупскую юрысдыкцыю. Чаму? Адказ на гэта прыносяць petita [просьбы] праваслаўнае ерархіі, накіраваныя каралю ў сувязі з падрыхтоўкаю да Берасцейскай уніі. Біскупы даюць у іх маляўнічы абраз таго, як праваслаўныя святары самавольна давалі разводы, дзейнічаючы пад пратэкцыяй старастаў у каралеўшчынах і паноў у прыватных маёнтках. Тыя, маючы долю ў даходах, якія плылі з гэтых разводаў, не дазвалялі духоўным уладам стрымліваць і караць святароў, вінаватых у гэтых злоўжываннях (злоўжываннях, бо разводныя справы падлягалі выключна кампетэнцыі біскупскага суда) 227 . Гэта падкрэслівала і апублікаваная ў тым жа годзе ухвала ўладзімірскага біскупа Іпація Пацея, зробленая разам з капітулам, якая абвяшчала выключнае права біскупскай юрысдыкцыі ў шлюбных справах, грозячы адлучэннем ад царквы і пазбаўленнем святарскага сану ўсім святарам, якія б пасмелі даваць развод без ведама біскупа 228 .

Святары, якія давалі разводы без згоды біскупа, на практыцы ў справах, звязаных са шлюбамі, выступалі нібыта ў ролі судовага органа дамініяльных паноў. Адгэтуль апека і ахова, якую яны мелі ад гэтых апошніх. На Задняпроўі падобныя звычаі захоўваліся доўга. Запарожскі гетман Іван Брухавецкі пісаў цару ў 1667 г., што некаторыя святары аблягчаюць разводы, і спадзяваўся спыніць гэтую практыку, дамогшыся запаўнення вакантнага пасаду кіеўскае мітраполіі 229.

Супярэчнасці паміж свецкай і духоўнай юрысдыкцыяй у сферы шлюбных справаў можна назіраць напрыканцы XVI ст. і ў першай палове XVII ст. у практыцы магілёўскага магістрата. Часам магістрат сам прымаў заяву бакоў аб разводзе без ніякіх пярэчанняў 230, а часам, прызнаючы сапраўднасць разводу на падставе згодных заяваў бакоў, агаворваў, аднак, што ў выпадку новага шлюбу належыць атрымаць дазвол духоўнае ўлады 231 ; нарэшце, у сумнеўных і складаных выпадках сам адсылаў справу ў духоўны суд 232 . Гэтае ўзаемапранікненне абедзвюх юрысдыкцыяў рэльефна выявілася ў разводнай справе магілёўскага мешчаніна Яцка Канашэвіча і ягонае жонкі Марыі. У студзені 1598 г. духоўны суд дзесяцільніка прысудзіў ім развод на той падставе, што Марыя хоча ісці ў манастыр. Муж апеляваў на гэты вырак у меставы суд, які пастанавіў, ужо пасля здзяйснення разводу духоўным судом, што жонка павінна два гады пражыць у бацькі і за гэты час надумаць, ці жадае яна ісці ў манастыр, ці вярнуцца да мужа. Праз два гады бакі павінны зноўку стаць перад духоўным судом, які мае канчаткова зафіксаваць іхнюю волю. Тым часам насуперак гэтай пастанове, калі яшчэ два гады не мінуліся - у кастрычніку 1599 г., - духоўны суд дзесяцільніка выдаў новы прысуд аб разводзе, на што муж зноўку падаў скаргу ў магістрат. Той перадаў справу на разгляд полацкаму архібіскупу, які "тот розвод суду духовного подлуг Бога и писма светого отправити мает"233 .

Вось жа, меставы суд, не заглыбляючыся ў сутнасць справы, як належнае да духоўнае юрысдыкцыі, лічыў, што мае права скасаваць развод, прысуд пра які быў выдадзены судом дзесяцільніка, і замяніць яго двухгадоваю разлукаю, следам за якой мусіў адбыцца новы прысуд духоўнага суда234. Гэты апошні прызнаваў кампетэнцыю меставага суда (доказам чаго служыць новы прысуд), але не трымаўся вызначанага тэрміну. У такой сітуацыі меставы суд перадаў справу на канчатковае вырашэнне суда арцыбіскупа.

