Г. Дзербіна - Права і сям'я ў Беларусі эпохі Рэнесансу
- Уступ
- Роля інстытуцый шлюбу і сям'і ў беларускім грамадстве
- –Праблемы шлюбу і сям'і ў ідэалагічных плынях Рэнесансу
- –Сацыяльна-эканамічныя ўмовы развіцця сям'і
- Юрыспрудэнцыя Рэнесансу і праўная сістэма Беларусі
- –Агульная характарыстыка
- –Школы права
- –Праўная сістэма Вялікага Княства Літоўскага
- –Крыніцы шлюбна-сямейнага права
- ––Агульныя палажэнні
- ––Асноўныя крыніцы
- ––Субсідыярныя крыніцы
- Формы шлюбу, іх эвалюцыя. Рэгуляванне шлюбу і яго скасавання
- –Формы шлюбу паводле звычаёвага права
- –Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам
- –Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве
- –Пытанні спынення шлюбу ў кананічным і свецкім праве
- ––Прычыны спынення шлюбу паводле кананічнага (царкоўнага) права
- ––Свецкі закон і скасаванне шлюбу
- Праўнае рэгуляванне маёмасных дачыненняў у сям'і
- –Пасаг як маёмаснае забеспячэнне правоў жанчыны
- –Інстытуцыя забеспячэння жанчыны - вена
- –Спадчынныя дачыненні ў сям'і
- –Апека як інстытуцыя аховы сямейных інтарэсаў
- –Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных справах
- Заканчэнне
- Тлумачальны слоўнік
- Крыніцы
- Даследванні
–Школы права
Рамана-германская праўная сям'я пачала складвацца з XII-XIII стст. і пазней уяўляла сукупнасць праўных сістэм краінаў кантынентальнай Эўропы, якія мелі аднолькавыя галоўныя элементы права, сфармаваныя на падставе рымскай юрыспрудэнцыі. Адзінства праўнай сям'і склалася з такіх элементаў права, якія ёсць сталымі і не могуць быць змененыя заканадаўцам, таму што звязаны з развіццём "цывілізацыі і мыслення..." (Давид, 1988, с. 39). Да гэтых элементаў даследнікі далучаюць спосабы выпрацоўкі праўных нормаў, іх сістэматызацыі і тлумачэння.
Агульнасць рамана-германскай праўнай сям'і грунтуецца на аднолькавым разуменні нормы права як нормы паводзінаў, якую фармуе дактрына або заканадаўца, а таксама на ўжыванні агульнай тэрміналогіі і агульнай структуры і паняццяў. Гэтая праўная супольнасць сфармавалася на аснове навукі права (яе дактрыны), што ўзнікла ў выніку вывучэння знакамітай кадыфікацыі рымскага права імператара Юстыніяна (Corpus Iuris Civilis) у італьянскіх універсітэтах XI-XIV стст. і пачала свой шлях па ўсіх адукацыйных эўрапейскіх цэнтрах.
Выкарыстанне ў XI-XIII стст. у эўрапейскіх універсітэтах менавіта рымскага права пры распрацоўцы дактрыны тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, галоўная ідэя рымскіх юрыстаў пра справядлівае і разумнае права як аснову існавання грамадства і дзяржавы добра дастасоўвалася да працэсу пераадолення феадальнай раздробленасці і анархіі, з якім сутыкнуліся тагачасныя краіны Эўропы. Па-другое, рымскае права ўяўляла дасканала распрацаваную сістэму і было на той час недасягальным узорам для эўрапейскіх краінаў з несістэматызаванымі зборнікамі звычаёвага права. Як тады, так і сёння лічыцца, што "Рымская імперыя зазнала бліскучую цывілізацыю. Рымскі геній стварыў юрыдычную сістэму, якая не мела прэцэдэнтаў у свеце" (Давид, 1988, с. 51). Імперыя, што знікла ад навалы варвараў, пакінула каштоўную праўную спадчыну, якая была выкарыстана нашчадкамі для пабудовы эўрапейскай цывілізацыі ў Сярэднявеччы і Новым часе. Па-трэцяе, лацінская мова рымскага права была агульнай міжнароднай мовай Сярэднявечча.
