Г. Дзербіна - Права і сям'я ў Беларусі эпохі Рэнесансу

  1. Уступ
  2. Роля інстытуцый шлюбу і сям'і ў беларускім грамадстве
  3. –Праблемы шлюбу і сям'і ў ідэалагічных плынях Рэнесансу
  4. –Сацыяльна-эканамічныя ўмовы развіцця сям'і
  5. Юрыспрудэнцыя Рэнесансу і праўная сістэма Беларусі
  6. –Агульная характарыстыка
  7. –Школы права
  8. –Праўная сістэма Вялікага Княства Літоўскага
  9. –Крыніцы шлюбна-сямейнага права
  10. ––Агульныя палажэнні
  11. ––Асноўныя крыніцы
  12. ––Субсідыярныя крыніцы
  13. Формы шлюбу, іх эвалюцыя. Рэгуляванне шлюбу і яго скасавання
  14. –Формы шлюбу паводле звычаёвага права
  15. –Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам
  16. –Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве
  17. –Пытанні спынення шлюбу ў кананічным і свецкім праве
  18. ––Прычыны спынення шлюбу паводле кананічнага (царкоўнага) права
  19. ––Свецкі закон і скасаванне шлюбу
  20. Праўнае рэгуляванне маёмасных дачыненняў у сям'і
  21. –Пасаг як маёмаснае забеспячэнне правоў жанчыны
  22. –Інстытуцыя забеспячэння жанчыны - вена
  23. –Спадчынныя дачыненні ў сям'і
  24. –Апека як інстытуцыя аховы сямейных інтарэсаў
  25. –Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных справах
  26. Заканчэнне
  27. Тлумачальны слоўнік
  28. Крыніцы
  29. Даследванні

Роля інстытуцый шлюбу і сям'і ў беларускім грамадстве

–Праблемы шлюбу і сям'і ў ідэалагічных плынях Рэнесансу

Значэнне сям'і для грамадства і кожнага чалавека вызначаецца яе шматлікімі і ўнікальнымі функцыямі. Найважнейшыя з іх - стварэнне асновы чалавечага існавання, інакш "вытворчасць" чалавека дзеля падтрымання біялагічнай бесперапыннасці грамадства, сацыялагізацыя пакаленняў шляхам выхавання і перадачы культурнай спадчыны, узнаўленне этнасу праз фармаванне нацыянальнай свядомасці, а таксама стварэнне і ўзнаўленне матэрыяльных і псіхалагічных умоваў існавання чалавека і грамадства.

Выкананне гэтых сінтэтычных функцый вызначае сям'ю як сацыяльны феномен, шчыльна звязаны з усімі працэсамі існавання грамадства. На жыццё сям'і ўплываюць памеры папуляцыі, культурныя традыцыі, эканоміка, тэхналогія, сацыяльнае кіраванне.

Гістарычны погляд на сям'ю ўпершыню абгрунтаваў Л.Морган, паводле якога сям'я змяняецца разам з агульнымі зменамі ў гістарычным працэсе. Пазней Ф.Энгельс вызначыў яе як гістарычна дэтэрмінаваную сацыяльную форму (Морган, 1934; Энгельс, с. 23-278). Тым часам, пераважна ў амерыканскай і заходнеэўрапейскай навуцы, існуе і радыкальна процілеглае гледзішча на сям'ю. У аснове гэтых тэорый, на пачатку якіх стаіць Э.Вэстэрмарк, ляжыць разуменне сям'і як "канстанты", што процістаіць зменам грамадства.

У сучаснай літаратуры, якая разглядае сям'ю ў якасці цэласнай сістэмы, існуе мноства ацэнак яе тыпаў і формаў. Пры гэтым асноўнай вызначальнай прыкметай яе адрозна ад іншых сістэмаў грамадства лічыцца шлюбна-роднасная аснова ўзнікнення і пабудовы сям'і. Паводле меркавання аўтара, найбольш сінтэзаваным ёсць азначэнне сям'і як сацыяльнай сістэмы з характэрнай для яе структурай розных тыпаў, з галоўнымі функцыямі рэпрадукцыі чалавека, узнаўлення этнасаў, з функцыямі эканамічнай і экспрэсіўна-рэкрэацыйнай (Этносоциальные аспекты..., 1987, с. 16-17). У гэтым азначэнні сям'і, як і ў папярэдніх даследваннях, падкрэслена выкананне сям'ёй адначасова сваёй натуральнай і грамадскай функцый.

Асновай сям'і ў бальшыні сучасных даследванняў лічыцца шлюб. Сутнасцю шлюбу прызнаецца супольнае жыццё мужчыны і жанчыны, узаконенае звычаем або зацверджанае правам, сацыяльным або этнічным асяроддзем (Этносоциальные аспекты..., 1987, с. 17). Такім чынам, сям'я і шлюб з грамадска-юрыдычнага гледзішча ёсць аднымі з найбольш значных інстытуцый грамадства.

Ва ўсе гістарычныя эпохі сям'я нязменна выконвае свае найважнейшыя функцыі ў шчыльнай узаемасувязі з сацыяльнымі, культурнымі і эканамічнымі з'явамі грамадства. У эпоху Адраджэння на сацыяльнай, палітычнай і культурнай значнасці інстытуцый шлюбу і сям'і была засяроджаная ўвага вядомых грамадскіх дзеячоў і знакамітых паэтаў, філосафаў і навукоўцаў. Падставай гэтай зацікаўленасці было новае рацыянальнае асэнсаванне ролі чалавека і сям'і ў жыцці грамадства і дзяржавы. Асноўная рыса эпохі Рэнесансу - шанаванне чалавека і асаблівая цікавасць да свету вакол яго - паставіла пытанні: хто мы, адкуль і куды ідзем? У пошуках адказаў на іх мысляры і грамадскія дзеячы надавалі інстытуцыям шлюбу і сям'і цэнтральнае месца.

