Ю. Бардах - Звычаёвае шлюбнае права русінаў Вялікага Княства Літоўскага (XV–XVII ст.)

Звычаёвае ці грамадскае права?

Захаванне свецкага характару шлюбу і пераважная роля свецкае юрысдыкцыі ў шлюбных справах праваслаўнага насельніцтва Літвы і Ўкраіны служыць цікавым прыкладам канфлікту паміж кананічным і дзяржаўным правам, з аднаго боку, і жывым звычаёвым правам - з другога 252. Яно паказвае таксама, як небяспечна прадстаўляць гісторыю права на падставе нормаў пісанага права і актаў цэнтральнае ўлады, не супастаўляючы іх з мясцоваю юрыдычнаю практыкай. Гэтая апошняя - як мы сцвердзілі вышэй - можа не толькі мадыфікаваць усталяваныя нормы (як у выпадку невянчаных шлюбаў), але і - грунтуючыся на даўнейшым звычаёвым праве - заняць пазіцыю, наўскрай супярэчную ім, і паспяхова бараніць яе на працягу стагоддзяў.

Тут выступае характэрная для феадальных стасункаў розніца паміж пісаным правам і юрыдычнаю практыкай. Практыка, якая адлюстроўвала звычаёвае права, часта брала верх над кадыфікаваным правам, ужыванне якога толькі паволі прабівала сабе дарогу, адсоўваючы на другі план мясцовыя звычаі і стасункі, якія вынікалі з дамовы, а тыя звычаі і стасункі - таксама тыповыя для Сярэднявечча - мелі і ў нашым выпадку немалое значэнне, калі прыгадаем тут развод з узаемнае згоды бакоў.

Ці можна называць перажыткам юрыдычную практыку XVI і першае паловы XVII ст., якая выступае ў цытаваных намі крыніцах? Ці захоўвалася яна, дзякуючы народнаму кансерватызму, у аддаленых мясцовасцях, удалечыні ад культурных цэнтраў? Ці, выступаючы як mos maiorum [звычай продкаў], тармазіла новыя грамадскія стасункі? Ці складала ўжо толькі абрадавую і звычаёвую форму, жывы змест якое адмёр? Бо тады і толькі тады мы маглі б назваць яе рэліктам253. Калі мы прадэманстравалі, што гэта не так, што як звычаёвыя формы заключэння шлюбу, так і свецкія разводы ў даследаваным намі перыядзе захавалі поўную жыццёвасць, служачы як актуальным патрэбам насельніцтва, так і інтарэсам мясцовых уладаў, то належала б казаць не пра перажытак, а пра інстытут звычаёвага права са старою традыцыяй, якая доўга і да пэўнага часу паспяхова змагалася за сваё існаванне254 .

Аналагічныя феномены, якія сустракаюцца ў гісторыі сярэднявечнага права, служаць аргументам для канцэпцыі "грамадскага права", якое проціпастаўляецца дзяржаўнаму праву. Творцам тэорыі "грамадскага права" лічыцца О. Гірке, які праву дзяржавы проціпаставіў аўтаномныя правы грамадскіх групаў (Genossenschaftsrecht) і зрабіў іх прадметам сваіх доследаў. Гэтую тэорыю развіў Э. Эрліх, згодна з якім дзяржаўнае права - толькі павярхоўны слой, які не датыкаецца да ўну-транага жыцця грамадскіх групаў: апошнія жывуць уласным юрыдычным жыццём, якое складае найглыбейшую рэчаіснасць права. Э. Эрліх, а ўслед за ім Г. Гурвіч, казалі пра "стыхійнае права грамадства", якое не мае нічога супольнага з правам, што ўсталёўваецца дзяржаваю і здзяйсняецца праз яе органы 255 .

Сярод даследаваных з’яваў асабліва свабода скасавання змовін, санкцыянаваных царкоўным шлюбам, і магчымасць разводу паводле згоды бакоў прызнаваліся як органамі свецкае ўлады, якія прымалі запіс пра гэта ў кнігі альбо здзяйснялі акт разводу, так і духавенствам у цэлым. Святары давалі шлюб нанава, калі змоўлены шлюб не дайшоў да завяршэння, нягледзячы на тое, што шлюб ужо раз адбыўся, а таксама дабраслаўлялі новыя шлюбы асобаў, разведзеных свецкім парадкам. Таму мы можам тут казаць аб звычаёвым праве, якое ўжывалася дзяржаўнымі органамі і духавенствам. Таму гэта не "грамадскае права", бо любое права характарызуецца санкцыяй з боку ўлады, якая выступала тут відавочным чынам.

Перавага свецкіх элементаў у звычаёвым шлюбным праве эпохі, з якой мы традыцыйна прывыклі асацыяваць перакананне аб усяўладным панаванні нормаў царкоўнага права і духоўнае юрысдыкцыі, а таксама працягласць іх існавання пры наяўнасці магутных праціўнікаў - пытанне, вартае ўвагі, яно мае шырэйшае значэнне. Асабліва выразна яно акрэслілася ў доследах гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага і Ўкраіны 256 .

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
elda напiсаў(ла) 26.03.2018 00:32

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.