Г. Дзербіна - Права і сям'я ў Беларусі эпохі Рэнесансу

Уступ

Вялікае Княства Літоўскае, асновай і дзяржаватворным цэнтрам якога былі беларускія землі, заўжды прыцягвала ўвагу даследнікаў. Найбольшую цікавасць выклікае эпоха Адраджэння - Рэнесанс - час, калі тут былі створаны культурныя каштоўнасці сусветнага значэння. Менавіта тады склалася знакамітая сістэма права нашай дзяржавы, увасобленая ў Статутах 1529, 1566, 1588 гг. Статуты адлюстравалі ровень духоўнага жыцця грамадства цэлага стагоддзя, развіццё грамадскай думкі, палітычных уяўленняў пра шляхі будаўніцтва гаспадарства і месца асобы ў ім. Сучаснымі даследнікамі прызнана, што ў гэтых зборах законаў найбольш выразна адбіліся адметныя рысы эпохі Рэнесансу, якія сусветная цывілізацыя шануе як дасягненні грамадскай культуры на новай ступені эвалюцыі. Менавіта эпоха Адраджэння заклала падмурак новага праўнага мыслення, якім карыстаецца і сучасная юрыспрудэнцыя. Нашыя Статуты як каштоўныя помнікі эўрапейскага права ў адзін з адметных перыядаў яго развіцця заслугоўваюць шырокага і дасканалага вывучэння. На жаль, з шэрагу прычынаў права Вялікага Княства застаецца маладаследваным. Па-першае, гэта тлумачыцца недастатковай вывучанасцю феадальнага права наагул і эпохі Рэнесансу ў прыватнасці. Па-другое, увага даследнікаў у асноўным была засяроджаная на інстытуцыі дзяржаўнай улады і кіравання, на становішчы сацыяльных пластоў грамадства. Найбольш слаба вывучаныя праблемы фармавання праўнай сістэмы, развіцця заканадаўства, заснавання галін феадальнага права Беларусі, заканамернасцяў іх узнікнення і эвалюцыі, увогуле характар праўных сістэмаў феадальных часоў і адметнасць іх у розныя перыяды развіцця.

Асноўная тэма працы - пытанні фармавання шлюбна-сямейнага права і заканадаўства XVI ст. і характарыстыка праўнай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага.

Актуальнасць даследвання сям'і як адрэгуляванай правам сацыяльнай інстытуцыі вызначана тым, што ў кожным грамадстве яна выконвае жыццёва важныя функцыі і ёсць найбольш прыстасаванай формай існавання чалавецтва.

Працэсы, якія адбываюцца ў сям'і як структурным элеменце грамадства, у сукупнасці ўсебакова ўплываюць на сацыяльнае жыццё дзяржавы і наадварот. Сям'я як адна з інстытуцый феадальнага грамадства адлюстравала асноўныя рысы сваёй эпохі.

Вывучэнне праблемаў шлюбна-сямейнага права патрабуе звароту як да нормаў права, так і да сацыяльных, ідэалагічных працэсаў у грамадстве, бо нельга высветліць сутнасць праўнай з'явы, не звяртаючыся да тагачаснай рэчаіснасці.

Шлюбна-сямейнае права Беларусі XV-XVI стст. і яго развіццё выбраны ў якасці аб'екта даследвання невыпадкова. Менавіта ў гэтым часе цалкам сфармавалася праўная сістэма дзяржавы, якая дзейнічала амаль да сярэдзіны XIX ст. Працэс гэты адбываўся пад актыўным уплывам эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі, якія вызначалі дынамізм праватворчасці ў XVI ст. і высокі навуковы ровень кадыфікацыі права, вынікам чаго ёсць Статуты 1529, 1566, 1588 гг. Апошні з іх дзейнічаў да 1840 г.

Пад час распрацоўкі Статутаў праўная навука і практыка праз шматлікія намаганні стварылі заканадаўства, у аснову якога пакладзены новыя, характэрныя эпосе Рэнесансу прынцыпы: прыярытэт пісанага права, першынства закону, абарона суверэнітэту і г.д. У Статутах знайшлі адлюстраванне ідэі гуманізму і талеранцыі, усталявання праўнай дзяржавы. Новыя рысы адлюстраваліся ва ўсіх інстытуцыях феадальнага права, у тым ліку і ў шлюбна-сямейных.