Розныя азначэнні эпохі Рэнесансу (XV-XVI стст.) далі ў сваіх даследваннях Я.Бургард, Й.Хейзінга, Э.Гарэн ды інш. (Burckhardt, 1983; Garin, 1969; Хейзинга, 1988). Складанасць аднастайнага азначэння эпохі звязана з якаснымі зменамі, якія адбыліся ва ўсіх сферах жыцця чалавека: грамадскай, рэлігійнай, маральнай, палітычнай, навуковай, эканамічнай, культурнай і г.д. Грандыёзны сінтэз папярэдніх культур стварыў асаблівы менталітэт грамадства, які шанаваў культуру мінулага, але ідэалам сучаснасці лічыў свабоду ад улады аўтарытэта, практычны і тэарэтычны індывідуалізм і свабоду дзейнасці.

Сям'я праз свае шматлікія функцыі адчувальна рэагуе на змены ў розных сферах жыцця грамадства. Эпоха Адраджэння ўнесла новы дух у жыццё сям'і і ў асэнсаванне грамадствам яе сацыяльнай і палітычнай ролі. Права XVI ст. як спецыяльная інстытуцыя рэгулявання сацыяльных дачыненняў найбольш дакладна адлюстравала рэальнае становішча сям'і ў тагачасным грамадстве.

Спецыфічнасць права як сацыяльнай інстытуцыі палягае ў беспасярэдняй сувязі з ідэалогіяй свайго часу. Менавіта адэкватнасць тэарэтычных асноваў права светапогляду эпохі ёсць умовай паспяховай праватворчай, правадастасоўнай дзейнасці. Такая шчыльная залежнасць вяртае нас да тых формаў ідэалогіі, якія звязаныя з развіццём інстытуцый шлюбу і сям'і эпохі.

Асновай новага асэнсавання сацыяльных і тэалагічных праблемаў стаў гуманізм як сістэма поглядаў з яго антрапацэнтрысцкай накіраванасцю. Свецкі характар гуманізму вызначыў трактоўку шлюбна-сямейных праблем з рацыяналістычнага гледзішча, разгляд іх у сувязі з праблемамі ўдасканалення чалавечага грамадства, самога чалавека. Знакамітыя гуманісты Эўропы Ф.Петрарка, К.Салютаты, Піка дэла Мірандола, А.Альбэрты, М.Мантэнь, Ж.Бадэн, Эразм Ратэрдамскі ды іншыя вельмі актыўна звярталіся да тэмы сям'і і выхавання чалавека.

Гуманісты XIV-XVI стст. і рэфарматары каталіцкай царквы XVI ст. перадусім звярталіся да роздуму пра ролю чалавека ў соцыуме. К.Салютаты ў сваіх працах "Лісты", "Пра высакародства законаў і медыцыны" вылучае канцэпцыю аб неабходнасці актыўнага грамадскага жыцця. Л.Бруні ў "Лістах" і "Ўводзінах да маральнага ўдасканалення" перакананы, што сапраўдным крытэрам маральнасці ёсць рэальны дабрадзейны чалавек, а не абстрактныя маральныя догмы. Гэтай жа думкі трымаецца А.Альбэрты. Тэмай яго найбольш вядомых трактатаў "Пра сям'ю" і "Пра вядзенне хатняй гаспадаркі" ёсць чалавек актыўнага творчага жыцця. Альбэрты даводзіць, што дабрадзейнасць чалавека адольвае лёс і лягчэй перамагае той, хто не жадае быць пераможаным. Ідэал новага дзейнага чалавека - цэнтральны вобраз твораў Дж.Манэты, Л.Вала, М.Мантэня, Ж.Бадэна і г.д. Ж.Бадэн у сваёй вядомай працы "Шэсць кніг пра рэспубліку" сцвярджаў, што суверэнітэт і моц дзяржавы грунтуюцца на справядлівых пачатках, разумных і натуральных законах, а сям'я ёсць сапраўдным падмуркам дзяржавы, на якім трымаецца яе моц.

Рэфарматы, найперш М.Лютэр, абгрунтавалі неабходнасць творчага падыходу да рэлігійнага жыцця. Лютэр у сваіх творах "Пра рэформу хрысціянскай адукацыі", "Пра свабоду хрысціянства" сцвярджаў патрэбу рэлігійнага абнаўлення і адраджэння да новага жыцця на аснове хрысціянскіх пачаткаў, зацверджаных у Эвангеллі, праз адыход ад старых формаў.

Ідэолагі Контррэфармацыі (дакладней, "каталіцкай рэформы", або "абнаўлення каталіцкай царквы"), найперш яе бліскучы прадстаўнік у Вялікім Княстве П.Скарга, аналізуючы памылкі пратэстантаў, фармулююць станоўчыя догмы каталіцтва і звяртаюцца да інстытуцый шлюбу і сям'і. Рэформа каталіцкай царквы, зацверджаная Трыдэнцкім саборам, які доўжыўся з перапынкамі ад 1545 да 1563 г., таксама закранула гэтыя інстытуцыі.

Галоўнай мэтай гуманістычных педагагічных твораў было фармаванне чалавека, які актыўна ўдзельнічаў у сацыяльным жыцці. Пры гэтым мелася на ўвазе не толькі карысць для грамадства і дзяржавы, але і для канкрэтнай сям'і, перадусім клопат бацькоў пра выхаванне і адукацыю дзяцей. Гэтыя праблемы закраналі ў сваёй творчасці бальшыня гуманістаў, бо сям'я разглядалася імі як галоўная грамадская інстытуцыя.

Духоўнае жыццё Эўропы эпохі Рэнесансу не было аднастайным. Найвыразней паводле спецыфікі рэнесансавых з'яваў вылучаюцца рэгіёны класічнага (Італія) і Паўночнага Адраджэння (у асноўным краіны Паўночнай, Цэнтральнай і часткова Ўсходняй Эўропы). Адным з сама знакамітых прадстаўнікоў гуманізму тут быў Эразм Ратэрдамскі, працы якога "Пра выхаванне дзяцей", "Настаўленне ў хрысціянскім шлюбе" і г.д. працягвалі традыцыі італьянскіх гуманістаў наконт разумення сацыяльнай і культурнай ролі шлюбу і сям'і ў грамадстве (Эразм Роттердамский, 1973, с. 353-357; 1986, с. 150-158).

Адрозненне сістэмы выхавання паводле Эразма Ратэрдамскага ад класічнай італьянскай палягае ў падкрэсленым прыярытэце адукацыі. З двух гуманістычных аспектаў выхавання - узгадавання маральнасці і развіцця розуму - гуманіст аддае перавагу развіццю розуму. У розных падыходах да праблемаў выхавання выяўляецца адрозненне гуманізму класічнага ўзору ад рэгіянальнага.

