Г. Дзербіна - Права і сям'я ў Беларусі эпохі Рэнесансу
- Уступ
- Роля інстытуцый шлюбу і сям'і ў беларускім грамадстве
- –Праблемы шлюбу і сям'і ў ідэалагічных плынях Рэнесансу
- –Сацыяльна-эканамічныя ўмовы развіцця сям'і
- Юрыспрудэнцыя Рэнесансу і праўная сістэма Беларусі
- –Агульная характарыстыка
- –Школы права
- –Праўная сістэма Вялікага Княства Літоўскага
- –Крыніцы шлюбна-сямейнага права
- ––Агульныя палажэнні
- ––Асноўныя крыніцы
- ––Субсідыярныя крыніцы
- Формы шлюбу, іх эвалюцыя. Рэгуляванне шлюбу і яго скасавання
- –Формы шлюбу паводле звычаёвага права
- –Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам
- –Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве
- –Пытанні спынення шлюбу ў кананічным і свецкім праве
- ––Прычыны спынення шлюбу паводле кананічнага (царкоўнага) права
- ––Свецкі закон і скасаванне шлюбу
- Праўнае рэгуляванне маёмасных дачыненняў у сям'і
- –Пасаг як маёмаснае забеспячэнне правоў жанчыны
- –Інстытуцыя забеспячэння жанчыны - вена
- –Спадчынныя дачыненні ў сям'і
- –Апека як інстытуцыя аховы сямейных інтарэсаў
- –Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных справах
- Заканчэнне
- Тлумачальны слоўнік
- Крыніцы
- Даследванні
Формы шлюбу, іх эвалюцыя. Рэгуляванне шлюбу і яго скасавання
–Формы шлюбу паводле звычаёвага права
Першае вядомае сёння ўпамінанне пра формы шлюбу ў славян паганскага часу сустракаецца ў "Аповесці мінулых гадоў". Летапіс згадвае шлюбныя звычаі драўлян, радзімічаў ды іншых плямёнаў, змяшчае звесткі аб трох формах шлюбу: крадзеж "каля вады", вывядзенне паводле папярэдняй змовы, прывядзенне нявесты ў дом жаніха.
Летапіс не называе такой вядомай формы шлюбу, як купля нявесты, што дае падставы сумнявацца ў яе тагачасным існаванні. Вядомы расейскі цывіліст К.Няволін адмаўляе момант куплі як элемент шлюбу (Неволин, 1859, с. 129). Іншыя даследнікі, наадварот, лічылі, што ў летапісе не згадвалася гэтая форма, бо яна была звычайнай, трывала ўсталяванай (Загоровский, 1884, с. 15-17). Але і тыя і другія адназначна паказваюць на недакладнасць размежавання названых формаў шлюбу, асабліва ў перыяд ранняга Сярэднявечча, калі існаваў ужо значны культурны пласт. У гэты перыяд ва ўсіх формах прысутнічаў элемент дамовы ў тым або іншым выглядзе, што ўрэшце прывяло да фармавання дамоўнага шлюбу. Таму з'явілася меркаванне, што шлюбу як такога ў форме куплі не існавала. Выкарыстоўвалася толькі форма дамовы куплі для надання яму юрыдычнай сілы.
Такія формы шлюбу, як крадзеж, купля жонкі, вядомыя ў гісторыі з часу ўзнікнення парнага шлюбу (Павлов, 1902, с. 30-123; Владимирский-Буданов, 1889-1890, с. 38-57) у перыяд пераходу ад палігаміі да манагаміі.
На зямлі сучаснай Беларусі гэты этап супаў з прыняццем хрысціянства, пераходам ад паганскай культуры да хрысціянскай. Хрысціянства, шчыльна звязанае з інстытуцыяй шлюбу і сям'і, у многім вызначыла яе якасныя характарыстыкі, пра што яскрава сведчаць вядомыя старажытныя статуты - Уладзімера і Яраслава.
Інстытуцыя шлюбу і сям'і паводле звычаёвага права беларусаў даследвалася ў працах М.Доўнар-Запольскага, М.Нікольскага, Я.Карскага ды іншых вучоных найперш у аспекце традыцыі.