Фармаванню праўнай сістэмы Беларусі гэтым часам характэрныя такія тэндэнцыі, як усталяванне агульнага закону замест партыкулярнага, змена прыярытэту мясцовага права прыярытэтам агульнага, выкарыстанне субсідыярных крыніц дзеля запаўнення прагалаў у законе, а таксама рэцэпцыя права.

Ад эпохі Рэнесансу ў эўрапейскай гісторыі права пачаўся новы этап праўнага мыслення. І менавіта Статуты па агульным прызнанні ўвасобілі ў сабе характэрныя рысы эўрапейскай рэнесансавай праўнай культуры (Бардах, 1976, с. 76-79). Нягледзячы на значную цікавасць даследнікаў (у асноўным XIX - пачатку ХХ ст.) да права Вялікага Княства Літоўскага, шмат пытанняў праўнай гісторыі, у прыватнасці праблемы развіцця навукі права, эвалюцыі праўных інстытуцый і галін права, станаўлення заканадаўства, засталіся нявысветленымі.

У гэтай манаграфіі даследуецца сфера фармавання прыватнага феадальнага права XV-XVI стст., працэс усталявання развітых шлюбна-сямейных правадачыненняў. На падставе аналізу заканадаўчага, дакументальнага і навукова-літаратурнага матэрыялу паказаны працэс развіцця інстытуцый шлюбна-сямейнага права і адзначаны асноўныя ідэалагічныя і сацыяльна-эканамічныя фактары, якія ўплывалі на гэты працэс. Праз характарыстыку галоўных тэндэнцый развіцця тэорыі права і практычнага заканадаўства Вялікага Княства зроблена спроба паказаць сувязь паміж агульнымі тэндэнцыямі развіцця эўрапейскай навукі права і фармаваннем практычнага заканадаўства. Галоўным кірункам працы ёсць аналіз роўню развіцця сямейна-шлюбнага права як адной з асноўных галін феадальнага права.

У кнізе разглядаюцца характэрныя рысы сярэднявечнай і рэнесансавай юрыспрудэнцыі ў сферы прыватнага права. Праца знаёміць з юрыдычнай тэрміналогіяй і ступенню распрацаванасці катэгарыяльнага праўнага апарату ў XVI ст.

На развіццё інстытуцый шлюбна-сямейнага права ўплывалі глыбокія змены ў феадальным грамадстве. Істотныя духоўныя, ідэалагічныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў XVI ст. садзейнічалі фармаванню новых палітычна-праўных інстытуцый.

Шлюбна-сямейныя дачыненні на аснове роднасці і сваяцтва аб'ядноўвалі мноства інстытуцый прыватнага права: уласнасці, спадкаемства, пасагу, абавязкавага, маёмаснага права, заставы ды інш. Шлюбныя дачыненні былі падставай стасункаў па роднасці і сваяцтве, на юрыдычным значэнні якіх будаваліся агульныя інстытуцыі земскага, кананічнага (царкоўнага) і магдэбургскага права. Рэгуляванне шлюбных дачыненняў мела агульную тэндэнцыю - імкненне заканадаўцы да дэталёвай рэгламентацыі іх законам. Дзяржава актыўна падтрымлівала працэс хрысціянізацыі шлюбна-сямейных дачыненняў, пра што сведчаць уплывы кананічнага права на статутны закон, асабліва на трэці Статут. Але на практыцы па-ранейшаму нярэдка выкарыстоўвалася звычаёвае права. Гэтаму спрыяла існаванне падвойнай юрысдыкцыі - царкоўнай і свецкай.

Інстытуцыя пасагу як адна з галоўных у маёмасным забеспячэнні сям'і падкрэсліла агульную тэндэнцыю прыватнага права да індывідуалізацыі правадачыненняў і фармальнай роўнасці перад законам усіх сямейнікаў. У спадчынным праве, як і ў іншых інстытуцыях матэрыяльнага забеспячэння, адлюстравалася імкненне да пашырэння правоў і вольнасцяў шляхты ў выглядзе льгот. Цесная ўзаемасувязь шлюбных праўных стасункаў і спадчыны грунтавалася на праве спадкаваць паводле закону. Гэтае права атрымлівалі асобы, якія валодалі вызначанай праваздольнасцю на падставе законнага шлюбу. Рэгуляванне спадкаемства мела даволі выразную тэндэнцыю да ўраўноўвання правоў на спадчыну дзяцей абодвух полаў, чаму адпавядала выкарыстанне бацькамі такой формы дамовы, як "запіс", пад якім разумелася праўнае афармленне розных пагадненняў: падаравання, тэстамента пад умовай і г.д.