Такім чынам, існавалі дзве гуманістычныя канцэпцыі выхавання, скіраваныя да адной мэты - выхавання добрага чалавека і годнага, прыстойнага грамадзяніна, але крыху рознымі метадамі. Своеасаблівасць гэтых школаў часта звязваюць з неаднолькавым уплывам антычнасці. Напрыклад, калі на італьянцаў зрабілі ўплыў Цыцэрон, Арыстотэль, Плутарх, то на Эразма Ратэрдамскага - Плятон. У той жа час неабходна адзначыць, што гуманістычная сістэма, якая ўзнікла на элементах антычнасці, уяўляла якасна новую з'яву. Так, ідэі Плятона пра выхаванне грамадскай істоты знаходзяць працяг у працах італьянскіх гуманістаў, але яго думка пра дзяржаўнае выхаванне не набыла папулярнасці. Адзіным выняткам ёсць Кампанэла, які ўспрыняў гэтую ідэю і лагічна завяршыў у працы "Горад Сонца" (Кампанелла, 1971).

Побач з гэтым трэба адзначыць, што творчасць Т.Кампанэлы прыпадае на асаблівы перыяд позняга Адраджэння і таму выразна вылучаецца з гуманістычнай плеяды новымі ідэямі "ўтапічнага сацыялізму". Канец XVI ст. стаўся завяршэннем і адначасова крызісам рэнесансавага гуманізму, бо ў гэтым часе трансфармаваліся многія яго ідэалы і нормы.

Створаны Т.Кампанэлам парадак рэгулявання сямейных дачыненняў мае мала агульнага з гуманістычнымі ідэаламі XV-XVI стст., бо ёсць па сутнасці адмовай ад цэнтральнай гуманістычнай ідэі - антрапацэнтрызму.

Юрыдычнае асэнсаванне свецкая інтэрпрэтацыя шлюбна-сямейнай інстытуцыі набыла гэтым часам у сацыяльнай філасофіі Ж.Бадэна, у прыватнасці ў ягоным творы "Шэсць кніг пра дзяржаву" (1576 г.). Зыходзячы з патэрналісцкай канцэпцыі, Ж.Бадэн сцвярджаў, што дзяржава - гэта праўнае кіраванне мноствам сем'яў суверэннай уладай, і падкрэсліваў сацыяльны характар асновы дзяржавы, бо яна складаецца не з ізаляваных грамадзян, а з элементарных сацыяльных ячэек - сем'яў. Лічыў сям'ю асновай узнікнення і развіцця дзяржавы; ад яе стабільнасці залежыць і трываласць дзяржавы. Ж.Бадэн паказвае залежнасць дэградацыі дзяржавы ад заняпаду сям'і на прыкладзе Старажытнага Рыма.

Канцэпцыя Ж.Бадэна пра асаблівую ролю сям'і ў сацыяльна-палітычным развіцці дзяржаўнасці супадае з шырока распаўсюджанымі аналагічнымі поглядамі сярод гуманістаў, найперш прыхільнікаў "грамадзянскага гуманізму", хоць гэта характэрна ўсім прадстаўнікам грамадска-палітычнай і тэалагічнай думкі (гуманістам і рэфарматам).

Беларускія гуманісты і рэфарматы разглядалі праблемы шлюбу і сям'і ў рэчышчы агульных тэндэнцый, уласцівых новаму эўрапейскаму ідэалагічнаму руху. Пры гэтым цэнтральнай была ідэя сацыяльнай значнасці сям'і як асноўнага элемента грамадства, шчыльнай сувязі паміж удасканаленнем грамадства, сям'і і развіццём індывіда.

Першы вядомы буйны дзяяч гуманізму ў Беларусі Ф.Скарына ў сваіх каментарах да Бібліі шмат увагі аддаў праблемам шлюбу, сям'і, выхавання дзяцей, становішчу жанчыны ў сям'і і грамадстве (Скарына, 1969).

Раскрываючы змест шлюбу, Ф.Скарына падкрэсліваў, што ў аснове яго ляжыць "мужа и жены почтивое случение, детей пильное выхование" (Скарына, 1969, с. 59). У такой трактоўцы шлюб разглядаўся як вышэйшая каштоўнасць - гарманічная форма рэгулявання дачыненняў паміж мужчынам і жанчынай, забеспячэнне мэтаў выхавання дзяцей, а не саступка грахоўнай сутнасці чалавека.

Адыход ад традыцыяналізму Сярэднявечча праяўляецца і ў стаўленні гуманіста да жанчыны. Гэта прасочваецца на прыкладзе Юдзіф, якая разглядаецца Ф.Скарынам як узор глыбокай грамадзянскасці, патрыятызму: "жену сию преславную перед очима имеюще, в добрых делах и в любви ойчины не только жены, но и мужи наследовали" (Скарына, 1969, с. 59).

Ф.Скарына звяртаўся да сямейнага права як да асобнай інстытуцыі і, прапанаваўшы сваю класіфікацыю права на натуральнае і пісанае, а пісанага - на боскае, царкоўнае і земскае, сямейнае права аднёс да земскага, тым самым падкрэсліваючы яго свецкі характар.

Да тэмы шлюбу і сям'і, іх сацыяльнага значэння звяртаўся беларускі грамадскі дзяяч і пісьменнік М.Літвін. У ягоным трактаце "Аб норавах татараў, літвінаў і маскавіцян" прасочваюцца ідэі пра важнасць для дзяржавы трывалай сям'і, пра ўзаемасувязь заняпаду дзяржавы і гібелі сям'і. Пры параўнальным аналізе звычаяў, законаў і фактычнага становішча справаў у сваёй і дзвюх суседніх дзяржавах аўтар непасрэдна звязваў трывалую сям'ю, моцную дзяржаўнасць, разумнасць законаў, натуральнасць і маральнасць штодзённага жыцця. Погляды М.Літвіна наконт раскошы, карыслівых матываў уступлення ў шлюб падобныя да меркаванняў А.Валяна і адпавядалі тэзісам мысляроў плыні "грамадзянскага гуманізму" (Литвин, 1854, с. 1-78).