Даследванні паказалі, што вясельная абраднасць у Беларусі пачынаецца з часоў першабытнага ладу і мае шэраг аналогій і паралеляў у абраднасці індаэўрапейскіх народаў (Довнар-Запольский, 1901, с. 25; Никольский, 1956, с. 16-20). Беларуская вясельная абраднасць, узнікшы ў старажытныя паганскія часы, захавала трывалыя рысы паганства, па сведчанні даследнікаў, да XIX ст. (Никольский, 1956, с. 16). Трэба адзначыць, што за такі працяглы час яна значна змянілася, асабліва пад уплывам хрысціянства. Але ў першыя часы пасля прыняцця хрысціянства (Х-XII стст.) формы шлюбу не зазналі істотных зменаў - вясельная абраднасць заставалася практычна аднолькавай для ўсіх пластоў насельніцтва.
З XII ст. адзначаецца імкненне арыстакратыі да царкоўнай шлюбнай традыцыі, але бальшыня насельніцтва трымалася старажытных паганскіх абрадаў.
У сямейным побыце захоўваліся традыцыі, што заўсёды суправаджалі чалавечае жыццё, - шлюбныя абрады, абрады нараджэння і пахавання. Шлюб у гэтым паслядоўным коле займаў цэнтральнае месца. Пераважная бальшыня апісанняў шлюбнай абраднасці датычыць сельскай мясцовасці, жыцця сялянства. Нягледзячы на тое што гарадское насельніцтва актыўна папаўнялася сельскім у перыяд свайго юрыдычнага афармлення (канец XIV-XVI ст.), у гарадскім побыце адзначаецца паступовае знікненне элементаў традыцыйнай сялянскай абраднасці. Элементы старажытнага вясельнага цырыманіялу шырока выкарыстоўваліся хрысціянскай царквой. Хрысціянская сімволіка шлюбнага злучэння павінна была замяніць аналагічную інстытуцыю паганскага асвячэння шлюбу, і паганская рэлігійнасць спрасціла гэтую задачу. Вядомы расейскі даследнік царкоўнага права Н.Сувораў, аналізуючы працэс хрысціянізацыі, прыйшоў да высновы, што ў паганскую эпоху ўступленне ў шлюб лічылася святой падзеяй: "...без учынення розных святарных фармальнасцяў, без рэлігійных абрадаў, без звяртання да боства ў той або іншай форме ўступленне ў шлюб было справай незвычайнай, а верагодна, нават і немагчымай" (Суворов, 1887, с. 5). У паганстве важную ролю пры злучэнні ў шлюб адыгрываў абрад крадзяжу "каля вады". Хрысціянская царква прыстасавала гэты элемент да сваёй традыцыі, прапанаваўшы наўзамен яго царкоўнае вянчанне. Аднак яшчэ доўга пасля прыняцця хрысціянства гэты абрад падмяняў царкоўнае вянчанне, што пацвярджае трываласць паганскай традыцыі.
Вясельны абрад як працэс можна раздзяліць на тры паслядоўныя этапы: падрыхтоўчы, вянчанне, вяселле. Першы, падрыхтоўчы, меў фармальна-бытавое значэнне. На гэтым этапе афармлялася пагадненне бакоў (змовіны), удакладняліся найважнейшыя матэрыяльныя аспекты будучай сямейнай суполкі, тэрміны, арганізацыйныя ўмовы вяселля, запрашэнне гасцей.
Падрыхтоўчы этап, як і астатнія, меў свой пэўны, вызначаны парадак. Для таго каб пагадненне было сапраўдным, захоўваліся звычаі і абрады, якія сімвалізавалі заручыны, тоесныя "вялікім запоінам". "Запоіны" падзяляліся на малыя і вялікія і пачыналіся звычаем "сугляд" - сватаннем, аглядам бакамі будучых мужа і жонкі ды іх блізкіх. Абрад "малыя запоіны" выконваўся пры атрыманні прынцыповай згоды бакоў і бацькоў нявесты. Скасаванне дамовы на гэтым этапе шлюбнага працэсу не мела ніякіх юрыдычных вынікаў. "Вялікія запоіны" ўяўлялі сабой абрад канчатковых змовін аб тэрмінах, умовах, парадку вяселля. Пад час змовін у доме нявесты, дзе збіраліся бацькі і родныя жаніха, вызначаліся пасаг і вена. Калі жаніх і нявеста былі розных хрысціянскіх веравызнанняў, то дамаўляліся аб веравызнанні будучых дзяцей [9, с. 19-29]. Вынікі змовін афармляліся пісьмовым пагадненнем, падпісаным жаніхом і бацькам нявесты [9, с. 19-29, 41]. Калі ў нявесты не было бацькі, дамову, або змоўны ліст, падпісвалі маці і браты або апякун. У выпадку скасавання пагаднення пасля падпісання названай дамовы прадугледжваліся санкцыі ў выглядзе ўплаты зарукі і кампенсацыі шкоды пацярпеламу боку. У сувязі з юрыдычнай значнасцю змоўнага ліста існаваў асаблівы парадак яго афармлення. Ліст павінны быў пацвярджацца подпісамі і пячаткамі бакоў і сведак; гэтыя дакументы ўносіліся ў актавыя кнігі судоў [9, с. 47].