Гэтыя супярэчнасці, адсутнасць сталае лініі ў практыцы былі рысамі пераходнага перыяду, які адзначыў паступовы заняпад свецкае юрысдыкцыі ў справах, якія тычыліся скасавання шлюбу. Аналагічнае становішча мела месца ў Заходняй Еўропе каралінгскіх часоў, калі духоўная юрысдыкцыя дзейнічала ў IX ст. паралельна з дзяржаўнай і толькі потым здабыла выключнасць у гэтай сферы235. Для эвалюцыі, якая адбывалася тут, з канца XVI ст. характэрнаю была і практыка перадачы рашэння разводных справаў - як бы ў рамках дамініяльнае юрысдыкцыі - пробашчам, пра якую ішлося вышэй. Хоць яны дзейнічалі з парушэннем дзейнага кананічнага права і выносілі прысуды паводле звычаёвае практыкі, прыкметы зменаў несумненныя. Сінкрэтызм формаў, які знаходзіў выраз у разнародных праявах, пра якія была гаворка вышэй, адлюстроўваў эвалюцыю, скіраваную да ахоплівання шлюбнае сферы заканадаўчай і юрысдыкцыйнай кампетэнцыяй праваслаўнае царквы.

Гэтыя перамены, паскораныя Берасцейскай уніяй, не ўсюды завяршыліся ў першай палове XVII ст. Даўнія звычаі, хоць збольшага рудыментарна, захоўваліся на Задняпроўскай Украіне сярод казакоў запарожскага войска яшчэ ў XVIII ст.236 Навука сцвердзіла іх паўсюднае існаванне там нават у XIX ст. - вось жа, не толькі на тэрыторыях былога Вялікага Княства Літоўскага - дзе здолеў захавацца народны звычай, галоўным чынам з прычыны перыферыйнага размешчання гэтых абшараў237 . Што ж да Вялікага Княства Літоўскага, апісаны стан выразна сведчыць аб арганізацыйнай слабасці праваслаўнае царквы. Яе кіраўніцтва - нягледзячы на падтрымку манарха -было няздатна падпарадкаваць шлюбныя справы духоўнай юрысдыкцыі, хоць права - дзяржаўнае ў тым ліку - цалкам упаўнаважвала яе на гэта. Пытанне мела агульны характар. Рэлігійная дысцыпліна ва ўсходняй Царкве на Літве і Ўкраіне была ў цэлым слабая. Некаторыя мітрапаліты, адчуваючы ўласнае бяссілле, пагаджаліся з становішчам, якое засталі, нічога не робячы, каб яго змяніць. У гэтым сэнсе характэрны афіцыйны ліст ад лютага 1546 г., у якім Жыгімонт Аўгуст звяртаўся да кіеўскага мітрапаліта Макарыя, прапануючы склікаць у Вільні сабор праваслаўнае царквы, каб стрымаць расклад звычаяў, якія панавалі сярод вызнаўцаў праваслаўя і супраць якіх мітрапаліт нічога не рабіў238 . Манарх наказваў, каб тых, хто парушае царкоўныя нормы, асабліва ў шлюбных справах, біскупы прыцягвалі да духоўнага суда і каралі згодна з нормамі кананічнага права239 . У інтарэсах забеспячэння юрыдычнага парадку гаспадар абвясціў пра гатоўнасць дзяржаўнае ўлады дапамагчы ў гэтым царкве240 . Аднак нягледзячы на намаганні, якія час ад часу ўзнаўляліся то праваслаўнай ерархіяй, то ўладаром, гэты стан доўга заставаўся нязменным.