Некаторыя пытанні сямейнага права адлюстраваныя ў працах вядомага правазнаўца, які большую частку жыцця працаваў у Вялікім Княстве, Пятра Раізія, прафесара рымскага права Кракаўскага ўніверсітэта, аўтара "Заключэнняў Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых паседжаннях Літвы, і пра абскарджанне судовых рашэнняў" (1563 г.). Гэта сур'ёзны тэарэтычны аналіз судовай практыкі, найперш па прыватным праве.

Але П.Раізій не быў бы годным прадстаўніком сваёй эпохі, калі б не звяртаўся да актуальных палітычных праблем грамадства, звязаных са спадчынным правам. У сваім творы - паэме сярэдзіны XVI ст. "Да польскіх магнатаў пра каралеўскі шлюб" (Royzii, 1553) мысляр выступіў прыхільнікам спадчыннай манархіі, абгрунтоўваючы яе неабходнасць інтарэсамі трываласці дзяржавы. Такая трактоўка фармавання найвышэйшай улады не адпавядала настроям грамадства Княства, якое бачыла ў выбарнасці гаспадара адзін з элементаў шляхоцкай вольнасці.

Праца П.Раізія датычыла актуальнай для тагачаснай Беларусі праблемы, бо Жыгімонт Аўгуст быў на той час ужо два гады ўдаўцом. Аўтар паэмы, улічваючы складаную ваенна-палітычную абстаноўку для краіны, падкрэсліваў карысць для дзяржавы новага шлюбу манарха, бо нараджэнне пераемніка пазбавіць грамадства ад выпадковасцяў, спрэчак і войнаў, а манарха - ад пошукаў прэтэндэнта на трон. Праца гэтая малавядомая, бо не было яе перакладу з лаціны, да таго ж у ёй разглядалася толькі адна надзённая для сучаснікаў праблема. Тым не менш паэма П.Раізія, прафесара рымскага права, старшыні асэсарскага суда ў Вільні, сакратара Жыгімонта Аўгуста, адлюстравала яшчэ адзін палітычны аспект пастаноўкі шлюбна-сямейнай праблемы.

Найбольш падрабязна пытанні сацыяльнага і праўнага рэгулявання шлюбна-сямейных дачыненняў разгледжаны ў вялікай манаграфіі А.Алізароўскага "Пра палітычную супольнасць людзей" (Olizarovius, 1651). Хоць праца напісана ў сярэдзіне XVII ст., у ёй атрымалі абагульненне і адлюстраванне погляды на шлюбна-сямейныя праблемы, што сфармаваліся яшчэ ў XVI ст. Гэты твор складаецца з трох кніг, адна з якіх называецца "Пра сям'ю". Аўтар, трымаючыся традыцый Арыстотэля ў пабудове навуковага аналізу, спрабуе раскрыць і прааналізаваць пазіцыі розных ідэолагаў.

А.Алізароўскі лічыў сям'ю важнейшай ячэйкай і структурнай адзінкай сацыяльнага і дзяржаўна-палітычнага арганізма. Як малая, зыходная форма супольнасці людзей сям'я разглядалася ім у двух аспектах: 1) блізкія (радня), 2) слугі і кола залежных людзей. Прынцыпы іх стасункаў А.Алізароўскі таксама спрабаваў вывесці з сямейных правілаў зносін, дзе, з аднаго боку, выступае бацька - домаўладальнік, феадальны ўласнік, а з другога - дзеці, слугі і залежныя людзі (па рымскім узоры).

Шмат месца даследнік адводзіў аналізу ўласна сям'і як сацыяльнай каштоўнасці. Ён адзначыў асноўныя аргументы, якія прыводзяцца праціўнікамі сям'і: шлюб - найцяжэйшае рабства, недаравальны грэх, процідзеянне свабоднай прыродзе чалавека, няшчасце, пакуты, неспакой розуму. Нязгода А.Алізароўскага з гэтымі трактоўкамі адлюстравана ў ягоным азначэнні шлюбу як спалучэння двух людзей для ўзаемнай вернасці, бескарыслівасці і дапамогі (Olizarovius, 1651, кн. 1, р. 1, § 1). Наагул жа шлюб ёсць дабром у траякім значэнні: нараджэнне дзяцей, вернасць і ўзаемныя абавязкі. А.Алізароўскі сцвярджаў, што шлюб - гэта прыродны закон сусвету і чалавецтва. Паходжанне шлюбу ён звязваў з заканамернасцямі існавання ўсяго жывога "ў небе, у моры і на зямлі". Вучоны падкрэсліваў, што шлюб мае сваім вынікам не толькі нараджэнне дзяцей, але і іх выхаванне, якому А.Алізароўскі аддаваў асаблівую ўвагу. Пры аналізе розных формаў узаемадачыненняў людзей, іх супольнасцяў, асацыяцый ён разглядаў шлюб як найвышэйшую форму гарманічных стасункаў паміж асобамі.

А.Алізароўскі прааналізаваў біблейныя і гістарычныя крыніцы для абгрунтавання доказаў высокіх вартасцяў жанчын, якія здзейснілі шмат высакародных і справядлівых учынкаў, прадэманстравалі высокія маральныя якасці, адданасць Богу і чалавеку. Многія з іх вызначаліся шырокімі ведамі, мудрасцю, дасягненнямі ў навуках, філасофіі, юрыспрудэнцыі, мелі вялікі аўтарытэт у народа, паспяхова кіруючы дзяржавамі, узначальвалі войскі і выйгравалі бітвы.

Даследнік разгледзеў умовы злучэння ў шлюб і вылучыў чатыры з іх: 1) згода; 2) адпаведны ўзрост; 3) становішча асобаў у грамадстве; 4) адсутнасць перашкод да шлюбу (Olizarovius, 1651, p. 2, § 1).

Важнай умовай А.Алізароўскі лічыў як згоду на шлюб паміж будучымі мужам і жонкай, так і падтрымку шлюбу бакамі, якія ўдзельнічаюць у акце шлюбавання, гэта значыць, што фактычны бок шлюбу разглядаўся ім адпаведна канцэпцыі рымскага права, Статутам, свецкаму і царкоўнаму заканадаўству.