Апошнім абрадам падрыхтоўчага этапу былі заручыны, у часе якіх адбывалася перадача пярсцёнкаў, што сімвалізавала згоду бакоў і іх бацькоў на шлюб і пераход улады над нявестай да яе будучага мужа. Нярэдка гэты абрад выконваўся пад час "вялікіх запоін" і падпісання змоўнага ліста.
Наступным этапам было вянчанне, якое ўзнікла з прыняццем хрысціянства. З цырымоніяй вянчання спалучаліся некаторыя паганскія абрады і звычаі, што суправаджалі ўступленне ў шлюб, напрыклад каравайны, згодна з якім жаніх браў у царкву каравай хлеба, бо ён лічыўся святым паганскім сімвалам шлюбнага паяднання. Існавалі і іншыя абрады, што суправаджалі ад'езд жаніха і нявесты ў царкву [9, с. 95]. Усе яны былі традыцыйна магічнымі і сімвалізавалі ўрадлівасць і багацце, звязаныя з хатнім культам продкаў.
Царкоўнае вянчанне як этап шлюбнага абраду афармлялася на працягу стагоддзяў. У XIII-XVI стст. да царкоўнага вянчання ставіліся як да элемента падрыхтоўчага этапу. Таму звычайна яно ажыццяўлялася задоўга да вяселля, адначасова са змовінамі і заручынамі [9, с. 95]. Гэтым царкоўнае вянчанне прыраўноўвалася да дамовы, забяспечанай грашовай зарукай.
Трэцім этапам вясельнай абраднасці было ўласна вяселле. Змест яго вызначаўся колькасцю цырымоній, іх маляўнічасцю і значэннем. Пачаткам вяселля лічылася замешванне цеста для каравая (каравайны абрад), яго выпечка. У гэты момант адбываўся збор жаніховай дружыны і ад'езд па нявесту (мяркуецца, што ў аснове гэтай традыцыі ляжыць звычай выкрадання). "Пір вясёлы" пачынаўся спачатку ў нявесты, а затым працягваўся ў жаніха. Асноўны момант вяселля - абрад "злучэння маладых", што змацоўвае і аб'ядноўвае маладых на "доўгі век". Па сваёй важнасці ён адпавядаў пазнейшаму царкоўнаму вянчанню. Пасля "злучэння" нявеста лічылася жонкай, праводзіўся абрад расплятання і "выкупу касы", адзявання галаўнога ўбору замужняй жанчыны, затым - абрады "піру", "пасцельны" і падзелу каравая паміж усімі ўдзельнікамі "піру".
Апошнім абрадам, што завяршае вясельны цыкл, былі пярэзвы (апошняя вясельная размова) - элемент грамадавага побыту. "Пір" грамады пасля вяселля быў неабходны для забеспячэння поўнага ўдзелу "...у святарных дзеях усіх дворышчаў дадзенага родавага аб'яднання" (Никольский, 1956, с. 225).
Беларуская вясельная абраднасць ідзе сваімі каранямі да старажытнай паганскай эпохі, да матрыярхату і сімвалізуе такія асноўныя формы шлюбу, як выкраданне і купля (Никольский, 1956, с. 53, 141). Шлюб у форме куплі ўяўляў сабой па сутнасці шлюб па згодзе, а выкраданне, якому папярэднічала змова маладых, было распаўсюджанае аж да XVI-XVII стст. і сустракалася нават у XIX ст. (Никольский, 1956, с. 58). У хрысціянскую эпоху выкраданне нявесты звычайна замацоўвалася царкоўным вянчаннем. У сувязі з тым што шлюбныя дачыненні рэгуляваліся не толькі звычаёвым правам і свецкім заканадаўствам, але ў большай ступені кананічным (царкоўным) правам, неабходна разгледзець асноўныя палажэнні хрысціянскага вучэння аб царкоўным шлюбе.
зараз вясельны абрад спрошчаны,што,канешне,не дадае яму прыгажосці.цікава,ці шмат вяселляў робіцца па старадаўніх звычаях?
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.