Гэта абумоўлівалася найперш фактам падпарадкавання праваслаўнага духавенства свецкім панам, не зацікаўленым ва ўмацаванні аўтарытэту духавенства. Яны разглядалі царкоўныя інстытуты як прыналежнасць сваіх маёнткаў241 , што выяўлялася ў праве "падавання", г. зн. праве свецкіх паноў распараджацца царкоўнымі пасадамі паводле сваёй волі, і ў падпарадкаванні ім духавенства242 . Адгэтуль знамянальны прывілей Жыгімонта I біскупу тураўскаму і пінскаму ад 1522 г., у якім гаспадар пад закладам на сваю карысць забараняў панам і баярам умешвацца ў духоўныя правы ўладыкі. Гэта тычылася, між іншым, заснавання цэркваў і кляштараў без згоды біскупа і прызначэння папоў сваёй уладай, "выймуючи их з послушеньства владычного"243. Такі стан прадстаўляе і Лявон Крэўза, віленскі уніяцкі архімандрыт, на пачатку XVII ст.: "W Konstantynopolu sam cesarz, w Moskwie sam wielki kniaź, ale w naszych krajach szlachcic każdy, który ma popa rządzi nim jak chce; podczas każe mu na robotę (iść) i owszem niektórych taka niezbożna śmiałość, że go skarze, gdy w czym nie posłucha. W rzeczach zaś do nabożeństwa należących siebie tylko słuchać każe, a jeśli bez niego co czyni, tym samym wagi nie ma to co czyni" ["У Канстанцінопалі сам імператар, у Маскве сам вялікі князь, а ў нашых краях кожны шляхціц, які мае папа, кіруе ім, як хоча; часам кажа яму (ісці) на работу, а ў некаторых і такая бязбожная смеласць, што пакарае яго, калі ў чым не паслухаецца. А ў рэчах, што тычацца набажэнства, кажа толькі сябе слухаць, а калі што без яго робіцца, тым самым тое, што робіцца, вагі не мае"] 244.

Ступень падпарадкаванасці ўсходняе царквы свецкім чыннікам была вельмі вялікаю. Выразам гэтага быў і трывалы ўдзел свецкага чынніка ў духоўных судах 245 .

Немалую ролю адыгрывала і моцная ступень дэцэнтралізацыі ў арганізацыі ўсходняе царквы ў Вялікім Княстве. Біскупы былі практычна незалежныя ад мітрапаліта, чыя ўлада ў дачыненні да іх была вельмі слабою. Саборы былі рэдкія і не мелі вялікага значэння. Адгэтуль спробы рэформаў, якія зрабіў сабор 1508 г. у справе разводаў, засталіся эпізодам без наступстваў.

Слабасць праваслаўнае царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. абумоўлівалася суплётам шматлікіх прычын. Да іх напэўна належаў факт, што пануючай царквою была каталіцкая; гэта ставіла праваслаўную ерархію і клір у слабейшае становішча, падпарадкоўваючы іх у значнай меры праваслаўным князям і панам. Такога становішча не здолела ўраўнаважыць і палітыка ўладароў з дынастыі Ягелонаў, якія, з малымі выключэннямі, імкнуліся да ўмацавання пазіцыяў праваслаўнае царквы 246 . Амерыканскі гісторык літоўскага права О.П. Бакус нагадвае, што на працягу XV і на пачатку XVI ст. становішча праваслаўнае царквы ў Вялікім Княстве палепшылася (за выключэннем двух перыядаў: 1400–1430 і 1499–1503 г.). Асабліва пасля 1503 г. палітыка Аляксандра і Жыгімонта I ішла па лініі падтрымкі праваслаўнае царквы; можа таму, што гэтая форма змагання з уплывамі Маскоў-скае дзяржавы была больш плённаю, чым падтрымка ката-ліцтва 247 . Гэта цалкам згаджаецца з адзначанай вышэй пад-трымкай цэнтральнаю ўладаю праваслаўнай ерархіі ў яе імкненні спаўняць духоўную юрысдыкцыю ў шлюбных справах 248 .