Гэта сціслы выклад сутнасці гуманістычных трактовак шлюбна-сямейных праблем выдатных прадстаўнікоў Рэнесансу, перадусім дзеячоў, мысляроў, асветнікаў плыні рэнесансавага гуманізму.

Другім умоўным кірункам новага ідэалагічнага руху эпохі была Рэфармацыя. Гэты рух унутры заходняй царквы адлюстраваў у своеасаблівай форме новы светапогляд. Тэарэтыкамі Рэфармацыі сталі тэолагі, якія адчувалі актуальнасць палітычных, сацыяльных і культурных працэсаў, што адбываліся ў тагачасным грамадстве.

Тым не менш, нягледзячы на Рэфармацыю, царква заставалася асноватворнай ідэалагічнай сілай грамадства. Тэалагізаванасць светапогляду не ёсць адзінай прычынай царкоўнай трактоўкі шлюбна-сямейных дачыненняў. Інстытуцыя шлюбу і сям'і як адзін з неабходных элементаў сацыяльнага жыцця на ўсім працягу развіцця хрысціянскай царквы была менавіта той інстытуцыяй, над якой царква ўсталявала сваю юрысдыкцыю, каб надаць ёй хрысціянскае асвячэнне. Таму Рэфармацыя, пераасэнсоўваючы асновы хрысціянскага вучэння, закранула і шлюбна-сямейную сферу. Да гэтай тэмы звярталіся яе знакамітыя прадстаўнікі: М.Лютэр, І.Меланхтон, Ж.Кальвін, Т.Мюнцэр, У.Цвінглі, С.Будны, А.Валян ды інш.

Рэфармацыйны рух унёс шмат новых ідэяў у традыцыйна-царкоўную сярэднявечную трактоўку шлюбна-сямейных дачыненняў. Даследнікі вызначаюць, што "Рэфармацыя, якая нават у сваёй памяркоўнай лютэранскай плыні адмаўляла цэлібат і замахвалася на афіцыйную каталіцкую этыку і мараль, унесла свой уклад у расхістванне манагамнай сям'і" (Чистозвонов, 1963, с. 71). М.Лютэр не адмаўляў палігаміі, але, як высветлілася пад час Сялянскай вайны ў Нямеччыне, калі гэтую ідэю спрабавалі ператварыць у рэальнасць, стаў разглядаць яе як прывілей для арыстакратычных пластоў грамадства і адхіліў ейнае практычнае здзяйсненне ў Мюнстэры.

Аднак погляды М.Лютэра на шлюб як на натуральную з'яву, якой супярэчыць інстытуцыя цэлібату, адпавядалі не толькі духу часу, але і рэаліям жыцця.

Ідэі памяркоўнай Рэфармацыі знайшлі практычнае ажыццяўленне ў пратэстанцкіх афіцыйных дактрынах. Радыкальнае развязанне гэтых праблем атрымала адзінае выразнае сацыяльнае ўвасабленне пад час паўстання ў Мюнстэры і ўтварэння Мюнстэрскай камуны (зачыненыя секты ў Чэхіі, Маравіі і г.д. не мелі таго сацыяльнага фону, на якім маглі б рэалізавацца ва ўсім аб'ёме ідэі радыкалаў).

Падзеі ў Мюнстэры сталіся гістарычна значнымі, бо праз іх узнікла меркаванне, якое яднала пазнейшых камуністаў з рэвалюцыйнымі анабаптыстамі XVI ст. у намеры ўвесці поруч з супольнасцю маёмасці і агульнасць жонак (Чистозвонов, 1963, с. 64-90).

Перш чым звярнуцца да падзей у Мюнстэры, неабходна адзначыць найважнейшыя моманты ў тэарэтычнай трактоўцы шлюбна-сямейных праблем радыкальнымі рэфарматамі. Ужо ў XIII ст. у асяроддзі радыкальных гератычных плыняў узнікла адмаўленне афіцыйнай манагамнай маралі і проціпастаўленне ёй свабоды полавых сувязяў на падставе ўяўленняў пра манагамную сям'ю як пра першую форму сям'і, заснаваную не на прыроднай, а на эканамічнай аснове. Пазней найбольш яскрава гэта праявілася ў табарытаў, якія адмаўлялі, апрача таго, інстытуцыю цэлібату, уведзеную ў XI ст., бо яна, з іхнага гледзішча, ёсць устанаўленнем чалавечым, а не Божым. У той жа час падкрэслівалася, што шлюб - найлепшая школа вернасці, любові і гатоўнасці да ўзаемадапамогі, увасабленне еднасці хрысціян у супольні вернікаў.

Агульныя маральна-этычныя погляды радыкальных рэфарматаў зрабілі ўплыў на вызначэнне шлюбна-сямейных праблем, на абгрунтаванне маральна-этычных прынцыпаў шлюбу духам і літарай Святога Пісьма і катэгарычным адмаўленнем шлюбаў з іншаверцамі, бо шлюб - гэта ўзаемны духоўны пошук шляхоў выканання Божых наказаў. Практычнае ажыццяўленне гэтых ідэяў было вельмі разнастайным у розных плынях радыкальнага крыла Рэфармацыі: табарытаў, анабаптыстаў, арыянаў, сацыніянаў ды іншых кірункаў антытрынітарызму. Адзначана, што чым радыкальнейшая секта, тым больш яна імкнулася наблізіцца да старажытнахрысціянскіх супольняў у трактоўцы шлюбу і сям'і (Чистозвонов, 1963, с. 71-77).