Такім чынам, рымская юрыспрудэнцыя ёсць пачаткам юрыдычнай навукі для рамана-германскай праўнай сям'і. Дактрына права развівалася ў эўрапейскіх універсітэтах, таму часта яе называюць універсітэцкім правам. Праўная навука Сярэднявечча не вывучала практычнага заканадаўства, бо ў тыя часы яно існавала ў выглядзе зборнікаў звычаяў, розных для кожнай мясцовасці, якія ўжываліся судамі. Юрыдычная навука распрацоўвала метады стварэння дасканалых нормаў права ў сувязі з новымі філасофскімі ведамі. Універсітэцкае права сфармулявала асноўныя прынцыпы і вылучыла заканамернасці праўнага развіцця грамадскага жыцця. Навука ў выглядзе прынцыпаў дала асновы, паводле якіх развіваліся і дзейнічалі праўныя сістэмы краінаў рамана-германскай праўнай сям'і на падставе іх агульнай культурнай супольнасці (Robinson et al., 1994, p. 42-56).
Як вядома, падабенства культуры эўрапейскага кантынента фармавалася праз аднолькавы гістарычны тып грамадства, агульнасць філасофскай думкі і ўніверсітэцкай адукацыі. Праўная навука ў Сярэднявеччы мела наднацыянальны характар, але разам з тым уплывала на фармаванне нацыянальнага заканадаўства праз дзейнасць юрыстаў з аднолькавай універсітэцкай адукацыяй, якія распрацоўвалі заканадаўства ў сваіх краінах, тлумачылі і ўжывалі закон. Таму лічыцца, што дактрына і судовая практыка ў Сярэднявеччы стварылі, а пазней удасканалілі нацыянальныя праўныя сістэмы эўрапейскіх краінаў.
Навука права (дактрына) рамана-германскай праўнай сям'і ў сваім развіцці мела некалькі кірункаў і этапаў, якія адлюстроўвалі працэсы эвалюцыі феадальнага права і грамадства.
Пачатак навуковых распрацовак быў пакладзены ў XI ст. школай права гласатараў, пазней каментатараў, а затым у XVI ст. школай гуманістаў.
Школа права гласатараў узнікла ў XI ст. у Балонні (Італія) з ідэі апрацоўкі старажытнага рымскага права ў выглядзе глос (заўваг, якія рабіліся па тэксце закону). Глосы аб'ядноўвалі палажэнні паасобных нормаў і давалі ўяўленне пра змест і сістэму рымскага права. Такім чынам, гласатарам упершыню ў Сярэднявеччы ўдалося авалодаць усім матэрыялам раней страчанага права. Гласатары адкрылі разуменне старажытнай рымскай юрыспрудэнцыі для навукі права (Аннерс, 1994, с. 158-168; Виноградов, 1910; Стоянов, 1862).
Гласатары займаліся толькі навуковай дзейнасцю па вывучэнні і тлумачэнні рымскіх крыніц. Заснавальнікам школы ў Балонні лічыцца Ірнэрыюс (1055-1130). Пазней, у XII ст., склалася навуковая суполка "Чатырох дактароў", у якую ўваходзілі вядомыя юрысты Булгарус, Марцінус, Хуга, Якобус. У XIII ст. вядучымі прадстаўнікамі школы былі такія навукоўцы, як Азо і Акурсіюс. Найаўтарытэтнейшыя прадстаўнікі школы займалі ў XII-XIII стст. дзяржаўныя пасады імператарскіх юрыстаў. Аўтарытэт школы гласатараў у Балонні выклікаў вялікі наплыў студэнтаў у Балонскі ўніверсітэт, дзе адначасова тады навучаліся блізу 10 тысяч студэнтаў-юрыстаў з усёй Эўропы (Аннерс, 1994, с. 168-175).