Сярод прычын, якія схілялі да уніі частку праваслаўнага духавенства, было і жаданне вызваліцца з-пад перавагі свецкіх паноў і ўмацаваць унутрыцаркоўную дысцыпліну. Адным з яе складнікаў было ўпарадкаванне юрысдыкцыі ў шлюбных справах. Да гэтае мэты духавенства імкнулася, падпарадкоўваючы іх выключна юрысдыкцыі біскупаў, да чыёй кампетэнцыі, згодна з кананічным правам, гэтыя справы належалі.

Мы прасачылі тут канфлікт дзвюх суіснуючых і супярэчных юрыдычных сістэмаў. Адна з іх знаходзіла выраз у прызнаным дзяржаваю кананічным і дзяржаўным праве, але толькі слабы адбітак у практыцы. Другая, процілеглая як праву праваслаўнае царквы, так і статутнаму, ужывалася, тым не менш, мясцовымі ўладамі і свецкімі панамі ў дамініяльных судах альбо праз падпарадкаваных ім праваслаўных святароў, якія выступалі фактычна ў ролі агентаў сваіх паноў у сферы судаводства ў шлюбных справах. Супярэчнае статутным нормам звычаёвае права, з якім змагаўся мітрапаліт і частка духоўнае ерархіі і на чыёй старожы стаяла ўлада манарха, у мясцовай практыцы доўга захоўвала абавязковую сілу.

Як растлумачыць юрысдыкцыю свецкіх судоў - дзяржаўных і дамініяльных - у шлюбных справах у Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў XVII ст., а на Ўкраіне і даўжэй? На нашую думку, тут выступае збег некалькіх прычын.

1) У захаванні гэтага стану рэчаў былі зацікаўленыя мясцовыя ўлады і паны з увагі на даходы, якія ім прыносіла юрысдыкцыя ў разводных справах.

2) Фіскальны інтарэс тут згаджаўся са звычаямі, што панавалі сярод рускага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага і Ўкраіны. Гэтае насельніцтва - у тым ліку і прывілеяваныя слаі - лічыла шлюб свецкай умовай, якая ў прынцыпе магла быць скасаваная з узаемнае згоды. Таму яно было зацікаўлена ў захаванні свецкай юрысдыкцыі. Аб салідарны фронт спраўцаў юрысдыкцыі і насельніцтва разбіваліся намаганні часткі праваслаўнае ерархіі, нягледзячы на падтрымку, якую тая атрымлівала з боку манархаў.

3) Гэта было магчыма і дзякуючы таму, што праваслаўны клір, у тым ліку і частка епіскапату, з аднаго боку звязаны ўмовамі існавання з усім насельніцтвам, з другога - падпарадкаваны панам і вялікакняскім ураднікам, не толькі не рэалізаваў лініі, абаронцам якое была кіеўская мітраполія, але, наадварот, апынуўся на баку сіл, якія баранілі даўнія звычаі. А апошнія, аказаўшыся вельмі жывучымі, толькі марудна і памалу саступалі перад націскам супраціўных ім сіл. Да гэтых супраціўных сіл належаў і каталіцкі касцёл, які ўжо ў X ст. дамогся ў Заходняй Еўропе выключнае юрысдыкцыі ў шлюбных справах 249 . Вось жа, царкоўная унія на тэрыторыях, ахопленых ёю, прынесла хуткі заняпад звычаёвага права, якое доўга яшчэ выказвала сваю жыццёвасць на тэрыторыях, дзе захоўвалася праваслаўе.

4) Засведчаная крыніцамі жыццёвасць свецкага характару шлюбу і працяглага - у параўнанні з іншымі местамі Вялікага Княства - захавання свецкіх разводаў у Магілёве вынікае, на нашую думку, з адмысловага становішча гэтага места, дзе мяшчане атрымалі - і захоўвалі - значную ступень самастойнасці ў дачыненні да шляхты і праваслаўнае царквы 250. Дадатковым элементам мог бы быць факт шчыльных сувязяў Магілёва з Украінай, дзе свецкае звычаёвае права было найбольш распаўсюджана 251 .

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
elda напiсаў(ла) 26.03.2018 00:32

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.