Узяўшы ўладу ў Мюнстэры, рэвалюцыйныя анабаптысты спрабавалі ператварыць у рэальнасць абстрактны тэалагічны ідэал "царства Хрыстовага на зямлі". Гэта з'явілася абгрунтаваннем знішчэння ўсіх феадальных інстытуцый: прыватнай уласнасці, станавасці, манагамнай сям'і і г.д., а таксама перабудовы сямейных дачыненняў адпаведна Святому Пісьму. Палажэнні рэформы шлюбна-сямейнай інстытуцыі былі выкладзены ў Эдыкце за 23 ліпеня 1535 г. Паводле яго дазвалялася ўступленне ў шлюб з некалькімі здольнымі да дзетараджэння жанчынамі і дарослымі дзяўчатамі. Разам з тым законным лічыўся паводле Эдыкта толькі шлюб пры ўзаемнай згодзе бакоў, калі ж злучэнне ў шлюб адбылося супроць волі жанчыны, дык яго можна было скасаваць у ратушы. Эдыкт прадугледжваў не агульнасць жонак, а сям'ю з некалькімі жонкамі, адначасова пазашлюбныя сувязі караліся смерцю. Асаблівасцю мюнстэрскай палігаміі ёсць яе спалучэнне з сямейным патранатам мужчын над састарэлымі, хворымі або няздольнымі да дзетараджэння жанчынамі, бо шлюб з апошнімі лічыўся плоцевым і супярэчыў наказам Божым.

Даследнікі адзначаюць перайманне прынцыпаў старазапаветнай патрыярхальнай сям'і і характарызуюць гэтую рэформу як вонкавую даніну тэалагічнай форме мыслення. Рэстаўрацыя нормаў старазапаветнай юдэйскай сям'і ў дадзеным выпадку павінна была тэарэтычна прывесці жанчыну да становішча рабыні. На практыцы, наадварот, захавалася рэальная роўнасць у працы і заробках, што прынесла жанчыне больш самастойнасці (Чистозвонов, 1963, с. 78-80).

Мюнстэрская камуна ўяўляе сабою своеасаблівы эксперымент. У аспекце шлюбна-сямейных праблем яе досвед можна разглядаць перадусім як умову, што неабвержна кампраметуе ўсю анабаптысцкую дактрыну, яе маральна-этычныя прынцыпы. Асобныя даследнікі лічаць гэтую з'яву гістарычна апраўданай, яна сталася асаблівым момантам у працэсе ломкі ўсіх феадальных інстытуцый. Прычынамі шлюбна-сямейных рэформаў называюць складаныя дэмаграфічныя ўмовы ў Мюнстэры пад час паўстання.

Некаторыя палажэнні анабаптызму, такія, як непрыняцце шлюбу на падставе ганебнага разліку, крытыка цэлібату, "надта незалежнага" становішча жанчын, сустракаюцца ў працах беларускіх грамадскіх дзеячоў і прыхільнікаў Рэфармацыі М.Літвіна, А.Валяна ды інш., але яны не прапагандуюць патрыярхальнай старазапаветнай сям'і. Наколькі такі досвед супадаў з агульным поглядам на праблемы шлюбу і сям'і ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, бачна з спецыяльных даследванняў: "У сапраўднасці маральна-этычны погляд анабаптызму, улучаючы тэорыю сям'і, уяўляў сабой у дачыненні да Нямеччыны, Нідэрляндаў, Англіі і г.д. маральна-этычны кодэкс пэўнай часткі рэвалюцыйнага плебейства і сялянства таго перыяду. У такіх выпадках вузкія рамкі сектанцкай ізаляцыі часова пашыраліся і анабаптысцкія секты ўліваліся ў агульную плынь народнай рэфармацыі" (Чистозвонов, 1963, с. 87). З гэтага можна зрабіць выснову, што ў краінах Паўночнага Адраджэння ў асяроддзі радыкальнага крыла Рэфармацыі ў пэўныя адрэзкі часу (для Беларусі - другая палова XVI ст.) існавалі аналагічныя погляды на шлюб і сям'ю.

Выказанае вышэй меркаванне пацвярджае беларускі даследнік С.Падокшын, які прыходзіць да высновы, што сярод радыкальных рэфарматаў Беларусі былі не толькі папулярныя тыя ж прынцыпы шлюбна-сямейных дачыненняў, але існавала таксама мноства паслядоўнікаў мюнстэрскіх анабаптыстаў - М.Чаховіц, Л.Крышкоўскі ды інш. (Подокшин, 1970, с. 36, 37, 67-68). Арыяне тут прапаведвалі "...мнагажонства, супольнасць маёмасці, непавагу да ўладаў, судоў і станаў. Антытрынітарыі ў Беларусі адмовілі сакрамент злучэння ў шлюб, увялі ў супольнях цывільны шлюб і прызналі развод, а таксама роўнасць жанчын і мужчын у супольні, дапушчэнне жанчын да пропаведзяў і выступленняў з катэдры" (Подокшин, 1970, с. 125).

Адзін са знакамітых прадстаўнікоў Рэнесансу ў Беларусі С.Будны, гуманіст і лідэр памяркоўнай плыні Рэфармацыі, у сваіх працах, найперш у "Катэхізісе", значнае месца адвёў шлюбу, дыскусіі аб грэшнасці і богаўгоднасці шлюбу [24].

С.Будны тлумачыў богаўгоднасць шлюбу і сям'і як адпаведнасць іх маральна-этычным і сацыяльным каштоўнасцям хрысціянскага вучэння. Асноўнае месца ў яго працы адведзена праблеме стасункаў шлюбу і грэшнасці, бо царкоўная догма з такіх з'яваў, як манаства, зарок бясшлюбнасці, скапецтва, аддавала перавагу бясшлюбнасці як ідэалу служэння Богу. Такую трактоўку С.Будны лічыў зманам, які вынікае з трох памылак. Ён пісаў: "Першая памылка іх (праціўнікаў шлюбу. - Г.Дз.) у тым, што яны не хочуць жыць свабодна ў цнатлівасці, але даюць зарок" [24, арк. 27-27 адг.]. Вучоны-гуманіст імкнуўся звязаць зарок з натуральнымі патрэбнасцямі і сацыяльнай каштоўнасцю канкрэтнага чалавека. "Вялікая небяспека абяцаць Богу звыш таго, што ёсць у тваёй уладзе, - пісаў ён. - Ці інакш робяць тыя..., што кляліся б ніколі не спаць і не есці" [24, арк. 28 адг.-29]. З прычыны натуральных супярэчнасцяў многія, "баючыся зняць зарок, жылі ў распусце, не лічачы гэта за грэх" [24, арк. 30-30 адг.]. У гэтым сэнсе, паводле меркавання Буднага, яны грашаць дваяка: па-першае, даюць зарок цнатлівасці, якога ім Бог не даў і абяцаць не загадваў. Затым, па-другое, грашаць, паколькі абяцанні не выконваюць, але "замест цнатлівасці твораць распусту" [24, арк. 29 адг.].