Школа права каментатараў, або постгласатараў, прыйшла на змену гласатарам. Вядомымі яе прадстаўнікамі былі Цінус дэ Пістоя (сябар Дантэ, Петраркі), Бартола дэ Сасафэрата і Бальдус дэ Убальдзіс (Kelly, 1994, p. 122). Яны пераклалі дэфініцыі старажытнарымскага права на мову Сярэднявечча, стварылі "жывое" рымскае права, якое можна было выкарыстоўваць практычна, а таксама агульнае эўрапейскае практычнае прыватнае права на аснове рымскай сістэмы. Упершыню ў Сярэднявеччы ўніверсітэцкая дактрына і практычнае заканадаўства задзіночыліся пад уплывам каментатараў (яны аб'ядналі рымскае права, статутавае права ламбардскіх гарадоў і кананічнае права). Каментатары першыя далі рымскаму праву (як агульнаму) практычнае выкарыстанне.
Прадстаўнікі гэтай школы прыстасавалі рымскае права да феадальнай сістэмы грамадства. Ім належыць распрацоўка такіх новых інстытуцый, як права валодання (dominium directum) і падпарадкаванага права валодання (dominium utile). Гэтыя інстытуцыі сталіся асновамі развіцця феадальнага (леннага) права. Дактрына аб раздзельным валоданні дала магчымасць рэгуляваць феадальныя дачыненні і стварыць праўныя канструкцыі для гандлёвага права (Robinson et al., 1994, p. 59-68).
Каментатары распрацавалі інстытуцыю юрыдычнай асобы (рымскае права не мела вызначанай дактрыны юрыдычнай асобы). Школа прыстасавала рымскае права да практычнага выкарыстання і абвясціла прынцып: "Дзе адсутнічае мясцовы закон, там ужываецца агульнае (г.зн. рымскае) права" ("Ubi cessat statum habet locus commune").
Школа права гуманістаў узнікла ў XVI ст. пераважна ў французскай і германскай навуцы. Галоўным дасягненнем гэтай школы было тое, што яна ўпершыню абгрунтавала перавагу пазітыўнага права (закону). Школа распрацавала дактрыну абавязковай сістэматызацыі права і канцэпцыю неабмежаванага суверэнітэту (nurum imperium) - аснову развіцця абсалютнай манархіі. Паводле гэтага вучэння мясцовы закон, створаны на дасягненнях навукі права, набываў дзяржаўную моц. Прадстаўнікі элегантнай юрыспрудэнцыі (так звалі школу за карыстанне лацінаю Цыцэрона як ідэала юрыдычнай пісьменнасці) - А.Альцыятус, Г.Будасус (Будэ), Я.Куяцыюс, Я.Готафрэдус, Данэл (Аннерс, 1994, с. 178-182; Robinson et al., 1994, p. 166-174).
Названыя школы ўзніклі дзеля вывучэння старажытнага рымскага права ва ўніверсітэтах Эўропы і стварылі адзіную падставу для агульнаэўрапейскай праўнай навукі. Гласатары распрацавалі дагматыку права; каментатары, абгрунтаваўшы ролю дактрыны, прынцыпаў права як асновы для фармавання судовай практыкі, забяспечылі адпаведнасць права патрэбам тагачаснага грамадства; гуманісты абгрунтавалі прыярытэт закону як крыніцы права і спрыялі працэсам цэнтралізацыі дзяржаваў і стварэнню ў іх сістэмаў уніфікаванага нацыянальнага заканадаўства. Такім чынам, развіццё права ў краінах кантынентальнай Эўропы мела агульны падмурак у выглядзе класічнай рымскай сістэмы права (пазней дапоўненай нямецкім правам). Дасягненні рымскай і нямецкай юрыспрудэнцыі стварылі будынак эўрапейскага права, якое вызначаецца ў юрыспрудэнцыі як рамана-германская праўная сям'я.
зараз вясельны абрад спрошчаны,што,канешне,не дадае яму прыгажосці.цікава,ці шмат вяселляў робіцца па старадаўніх звычаях?
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.