Правадачыненні па апецы ў статутным заканадаўстве прадугледжвалі абарону правоў непаўналетніх дзяцей і ахову інтарэсаў незамужніх жанчын, гэта значыць асобаў, якія не маглі абараніць свае правы і інтарэсы самі. Яна дзялілася на апеку па законе, па тэстаменце і па прызначэнні дзяржавы. Інстытуцыя апекі даволі пільна кантралявалася дзяржаўнай уладай.

Пры напісанні працы выкарыстоўваўся багаты досвед папярэднікаў, якія даследвалі гісторыю феадальнага цывільнага, у тым ліку і шлюбна-сямейнага, права: М.Доўнар-Запольскага, С.Бяршадскага, А.Загароўскага, Ф.Леантовіча, А.Лявіцкага, І.Маліноўскага, М.Нікольскага, С.Пахмана, І.Скіцкага, В.Спасовіча, М.Суворава, Т.Чацкага ды інш.

У кантэксце агульнай характарыстыкі развіцця права феадальнай Беларусі аналізаваліся працы сучасных навукоўцаў: А.Грыцкевіча, З.Капыскага, С.Падокшына, С.Сокала, Я.Юхо, Т.Доўнар, В.Шаўкапляс, а таксама замежных юрыстаў-гісторыкаў Ю.Бардаха, Е.Ахманьскага, К.Каранага, Р.Таўбеншляга ды інш. Пры падрыхтоўцы манаграфіі выкарыстаны працы па тэорыі, філасофіі і гісторыі права С.Аляксеева, П.Вінаградава, Р.Давіда, М.Каркунова, І.Лапо, В.Нерсесянца, І.Пакроўскага, А.Стаянава, Ф.Тараноўскага, М.Чыжова, Г.Шаршаневіча, Д.Келлі, О.Робінсан, Т.Фергуса, В.Гордана ды інш.

Нарматыўна-праўную аснову працы склалі заканадаўчыя і іншыя крыніцы феадальнага права: агульназемскія, земскія, гарадскія прывілеі ХIV-XVI стст.; Статуты Вялікага Княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг., крыніцы кананічнага (царкоўнага), магдэбургскага, рымскага права. У кнізе выкарыстаны зборы актавых матэрыялаў Пецярбургскай, Віленскай, Кіеўскай археаграфічных камісій і інш.

Пры характарыстыцы феадальнага шлюбна-сямейнага права ўжывалася юрыдычная тэрміналогія XVI ст. і сучасны юрыдычны катэгарыяльны апарат.

Працэс развіцця шлюбна-сямейных інстытуцый прыватнага права адлюстраваў асноўныя заканамернасці фармавання праўнай сістэмы Беларусі. У ХVI ст. яму былі ўласцівыя агульныя рысы эвалюцыі тагачаснага права, менавіта пашырэнне індывідуальных правамоцтваў суб'ектаў права, значная фармалізаванасць праўных дзеянняў, імкненне да зацверджання ў законе сацыяльнага статусу і асноўных правоў і абавязкаў суб'ектаў права. Аналіз інстытуцый прыватнага права XVI ст. сведчыць, што праўная сістэма нашай дзяржавы грунтавалася на выкарыстанні дасягненняў эўрапейскай праўнай навукі і праз актыўны кадыфікацыйны працэс набыла якасці адной з найдасканалейшых сістэм у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. У сувязі з гэтым даследванне розных аспектаў каштоўнай гістарычна-праўнай спадчыны Беларусі ўзбагаціць не толькі праўную культуру, але і сучасную юрыспрудэнцыю.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
кася напiсаў(ла) 20.04.2008 14:20
зараз вясельны абрад спрошчаны,што,канешне,не дадае яму прыгажосці.цікава,ці шмат вяселляў робіцца па старадаўніх звычаях?

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.