Сваю пазіцыю мысляр імкнуўся прывесці ў адпаведнасць з прынцыпамі асабістай веры і асабістых магчымасцяў. "Цнатлівасць добра, - зазначаў ён, - але не па прымусе, а па добрай волі, не па зароку. Таму і Хрыстос не сілай загадвае быць скапцом, але хто можа" [24, арк. 30 адг.].

Другі памылковы погляд, паводле С.Буднага, палягае ў тым, што манахі і скапцы, адмовіўшыся ад шлюбу, самым сваім становішчам "спадзяюцца на вечнае жыццё" [24, арк. 31 адг.]. Ён лічыў, што само па сабе манаства або скапецтва не адкрываюць дарогу да выратавання або царства Божага, а толькі ствараюць умовы для асаблівай дзейнасці ў імя найвышэйшых маральных ідэалаў і богаўгодных справаў. "Цнатлівасць, - пісаў філосаф, - дар Божы вельмі каштоўны, але не для апраўдання, як мяркуюць манахі, і не для адпушчэння грахоў, але каб чалавек быў вольны і гатовы да ўсялякай добрай справы" [24, арк. 32]. Пры гэтым, лічыў ён, манахі і скапцы толькі аблягчаюць для сябе шлях да выратавання, бо "жанатаму значна цяжэй бывае, калі на яго пачынаюцца ганенні і ўсялякі смутак або клопаты, чым нежанатаму" [24, арк. 32 адг.]. І ў гэтым сэнсе ўчынкі і дзеянні жанатага атрымліваюць асаблівую перавагу.

Апошняя выснова звязана з ацэнкай С.Будным трэцяй памылкі "цяперашніх манахаў", якія "лічаць цнатлівасць больш вартай перад тварам Бога, чым шлюб" [24, арк. 34-34 адг.]. Пярэчачы артадаксальным тэолагам і спасылаючыся на апостала Паўла, ён піша, што ёсць розніца паміж дзяўчынай і замужняй жанчынай, але вось як апостал Павел разумее такое адрозненне: "незамужняя клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра людское, як дагадзіць мужу". У гэтым, падкрэсліў ён, адрозненне паміж дзяўчынай і жанчынай, а не ў тым, што падразумяваюць манахі. Але С.Будны піша: "Асцерагайцеся таго, каб захоўваць цнатлівасць для таго, каб Богу быць мілей, чым жанатыя. І калі ўзяў жонку, не сумнявайся і не думай, што ты ад гэтага перад Богам заплямлены або не мілы яму. Бо піша Апостал: сумленная жаніцьба пасцель не апаганьвае, а распуснікаў і пералюбнікаў Бог асуджае" [24, арк. 34 адг.].

Такім чынам, погляды рэфарматаў на каштоўнасць шлюбу і сям'і ў Беларусі спрыялі ўмацаванню інстытуцыі шлюбу і зняпраўджвалі сярэднявечную царкоўную ўстаноўку на бясшлюбнасць як ідэал.

Рэфармацыя, як вядома, паслабіла сацыяльна-палітычныя і праўныя пазіцыі каталіцкай і ўскосна праваслаўнай царквы ў грамадстве і дзяржаве. З другога боку, умацаванне дзяржаўнага рэгулявання, стварэнне развітой сістэмы свецкага пісанага права непазбежна ставілі пытанне пра асэнсаванне ролі і значэння сямейнага права ў агульнай сістэме права. У выніку і ў практычным, і ў тэарэтычным плане назіралася перамяшчэнне акцэнтаў з маральна-рэлігійнага разумення шлюбна-сямейных дачыненняў да іх дзяржаўна-праўнага, сацыяльнага тлумачэння, хоць абодва аспекты яшчэ доўгі час своеасабліва перапляталіся ў грамадскай свядомасці, ідэалагічных плынях і судовай практыцы.

Заслугоўваюць увагі погляды вядомага ідэолага Рэфармацыі ў Беларусі А.Валяна. Шэраг катэгорый і паняццяў шлюбна-сямейнай этыкі ён разглядаў як праўныя ўстанаўленні, прынцыпы справядлівага, высокагуманнага сацыяльнага жыцця.

Галоўнае патрабаванне А.Валяна да права - аўтарытэт і сіла закону павінны быць скіраваныя на барацьбу і ўтаймаванне заганаў чалавечай прыроды, абарону трываласці шлюбу і сям'і. У сувязі з гэтым ён заўзята крытыкаваў заканадаўцу за адсутнасць праўных нормаў, якія прадугледжваюць жорсткае пакаранне за пералюбства, бо гэтае злачынства па сваім цяжары ідзе "ўслед за забойствам", прычыняе страты сям'і, што прыводзіць да гібелі дзяржавы (у Статут 1588 г. улучаны адпаведныя нормы). Адначасова А.Валян асуджаў пагоню за багатымі нявестамі, што нявечыць сацыяльныя стасункі і маральнае аблічча людзей. Таму ён прапаноўваў заканадаўцам абмежаваць памеры пасагу нявесты (Wolбn, 1859, s. 5, 54, 73, 76).

Да праблем шлюбна-сямейных дачыненняў звярталіся не толькі ідэолагі Рэфармацыі, але і Контррэфармацыі, якая ў Беларусі становіцца актыўнай сілай пры канцы XVI ст. Яе выдатны прадстаўнік і асветнік П.Скарга ў сваіх шматлікіх працах аддаваў гэтай праблеме значную ўвагу. Ён, напрыклад, даволі паэтычна выказваўся пра выхаванне дзяцей: "Філосафы гаварылі, што прырода дае нам толькі іскаркі дабрадзейнасці, якія гаснуць, калі іх не паддзімаць, а калі мы дадаем і ветру, і дроў, гэта значыць набожнага практыкавання, то падымаецца прыгожы і вялікі агонь. На пустой табліцы зручна пісаць, што хочаш, на запэцканай цяжка" (Skarga, 1912, s. 52). П.Скарга звязваў стабільнасць дзяржавы і царквы з трываласцю сям'і: "Вялікая бестурботнасць бацькоў, чым ствараюць яны сур'ёзную небяспеку Божаму касцёлу, Рэчы Паспалітай, сабе і дому свайму. А не бачаць, што ад гэтага залежыць: каб касцёл меў добрых капланаў, і дзяржава суседзяў, і дамы каб не гінулі - усё гэта ідзе ад пачатку і ад выхавання" (Skarga, 1912, s. 52).

Як адзначалася, своеасаблівасць эпохі Рэнесансу ў нашай краіне выявілася ў рэфармацыйна-гуманістычных грамадска-духоўных феноменах (Ф.Скарына, М.Літвін, М.Гусоўскі, А.Валян, В.Цяпінскі, Л.Сапега, М.Сматрыцкі, С.Будны, П.Гоняд, М.Чаховіц, Я.Каліноўскі ды інш.). Рэфармацыя праявілася ў дзейнасці не толькі новых культаў, але і брацтваў (брацкіх школ), у працах пісьменнікаў-палемістаў братоў Зізаніяў, Крыштафа Філялета ды інш. Спецыфіка Рэнесансу - у непадзельнасці гуманізму і ранняй Рэфармацыі, што садзейнічала распаўсюджанню гуманістычнага руху сярод шырокіх пластоў грамадства. Калі ў Заходняй Эўропе ўвесь гуманістычны рух быў элітарным, а Рэфармацыя, асабліва на першым этапе, - ідэалогіяй сярэдняга бюргерства, дык у Беларусі гуманізм і ранняя Рэфармацыя закранулі, па сутнасці, усе грамадскія пласты - як вярхі, так і нізы.

Рэфармацыйны рух у нашай краіне, узыходзячы да гуманізму, жывячыся яго вытокамі, на працягу XVI ст. быў узаемазвязаны са свецкімі інтарэсамі і патрэбамі грамадства. З XVII ст. Рэфармацыя тут адыходзіць ад рэнесансавых традыцый, развіваючыся на рэлігійных ідэях. Пры гэтым носьбітамі патэнцыялу рэнесансава-гуманістычнай думкі сталі брацтвы, якія існавалі больш на агульнаасветніцкай, чым на канфесійнай аснове.

Першыя брацкія школы ўзніклі ў Вільні, Крычаве, Менску, Берасці, Магілеве, Горадні, Полацку, Воршы, Віцебску, Слуцку ды іншых гарадах у другой палове XVI ст. як асветніцкія, дабрачынныя арганізацыі. У склад брацтваў, якія ствараліся галоўным чынам вакол цэркваў і кляштараў, уваходзілі рамеснікі, гандляры, людзі з іншых сацыяльных пластоў. Мэтаю гэтых арганізацый было стварэнне школ, развіццё асветніцтва, што шчыльна звязана з рэнесансава-гуманістычным і рэфармацыйнымі рухамі. З распаўсюджаннем кальвінізму было звязана адкрыццё Віленскай кальвінісцкай школы, дзе ў 1558-1560 гг. выкладаў Сымон Будны. У Полацкай брацкай школе выкладаў Сімяон Полацкі, у Берасцейскай (1592 г.) і Віленскай (1592-1600 гг.) - Лаўрэн Зізаній, які выдаў буквар і граматыку, рэктарам Івейскай арыянскай школы ў 1585 г. быў Ян Ліцыній Намыслоўскі, аўтар дапаможніка па арыстотэлеўскай логіцы (1586 г.).

Агульнаэўрапейская культурная місія ідэалагічных плыняў гуманізму і Рэфармацыя забяспечылі не толькі магчымасць навучання эліты ў розных універсітэтах Эўропы (для беларусаў гэта перадусім Карлаў універсітэт у Празе і Ягелонскі ў Кракаве, універсітэты ў Вітэнберзе, Гайдэльберзе, Караляўцы і, вядома, у Падуі). Рэнесансава-асветніцкі рух закрануў і шырэйшыя пласты грамадства, аб чым сведчыць дзейнасць "Супольні чэшскіх братоў", што падтрымлівала сувязі з кальвінісцкімі школамі.

Непасрэдны ўдзел у дзейнасці брацтваў браў на пачатку XVII ст. знакаміты педагог Эўропы Ян Амос Каменскі. Князь Багуслаў Радзівіл запрашаў яго для навуковай працы ў свой замак і прапаноўваў для гэтых мэтаў укладальніку "Вялікай дыдактыкі" чацвертую частку сваіх даходаў. Тут працаваў вучань Я.Каменскага Адам Гартман, распаўсюджвальнікам ідэяў вялікага педагога быў Сімяон Полацкі. Сістэма поглядаў Я.Каменскага на сям'ю, выхаванне дзяцей лагічна завяршыла гуманістычную педагагічную тэорыю XV-XVI стст. Я.Каменскі напісаў першы дапаможнік для сямейнага выхавання "Мацярынская школа" (1632 г.) (Коменский, 1982, с. 201-204), у якім высока ацаніў ролю сям'і ў грамадстве, а жанчыны - у сям'і і дзяржаве.

Відавочна, што ў эпоху Рэнесансу існавалі разнастайныя і даволі супярэчлівыя канцэпцыі па праблемах шлюбу, сям'і, іх сувязі з грамадствам. У гэтых супярэчнасцях адлюстраваліся пошукі і абгрунтаванне новай трактоўкі шлюбна-сямейных дачыненняў, што адпавядалі неаднастайнай ідэалогіі таго складанага перыяду пераходу грамадства да новай ступені культуры.

Рэнесансавы светапогляд разглядае чалавека і яго працу як аснову росквіту сям'і і дзяржавы, здольную зрабіць свет разумным і гарманічным.

Такім чынам, у XVI ст. у Беларусі атрымалі развіццё новыя погляды і канцэпцыі праўнага рэгулявання сямейных дачыненняў, якія мелі не толькі чыста ідэалагічнае значэнне, але і стварылі тэарэтычныя асновы развіцця інстытуцый сямейнага права ў Беларусі.

Дата публікацыі: 18.12.2007

Каментары чытачоў
кася напiсаў(ла) 20.04.2008 14:20

зараз вясельны абрад спрошчаны,што,канешне,не дадае яму прыгажосці.цікава,ці шмат вяселляў робіцца па старадаўніх звычаях?

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.






Увядзіце код